Выбрать главу

Ну ж і Каляды ўдаліся ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага! Частаваліся хто чым хацеў: хто — кілбасамі, хто — аўсом, хто — марцыпанамі, хто цукеркамі. Мядзведзю асабліва рэпа спадабалася. Ён проста роў ад задавальнення, хоць вушы затыкай:

— Ды я за ўсё сваё мядзведжае жыццё такой рэпы не каштаваў! Салодкая, як мёд!

Кот Буркун сабраў усю сваю мышыную хэўру, і яны тут жа паказалі ў старой шафе батлейку — спектакль пра вайну мышэй з жабамі, у якой перамаглі, вядома ж, мышы. Паны Кубліцкі ды Заблоцкі, добра падсілкаваўшыся ды лыкнуўшы кілішак, выйшлі на надворак ды як бабахнулі з дзедавай стрэльбы! Кажуць, чуваць было ажно ў палацы князя Дрыгайлы, а гарох аж да Смургоняў далятаў. Вось гэта было дык салютаванне.

А ўначы, калі свята адгрукацела, адспявала, адстукала, адскакала, ціха стала ў сядзібе паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Зоркі цененька зазвінелі ў небе, бы крышталёвыя. Госці паснулі. Толькі паноў сон аніяк не браў, усё яны звыкнуцца не маглі з тым, што доля нарэшце тварам да іх абярнулася.

— А ўсё-ткі няблага жыць у гэтым свеце, пане Заблоцкі! — захоплена кажа пан Кубліцкі.

— Ага, ага, — сонным голасам мармыча пан Заблоцкі. — Добра пагулялі... Але вось хто чыгуны ды лыжкі заўтра мыць будзе? Толькі адразу папярэджваю: не я! Не шляхецкая гэта справа — чыгуны мыць...

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Гасцей прыемней сустракаць, чым праводзіць. Вядома, калі гэта чаканыя госці. У гэтым паны Кубліцкі і Заблоцкі самі пераканаліся, калі, сустрэўшы Каляды, Дзеўка Дрыпа, Цар Максімілян, Гарцук, Куранятка зазбіраліся дахаты. Пан Кубліцкі нават пусціў слязіну.

— Не сумуйце, панове, як толькі Каляды — дык мы зноў да вас, — кажуць госці дый раз'язджаюцца памалу. Кот Буркун паноў суцяшае як можа.

— Не тужыце, панове, — муркае ён. — Пан Кубліцкі, годзе вільгаць разводзіць, а то грыбы ў хаце вырастуць! Я ж з вамі застаюся, верны ваш сябра Буркун. Верны, як сабака... тфу, каб яны ўсе спруцянелі! Мышы з вамі, рэпа з вамі, дукаты ў куфэрку з вамі! Чаго яшчэ жадаць! Новых прыгодаў! Не турбуйцеся! Яны будуць! З такімі шалапутамі, як вы, яны заўсёды будуць здарацца. Але, можа, за тое я вас і люблю!.. Праўду казаў. З панамі яшчэ шмат прыгод надарылася. Вандравалі яны вакол свету, хадзілі ў сваты, здабывалі ў балоце закляты скарб. Пра ўсё пра гэта ды пра іншае я вам распавяду, толькі дайце крышку пярэдыху. На ўсё свой час.

СЛОЎНІК

Атрамант – чарніла.

Аранжык — апельсін.

Ахмістрыня — жанчына, што вядзе гаспадарку ў заможным доме.

Барыла — двухдонная бочачка для напояў.

Вікторыя — перамога.

Віцінар — ветэрынар.

Газард — азарт, напал.

Грандзёж — вэрхал, бойка.

Гутнік — шклароб.

Двабой — дуэль.

Дзіда — піка.

Дрыкгант — старадаўняя парода коней, апісаная ў свой час У.Караткевічам.

Дукат — старажытная залатая манета.

Зямная куля — зямны шар.

Жамяра — насякомае.

Карчага — вялікая гліняная пасудзіна для захоўвання збажыны, мёду, віна ды інш.

Кумпяк — верхняя частка свіной нагі.

Ламанцы — печыва з пшанічнай мукі, мёду і тоўчанага маку.

Лыцар — рыцар.

Людзі паспалітыя — людзі добрыя.

Манкіраваць — падманваць, махляваць.

Наладаваць — напхаць.

Паказваць на мігах — паказваць жэстамі.

Планіда — лёс, доля.

Пляц — плошча.

Прынажытак — барыш, утаргаваныя грошы.

Руля — ствол.

Рыхтык — якраз як; кропля ў кроплю

Скабы — рэбры

Скрыдлы — крылы.

Смарагд — ізумруд.

Сочыва — варэнне.

Срога — строга.

Статут — звод законаў.

Сурдут — мужчынская вопратка з доўгімі паламі.

Сячкарня — машына для рэзкі саломы на корм.

Талер — старажытная манета.

Фальварак — панская сядзіба.

Фіцьмаршал — фельдмаршал.

Цынамона — карыца.

Цэбар — драўляны посуд з клёпак з вушкамі.

Чапяла — жалезны кручок з ручкай для пераносу патэльні.

Шмалец — гусіны тлушч.

Шпацыр — прагулянка.

Шыхт — строй.

Шэлег — старажытная дробная манета.