Выбрать главу

Да друку быў прыгатаваны і другі зборнік «Літва» зь перакладамі вершаў Я. Купалы, апавяданьняў М. Гарэцкага і г. д., але хутка, у часе вайны, расейскі ўрад забараніў друкаваць па-жыдоўску.

Пачалася наагул паласа чорнай рэакцыі ў нашым краі, — калі расейскі ваенны штаб не дазволіў у Менску і па-беларуску друкаваць.

* * *

У часе перавароту, калі беларусы ў Менску пачалі выступаць пад сваім уласным штандарам, то гарачэй усіх віталі іх жыды-нацыяналісты. У часе выбараў у меськую думу беларусы з жыдамі (нацыянальныя партыі) увайшлі ў кааліцыю і зрабілі адзін сьпіс кандыдатаў. А калі Ўсебеларускі Зьезд паказаў, што творыцца дзяржаўная сіла, у жыдоўскіх газэтах пачалі ўсё часьцей паказвацца артыкулы аб беларусах. Пасьля разгону бальшавікамі памянёнага зьезду, жыдоўскія нацыянальныя партыі апублікавалі свой пратэст супраць гэтага гвалту.

Нельга казаць, каб паміж тутэйшых жыдоў не было праціўнікаў беларускага руху, — ёсьць і досыць многа. Галоўным чынам выступаюць супраць тыя з партыйнай моладзі, інтэрнацыяналістаў, якія маюць летуценьні аб тым, што некалі ніякіх нацыяў ня будзе — усё пойдзе па Бэлямі.

Другі род праціўнікаў беларускай справы зь непартыйных жыдоў мае яшчэ арыгінальнейшы матыў: жыдоўская нацыя расьсеяна па ўсім сьвеце, на сваё няшчасьце, падзелена на жыдоў розных іншых нацыяў, павінна ведаць розныя мовы тых нацыяў, дзе яна жыве. І вось бяруць яшчэ тут нанова дзяліць жыдоў: на беларускіх, украінскіх і г. д.

Гэты «новы разьдзел жыдоў» ёсьць для іх інтарэсаў мінус — гэта рацыя. Але занадта наіўная і эгаістычная, крытыкі тут ніякай быць ня можа…

Дзеля гэтае прычыны ў часе збораў на Беларускі нацыянальны фонд у мястэчку Даўгінаве (Віленскай г.) жыдоўская моладзь адмовілася прыняць учасьце ў зборах, бо яны — праціўнікі «новага разьдзелу жыдоў»…

Але проці жыцьця нічога не зрабілі, і ў беларускіх школах жыдоўскія вучні вучацца па-беларуску і робяць гэта ахвотна.

* * *

Што датычыць далейшых адносінаў жыдоўскіх сьвядомых сфэраў да беларусаў, то гісторыя іх так вышкаліла, што, на жаль, па большасьці яны арыентуюцца толькі грубай сілай: чый верх — таго і праўда…

Гэта паказаў іх першы энтузіязм да беларусаў у Менску ў часе ўцёкаў бальшавізму. Потым — пачалося ківаньне з боку ў бок, трымаючы нос па ветры…

Першы пасьля ўцёку бальшавікоў Беларускі Сакратарыят зь Менску меў у сваім складзе двух жыдоў: Гутмана (без партфэля) і Белкінда — сакратара фінансаў…

Пры гэтым прыпамінаецца, што ў Беларуска-Літоўскім княстве высокую дзяржаўную пасаду займаў пярэхрыст (у тых часох няма чаго дзівіцца, што няхрышчаных не прымалі на гэткія службы) Абрам Юзэфовіч Рэбічковіч, каторы быў здольным адміністратарам і фінансавым агентам, а потым, пры Жыгімонту I, дайшоў да пасады падскарбія земскага, г. зн. міністра фінансаў, і члена Гаспадарскай Рады.

Яшчэ адзін выпадак: на першым сялянскім зьезьдзе ў Менску, скліканым Беларускім Нацыянальным Камітэтам 04.04.1917 г., дэлегатам ад Паўловіцкай воласьці Магілёўскай губ. і павету быў жыд Мордух Янкелеў Зільбэрман. Ён там сельскім старастам ужо 30 гадоў (ня хрышчаны).

Як далей пойдуць нашыя стасункі з жыдамі — тут не бярэмся судзіць. Ува ўсялякім выпадку жыцьцё гэтых дзьвюх нацыяў так цесна зьвязана, што кожная зь іх прымушана цікавіцца другой, ужо хаця б з эканамічнага пункту. Эканамічная струна — вельмі чулая і шчокатная рэч. Да гэтай рэчы, як-ніяк кожны прыкладваецца шчыра зацікаўленым вухам. Недалёкая будучыня нашага краю мае перад сабою пэрспэктыву розных сялянскіх каапэрацыяў[3] і гандлёвых рэформаў, што можа зусім іначай паставіць увесь лад гандлю ў нашым краі. Вось дзеля гэтага варта жыдом болей уважна задумвацца над доляй сваіх блізкіх суседзяў, зь якімі яны так зьвязаныя эканамічна.

Мы пэўны, што адносіны будуць у нас самыя прыязныя. Варункі новага жыцьця, грамадзянская воля і роўныя правы ўсім, бяз розьніцы веры і нацыяў, так загладзяць няроўнасьці і ў эканамічных стасунках, што пакрыўджаных ня будзе.

вернуться

3

У цяперашніх сялянскіх каапэратывах ёсьць жыдоўскія прыказчыкі. Жыдоў сяляне ахвотна бяруць у прыказчыкі дзеля іх гандлёвай здольнасьці і практычнасьці. Таксама ёсьць каапэратывы, дзе членамі і хаўрусьнікамі нароўне і сяляне, і жыды.