Выбрать главу

Пра драматызм гэтай падзеі і матчыну роспач, выкліканую ёю, Быкаў згадваў і ў сваёй унікальнай аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому», якая стала для пісьменніка яго апошнім прыжыццёвым выданнем. Тут Быкаў пасведчыў, што яго маці (яе звалі Ганна Рыгораўна) «паходзіла з вёскі Завулак», якая пасля заканчэння грамадзянскай вайны апынулася за мяжой — на польскім баку. І там застаўся матчын брат Лявон. Афіцыйная савецкая прапаганда сцвярджала, што «працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і без хлеба». У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь далучылася да Савецкай краіны. Але жыхароў з Савецкай Беларусі на заходнія абшары не пускалі — старая граніца заставалася. І ахоўвалі яе «па-ранейшаму пільна», — зазначае Быкаў. Але ягоную маці ўжо не магла стрымаць і граніца. Прабіраючыся знаёмымі ёй з дзяцінства абходнымі сцяжынкамі «цераз лес, балота, каля возера», Ганна Рыгораўна дайшла да брата, але дужа вялікай галечы ў яго не ўбачыла. Яна прынесла ад яго сваім галодным сямейнікам «гасцінцы — у мяшэчку трохі мукі і бараннюю лытку. Аказалася, што брат пад панскім прыгнётам усё ж жыве лепей, чым сястра-калгасніца, у якой на стале даўно няма хлеба».

Яшчэ больш падрабязна расказана пра матулю ў «Пункцірах жыцця», таксама аўтабіяграфічным творы, які пасмяротна (з 2005 г.) друкуецца ў часопісе «Дзеяслоў». Тут Васіль Быкаў напісаў: «Усю маладосць сваю маці ўспамінала пра родныя мясціны, пра брата Лявона, што застаўся па той бок, і дужа баялася, каб не надарылася бяда ў 1937—1938 гадах, калі забіралі шмат каго з тых, чые родзічы апынуліся за мяжой. Бог бярог; маіх бацькоў не забралі. Маці была ўжо дужа далікатная характарам, не надта здаровая, часта хварэла. Я не чуў ад яе якой сваркі з бацькам, ніводнага злоснапагрозлівага слова да дзяцей. Усё — ласкава, лагодна, з нейкай застарэлай тугой на душы. Мусіць, таму, што жыццё аднеслася да яе даволі драпежна: у гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны яна страціла першага мужа, пас­ля (ужо за маёй памяццю) памерла яе ад яго дачушка, шаснаццацігадовая Антунінка (ад прастуды). Маці была непісьменная (амаль). І колькі я яе памятаю, заўжды ў працы, у нязбыўным гаротным клопаце — як накарміць, у што апрануць нас траіх (гаворка тут пра самога Васіля, яго брата Міколу, таксама ўжо нябожчыка, і сястру Валю. — Д. Б.). І гэты свой клопат яна не­сла моўчкі. Толькі ўсё адбівалася на твары, і я змалку выдатна адчуваў змены яе настрою па выразах яе спакутаванага твару».

Але пражыла Ганна Рыгораўна, можа, дзякуючы свайму лагоднаму ха­рактару, некароткі век, у нябыт яна «неўпрыкмет адышла» ў 90 гадоў.

Пяшчотная любоў да маці адлюстравалася і ў мастацкіх творах пісьменніка. Вельмі яскравае рэха гэтай любові прагучала ў першай сапраўднай быкаўскай аповесці «Жураўліны крык». Тут пра маладога хлопца Глечыка, нездарма пісьменнікам названага Васількам, гаворыцца: «Васілька вельмі любіў маці — дужа ласкавую, прыгожую і добрую жанчыну, з якой усе людзі ў пасёлку абыходзіліся вельмі прыветна. Яна ніколі не ведала сярдзітага, грубага слова, была заўжды вясёлая, бывала, кожны, хто сустракаўся з ёю, адразу радасна і светла ўсміхаўся».

Амаль што кожны штрых гэтых згадак мае аўтабіяграфічную для пісьменніка падаснову. З быкаўскім жыццёвым лёсам лёгка суадносіцца і Глечыкава вучоба ў Віцебскай ФЗН, і, канечне ж, яго бедаванне ў самым пекле бою пра «родную, адзіную» матулю. «Як ты цяпер там, у варожым палоне адна? Што з табой зробяць крывавыя вылюдкі і хто заступіцца за цябе?» — трывожна думае Глечык. І за ягоным трывожным роздумам адчуваецца ўласная быкаўская трывога ваеннай пары за маці, якая тады таксама была на акупаванай гітлераўцамі тэрыторыі, хоць і не адна, а са сваім му­жам, Васілёвым бацькам.

А вось Глечыкавы думкі пра настаўніцу Клаўдзію Якаўлеўну, якая «любіла яго ў школе, несучы яму са сваёй шчодрай на ласку душы сарамлівую і цёплую жаночую прыхільнасць». Гэта зноў адгалосак уласна быкаўскіх пачуццяў да ягонай кубліцкай настаўніцы Клаўдзіі Якаўлеўны па прозвішчы Пашута. У яе Быкаў вучыўся, пачынаючы з пятага класа. У «Пункцірах жыцця» ён згадваў, што хлопцы-пяцікласнікі «дужа палюбілі яе, а яна нас таксама. усе наступныя гады прайшлі ў атмасферы тае ўлюбёнасці ў гэтую настаўніцу, ды і яна неяк не па-настаўніцку выказвала сваю прыхільнасць. Вядома, я па-расейску вучыўся выдатна, можа, таму яна заўсёды ласкава адносілася да мяне — бывала, падыдзе, пакладзе руку на мае валасы, далікатна пагладзіць. Канешне, было страшэнна няёмка, амаль сорамна, але і радасна. І хто ведае, што болей значыла ў лёсе падлетка — тая яе навука па расейскай мове і літаратуры ці проста надта чалавечае, мацярынскае ці сястрынскае стаўленне да яго».