Выбрать главу

Крыніцай гэтаму было места Вільня, бацькаўшчына віленскага «гоэна» — Равві Ільлі (памёр у 1797 р.) і другіх вялікіх тальмудыстаў. Там друкаваліся найлепшыя кнігі і быў да апошняга дня жыдоўскі вучыцельскі інстытут. Недарма Вільня называецца жыдамі «Літоўскім Ерузалімам» («Іeruschalim dylito»). У той самы час славіўся кіраўнік хасыдызму на Беларусі, — Шнеер Зальман. Тут жа, на Беларусі, разыгралася тады вялікая барацьба паміж дзьвюма жыдоўскімі рэлігійнымі партыямі: Хасыдым і Міснагдым. Гэта барацьба нарабіла вялікага неспакою ў віленскім «Кагале».

У мястэчку Валожыне Віленскай губ. у 1803 року залажылася вучнем Гоэна, Хаімам Валожынэрам, жыдоўская духоўная акадэмія, скуль выходзілі вялікія жыдоўскія пісьменьнікі і рабіны для ўсяго сьвету жыдоў. (З валожынскага «Ешыботу» выйшаў і знакаміты жыдоўскі паэт Х. Н. Бялік.) У Валожынскі «Ешыбот» прыяжджалі вучыцца жыды з Каўказу, зь Нямеччыны, з Амэрыкі і г. д.

Тут, на Беларусі, меў сваё разьвіцьцё і жыдоўскі містыцызм (Кабала). Вядомы цадыкі ў Лібавічах, у Койданові, Пінску,[2] да каторых прыяжджаюць веруючыя з усёй Расеі. І ня дзіва, што галоўнае разьвіцьцё жыдоўскай нацыянальнай рэлігійнай культуры мела мейсца тут, на Беларусі, дзе ім былі дадзены прывілеі яшчэ пры кн. Вітаўту. Яны жылі тут, як дзяржава ў дзяржаве, і іх «Кагал» меў нават права судзіць сваіх пабрацімаў.

У пэрыядзе амярцьвеньня беларускага нацыянальнага ўсьведамленьня, жыды, як і самі беларусы, хоць добра ведалі беларускую мову, але глядзелі на яе як на «мужыцкую» і, русіфікуючыся самі, несьвядома служылі русіфікатарскай ідэі Вялікарасеі. Але гэта была тая багатая кляса, якая атрымала сваю навуку ў расейскіх школах, а што тычыцца простых местачковых жыхароў, то, апрача роднай мовы, яны ведаюць толькі беларускую.

Ад самага пачатку беларускага адраджэньня, амаль побач зь першымі піянэрамі беларускага руху, пайшлі, хоць і ў малым ліку, і жыды, якія выйшлі зь вёскі; хаця шырэйшыя інтэлігентныя масы жыдоўства, асабліва ў местах, ня могуць яшчэ пазбыцца кансэквэнцыяў расейскага тут уладаньня і ўсё яшчэ служаць праваднікамі русіфікацыі.

IV

У 1912 годзе, калі ў чарнасоценных газэтах «Северо-Западного края» паміж другімі нападкамі на беларускую газэту «Наша Ніва» ў Вільні, яе вінавацілі яшчэ і ў тым, нібыта яна выдаеццца то на польскія, то на нямецкія, то на расейскія, а таксама і на жыдоўскія грошы, некаторыя зь віленскіх жыдоўскіх журналістаў зацікавіліся гэтай «народнай» газэтай на «мужыцкай мове». Пазнаёміўшыся з гэтымі «дзіўнымі» новымі нацыяналістамі са складу рэдакцыі «Нашай Нівы», якія ня толькі не аказвалі нянавісьці да чужых нацыяў, але — наадварот — чым болей чужая нацыя нацыянальна ўсьвядомлена, тым болей яе шанавалі, жыдоўскія журналісты пачалі ў новаадкрытым для сябе руху знаходзіць усё новыя Амэрыкі і цуды. Аказалася, што беларусы-інтэлігенты ня толькі цікавяцца старасьвецкімі памяткамі культуры сваёй нацыі, але і культурамі другіх нацыяў, якія жывуць на Беларусі.

У беларускім музэі газэты «Наша Ніва» жыдоўскія журналісты ўбачылі цэлую калекцыю малюнкаў старасьвецкіх жыдоўскіх сынагог у беларускім будаўніцкім стылі, калекцыю сынагагальных ліхтароў і пасудзіны масенжовыя і сярэбраныя зь мяйсцовай арнамэнтыкай, калекцыю стылёвых ярмолак. Яны былі зьдзіўлены тым, як гэта беларусы ўмеюць усё «чужое шанаваць…».

Пры бліжэйшым знаёмстве жыдоўскія журналісты пачулі ад беларусаў і дакоры, чаму не стараюцца даць адпор жыдоўскай асыміляцыі, чаму жыдоўская інтэлігенцыя саромеецца свайго імені, усяго роднага, чаму не цікавяцца сваёй этнаграфіяй, тутэйшым краем і г. д.

У 1913 годзе паказаўся ў жыдоўскім часопісе «Ды Юдышэ Вэлт» у Вільні першы артыкул аб беларускім адраджэньні. Пасьля гэтага гурток жыдоўскіх «краёўцаў» надумаў выдаваць жыдоўскую краёвую газэту «Унзер Гегенд» (Наш Край), каб знаёміць шырокую жыдоўскую публіку з тутэйшым краем, а ў гэтым і зь беларускім рухам, зь беларускай літаратурай і г. д., але з розных прычынаў гэта ім не ўдалося. У 1914 годзе гэты самы гурток выдаў па-жыдоўску зборнік «Літва», дзе былі пераклады зь беларускай і літоўскай літаратур і артыкулы аб беларускім руху.

Вельмі горача адгукнулася на гэты зборнік уся жыдоўская краёвая прэса і ставіла ў прыклад рвеньне беларусаў да адраджэньня сваёй нацыянальнай культуры жыдоўскім асымілятарам. Як мы ўжо потым даведаліся, то гэты зборнік «Літва» нарабіў вялікага шуму ў Амэрыцы, паміж інтэлігентнымі жыдамі зь Беларусі.

вернуться

2

Пінск у пачатку мінулага сталецьця быў вялікім цэнтрам хасыдызму.