Гэткая літаратура (яна стваралася І. Мележам, Я. Брылём, І. Шамякіным, І. Навуменкам, В. Быкавым і А. Кулакоўскім ды яшчэ цэлым шэрагам пісьменнікаў) тады прываблівала сэрцы шматлікіх чытачоў, якія шукалі ў літаратуры праўду. І. Навуменка ведаў пра ўсё гэта і па сваёй журналісцкай працы ў палескай глыбінцы, а потым і ў сталічнай «Звяздзе», і як чалавек, які з маладых гадоў прагна чытаў мастацкую літаратуру. Сваю ўласную пісьменніцкую сілу ён адчуваў добра і ганарыўся ёю.
У кнізе «Доўгая дарога дадому» Васіль Быкаў прыгадаў: «Аднойчы ў прыватнай размове за сталом ... Іван Навуменка сказаў: “Я лепшы за цябе пісьменнік, толькі ты ўмееш завастраць”. Што ж, мабыць, доктар і акадэмік меў рацыю, сапраўды ў мяне атрымлівалася востра».
Такое сцвярджэнне Івана Якаўлевіча можа здзівіць тых, хто ведае пра ўстойлівы рэзананс быкаўскай творчасці на прасторах былой савецкай краіны ад Брэста да Уладзівастока, ва ўсёй Еўропе і ў свеце. Але дзівіцца не варта, бо ў пэўным сэнсе Навуменка і праўда меў рацыю. Яго стылёвая палітра ў лепшых творах выглядае больш рознабаковай, багацейшай на эмацыянальную нюансіроўку, адкрыта выяўленую лірызацыю ў параўнанні са строгай і стрыманай, як бы нават трохі аскетычнай у сваёй суровасці быкаўскай стылістыкай, у якой звычайна няма і блізка слоўнай расквечанасці, Навуменку не чужой. Быкаў жа і сам казаў, што ён, як правіла, аддаваў перавагу «пяру аналітыка», пісьму, у якім вызначальнымі з’яўляюцца «лапідарнасць, выразнасць без лішка, нават сухасць, скупасць моўных сродкаў, якія могуць быць блізкімі толькі графіцы».
Ад гэтай звыклай, устойлівай стылёвай арыентацыі, якая была надзвычай арганічнай для суровага быкаўскага рэалізму, пісьменнік відавочна адышоў, здаецца, аднойчы — у «Альпійскай баладзе», пры паказе кахання Івана Цярэшкі і Джуліі Навелі на фоне расквітнелых альпійскіх макаў. Тут аказалася дарэчы і шчодрая эмацыянальная насычанасць аўтарскага апавядання, і непрыхавана выяўленая багатая і моцная, аж да пранізлівасці, пачуццёвасць, увогуле яркая рамантызаваная стылістыка. Словам, «Альпійская балада» паказала, што Быкаў можа быць вялікім майстрам і ў прыгожа аздобленай, ярка расквечанай рамантычнай прозе.
Але ўласцівае яму абвострана-трагедыйнае бачанне рэчаіснасці вымушала не захапляцца прыгожым расквечваннем, а ўладарна схіляла пісаць востра, бескампрамісна, ні ў чым не паступаючыся выпакутаванай ім на крутых жыццёвых дарогах, асабліва ў вайне з фашызмам, суровай і жорсткай праўдай пра чалавека і свет, якую вялікі мастак прынёс у літаратуру, сцвердзіўшы гэтую праўду з такой сілаю, што яго творы скаланулі сэрцы мільёнаў людзей. І як ахоўнікі афіцыёзнай маны і лакіровачнага прыхарошвання ні лупцавалі Васіля Быкава за бескампрамісную праўду яго твораў, ён заставаўся верным ёй да канца сваіх зямных дзён.
Няхай даруе Іван Якаўлевіч за шчырасць, але мушу прызнацца, што, рыхтуючы цяперашні артыкул, я яшчэ раз перачытаў не толькі цэлы шэраг яго мастацкіх твораў, атрымаўшы ад іх новае задавальненне, але і важкі том літаратурнай крытыкі з шасцітомніка. Многае і тут, у гэтым томе, уражвае і размахам аўтарскай думкі, і тонкасцю назіранняў, і адточанасцю стылю, і далікатнасцю, з якою робяцца некаторыя крытычныя закіды. Але даводзілася спатыкацца на тым, што Іван Якаўлевіч далучаўся да яўна несправядлівых афіцыёзных ацэнак самых вострых твораў Быкава («Мёртвым не баліць»), той жа аповесці «Дабрасельцы» А. Кулакоўскага, тэндэнцыйны разнос якой па камандзе зверху ў свой час надоўга выбіў гэтага неардынарнага мастака з творчай каляіны.
Магчыма, гэтае далучэнне да разносных афіцыйных ацэнак дыктавалася тым, што Іван Якаўлевіч быў членам бальшавіцкай партыі. І партыйная дысцыпліна, у бальшавікоў строгая, вымушала на падтрымку разноснай крытыкі лепшых, найбольш вострых і праўдзівых мастацкіх твораў. Як бы там ні было, але прыродная Навуменкава далікатнасць, яго памяркоўнасць і добразычлівасць у такіх выпадках не спрацоўвалі.
Закрануўшы пытанне пра ацэнку твораў Васіля Быкава, хачу сказаць колькі слоў і пра ўласныя ўзаемадачыненні з ім. Абставіны склаліся так, што яшчэ да пераходу ў БДУ, у якасці супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, я трапіў у Гродна (была службовая паездка) і меў надзвычай цёплыя сустрэчы з Васілём Быкавым (пэўнае знаёмства з ім і ўзаемная прыхільнасць былі ўжо і да гэтага). Карацей кажучы, Быкаў стаў для мяне эталонам пісьменніка, чалавека, грамадзяніна, непахіснага барацьбіта за праўду ва ўсім і ўсюды.