Выбрать главу

У Вялікае княства ён вярнуўся ў тысяча пяццот трыццадь чацвёртым годзе ад нараджэння Хрыстовага. Якраз тады ў маскоўскай турме памёр князь Міхайла Глінскі, на кароткі час узняўшыся да вяршыняў улады і ўпаўшы адтуль апошні раз.

Бацька Андрэеў да таго часу памёр, а старэйшы брат зусім не ўзрадаваўся вяртанню малодшага. Грошы, якія ён прывёз з Мексікі, зрабілі ўражанне на аднаго панка з Аршанскага павета, і той аддаў за яго сваю адзіную дачку-прыгажуню. Дзяцей Андрэй з ёю не меў. Маючы некалькі вёсак, жыў, да самага канца свайго жыцця ніколі нікога не пакрыўдзіўшы і не забіўшы. Стаў зусім маўклівы, нібы словы, якія заўсёды жылі ў ім і імкнуліся вонкі, памерлі разам з душою. Як і некалі князь Міхайла, ён прыняў праваслаўе, здрадзіўшы веры бацькоў у спробе пачаць новае жыццё. Кажуць таксама, што ён прывёз нейкія брудныя тлустыя камякі і прымушаў хлопаў садзіць іх у глебу, разрэзаўшы перад тым на кавалкі. 3 кавалкаў вырастала дзівосная тоўстая трава, на якой спелі чорныя суніцы. Суніцы тыя Андрэй забараняў есці. А есці загадаў, зварыўшы, тлустыя камякі, якія хаваліся ў глебе, прычапіўшыся да каранёў травы. Але елі, толькі пакуль загадваў, а калі не бачыў, пляваліся гэткім брудам і мылі раты півам. Што заставалася ад травы, мерзла ўзімку, а камякі ішлі цвіллю, і хутка пра ўсё гэта памяталі адно як пра глупства добрага пана: шмат вандраваў чалавек, дык звар’яцеў. Дый ад мясцовага папа пайшла чутка, што на споведзі пан распавёў пра сваю мёртвую душу, плакаў і казаў, што ўсе мовы памерлі разам з душой і ён не адчувае сэнсу нават у тым, што кажа цяпер. I што сам хутка памрэ.

Памёр Андрэй, трымаючы ў правай руцэ агнусек, а ў левай цаўё бацькавай карабелы.

Карабелу нотым старэйшы брат прадаў за некалькі талераў, бо пацёрлася і паабдзіралася за гады, дый чамусьці пасля Андрэевай смерці адразу пачала іржавець.