Выбрать главу

А зроблена І. Навуменкам за 80 гадоў яго жыцця так многа, што дзіву даешся. Да сёлетніх Рэспубліканскіх навуковых чытанняў, прысвечаных Івану Навуменку, прымеркавана ажно 52 даклады. А былі ж яшчэ выступленні і даклады, не пазначаныя ў друкаванай праграме чытанняў. І ва ўсіх выступоўцаў, хоць гаварылі яны пра аднаго чалавека, было што сказаць.

Я таксама хачу дадаць свае тры грошыкі ў агульную скарбонку, бо ў 1964—1972 гадах працаваў разам з ім на адной кафедры. Гутарка ідзе пра кафедру беларускай літаратуры БДУ. Калі я прыйшоў сюды, І. Навуменка быў дацэнтам, але ўжо нацэльваўся на доктарскую дысертацыю. У 1969 годзе ён узначаліў гэтую кафедру. Так што я тры гады хадзіў пад яго непасрэдным кіраўніцтвам.

А яшчэ ў 1967 годзе І. Навуменка разам з А. Лойкам і Ф. Куляшовым, загадчыкам кафедры рускай і класічнай літаратуры, абаранілі мяне ад паклёпніцкіх нагавораў, якія пагражалі звальненнем з працы з вельмі непрыемным палітычным ярлыком. Такія ярлыкі і тады ламалі людскія лёсы балюча і надоўга. Пра тагачаснае заступніцтва І. Навуменкі, за якое я бясконца ўдзячны яму, як і Лойку ды Куляшову (ён ужо нябожчык), мне даводзілася падрабязна пісаць у аўтабіяграфіі «Жыццём ідучы...». Таму цяпер прыгадаю некалькі іншых момантаў з нашых дзелавых стасункаў, у якіх памяркоўнасць Івана Якаўлевіча, добразычлівасць да факультэцкіх калег высвечваліся пэўна і ярка.

Асабліва наглядна гэта праявілася ў час Навуменкавай працы над кнігамі пра Янку Купалу і Якуба Коласа. Гэтыя кнігі сталі этапнымі ў нашым літаратуразнаўстве. Яны друкаваліся асобнымі выданнямі ўжо два разы і цяпер запланаваны для новай публікацыі. Яны рыхтаваліся як доктарская дысертацыя Івана Якаўлевіча. Яе ён паспяхова абараніў у 1969 годзе, а праз тры гады атрымаў за гэтыя кнігі і Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.

Я меў пэўнае дачыненне толькі да выдання купалаўскай кнігі. Пад загалоўкам «Янка Купала. Духоўны воблік героя» яна выйшла ў 1967 годзе. На адвароце тытульнага ліста пазначана маё прозвішча як навуковага рэдактара.

На гэтую ганаровую місію запрасіў Іван Якаўлевіч. За даўнасцю часу я ўжо не памятаю, ці ўдакладняў хоць што-небудзь, хоць якую дробязь у аўтарскім тэксце кнігі. А тое, што яна зрабіла вельмі моцнае ўражанне, па­мятаю і цяпер. Ды пра гэта сведчыць і мая прадмова, якою адкрываецца выданне. Зразумела, што пісалася яна па просьбе Івана Якаўлевіча. Галоўны сэнс той прадмовы зводзіцца да абгрунтавання наватарскага характару кнігі, у якой Іван Навуменка ўпершыню ў нашым літаратуразнаўстве паказаў, «як выкрышталізоўвалася і паступова ўзбагачалася ў творах паэта канцэпцыя жыцця і чалавека, як змяняўся духоўны воблік купалаўскага героя на розных этапах творчага развіцця мастака» (цытата з прадмовы). Завастралася ўвага і на тым, што гаворка пра канцэпцыю чалавека, духоўны воблік героя ў Янкі Купалы вядзецца І. Навуменкам праз супастаўленне купалаўскай творчасці з творчасцю Якуба Коласа і З. Бядулі, паглыбляецца, выходзячы на шырокі літаратуразнаўчы прастор, за кошт разгляду паэзіі М. Чарота і У. Дубоўкі, М. Танка, А. Куляшова і П. Панчанкі, фактычна «становіцца даследаваннем непаўторнай мастацкай індывідуальнасці гэтых паэтаў».

Цяпер я перачытаў не толькі сваю прадмову, якую Навуменка тады ўхваліў, але і ўсю кнігу. Мушу сказаць, што мы паслядоўна трымаліся тагачасных ідэалагічных каардынатаў. Іначай, вядома, і быць не магло. Але кніга

І. Навуменкі і сёння чытаецца з цікавасцю. Найперш таму, што ў ёй ярка адлюстроўваўся свой час. Такім чынам, яна стала своеасаблівым сведчаннем пра яго, сведчаннем, як цяпер кажуць, прэзентатыўным, далёка не ардынарным. Выразна выявілася тут вялікая эрудзіраванасць даследчыка, яго глыбіннасць, якая ўрэшце вывела аўтара ў акадэмічныя шэрагі. Навуменка падаў Купалу не толькі на звыклым ужо тады беларуска-рускім фоне, але і ў грунтоўным еўрапейскім кантэксце, у якім з бездакорнай эстэтычнай чуласцю разгледжаны творчасць паэта, яго вершы і паэмы, у тым ліку драматычныя, а таксама драматургія ад «Паўлінкі» да «Тутэйшых».

Маё, канечне ж, сціплае дачыненне да кнігі пра Янку Купалу Іван На­вуменка прыняў з удзячнасцю. Ён прэзентаваў мне сваю працу з такім аўтографам: «Дарагому Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву, рэдактару і калегу, з добрымі пачуццямі павагі і ўдзячнасці. І. Навуменка. 27. ХІІ. 67».