— А дзе ж вячэра? — злуюцца паны.
— Гэта вячэра і ёсць... Паясцё, а тады можаце і ў карты пагуляць.
— З пустымі жыватамі — і за карты?! Ці ў цябе розуму замала?! — гневаюцца паны. — Ты ж казала пра нейкія варголы. Цягні іх сюды. Дзе яны?
— Дык вось жа, у чыгуне, — спакойна кажа дзеўка Дрыпа. — Паўзірайцеся. Адзін вар голы, больш нічога...
ЦАР МАКСІМІЛЯН
— Дажыліся: ані хлеба, ані табакі, прападаем, як сабакі, — сумна кажа пан Кубліцкі.
— Вось што, дзеўка: ідзі ў Смургоні на рынак, купі хлеба, солі ды тытуню, — загадвае Дрыпе пан Заблоцкі. — А грошы даставай дзе хочаш. Мы дазваляем. Ведай нашую ласку. Дзеўка думала, думала — і прыдумала: трэба карову прадаць у добрыя рукі. Усё роўна даіцца перастала, на пашу не ходзіць, толькі па лесе ходзіць ды грыбамі сілкуецца. Выпраўляецца Дрыпа ў Смургоні, уперад сябе карову гоніць.
Там, на рынку людзей як кіем набіта, няма дзе голкай торкнуць. Адразу купілі ў Дрыпы карову за тры талеры, і яна ідзе па пляцы шчаслівая, зубы сушыць ад радасці, што грошы мае. А яе гандляры хапаюць за рукавы, за світу: купі хусту! купі пернікі! Купі чорта лысага! З нейкага будана выставіўся панок у белым хвартуху ды гукае:
— Шаноўныя мамзелі, хто хоча пастрыгчыся па апошняй пранцузкай модзе, валі сюды.
Дзеўка Дрыпа стала насупраць будана губу адвесіўшы. А панок, прыкмеціўшы яе, гукае:
— Чаго зяпу раскрыла, шаноўная мамзеля?
— Выбачайце, спадарыку, — нясмела кажа дзеўка Дрыпа, — ці не вашэць летась стрыгла авечкі ў тутэйшага пана Кіндзюшкі?
— Не, гэта не я! — спрытна адказвае панок. — Я з Парыжу, пранцузкі цырульнік, гэта па-вашаму пастрыгач. Магу й цябе пастрыгчы, шаноўная мамзеля, — станеш вочынна красівая, вужасна прыўкрасная!
Ну хто ж не захоча стаць прыгожай? Вось і дзеўцы Дрыпе загарэлася. Яна аддае пастрыгачу адзін талер, а той робіць з яе парыжскую мамзелю. Выходзіць Дрыпа з будана ні павай, ні варонай, а рыхтык абскубаная кіндзюшкава авечка. Усіх вераб'ёў на рынку ўспудзіла. Але йдзе сабе вясёлая, бо ў прыполе звіняць яшчэ два талеры. Тут пераймае Дрыпу цыганка:
— Пазалаці ручку, модная паненка, усю праўду распавяду, за каго замуж пойдзеш, скажу.
Дзеўцы цікава. Яна аддае цыганцы другі талер, а тая бярэ дзеўку за руку й пачынае варажыць:
— Чакае цябе, красуня, далёкая дарога й вялікія турботы. Але дарма, бо пойдзеш замуж за цара Максіміляна.
— А што за той цар? — пытаецца ўзрадаваная дзеўка Дрыпа.
— А пярун яго ведае, — адказвае цыганка ды знікае з Дрыпіным талерам.
Дрыпа йдзе далей па рынку і раптам чуе пранізлівы голас: «Просім да нас у ціятар! Толькі адно прастаўленне! Смургонскія гутнікі паказваюць пра цара Максіміляна і ягонага сына Адольку!»
Пачуўшы імя жаніха, дзеўка Дрыпа кідаецца на голас — і бачыць у завулку хату, у дзвярах стаіць чорны барадач. Строга гэтак пазірае:
— Куды, дзеўка?
— Хачу паглядзець на цара Максіміляна.
— Плаці грошы.
Дзеўка аддае астатні талер і ўваходзіць у хату, дзе людзей набілася, што селядцоў. Прадстаўленне ўжо ваўсю йдзе. Ужо цар Максімілян у бліскучай кароне, з доўгай рыжай барадой гукае да Фіцьмаршала: «З'явіся перада мной, як ліст перад травой!»
Прыбягае Фіцьмаршал, усе грудзі ў медалях, штаны з кутасамі, шпоры звіняць.
— Што загадае вашая анпіратарская вялікасць?
— Прывядзі да мяне майго непакорнага сына Адольку! Вядуць Адольку. Ён падабаецца дзеўцы Дрыпе нават больш, чым цар, — маладзенькі, бялявенькі, у ружовай кашульцы, у запраўленых у боты портках. «Ах, якія штонікі прыгожыя! — захапляецца ў думках дзеўка Дрыпа. — Чаму б не за гэтага замуж? Можа ён, калі гэты несімпатычны Максімілян памрэ, замест яго царом зробіцца?»
Ды Адолькаў лёс складваецца не найлепшым чынам. Ён не слухаецца бацькі, не хоча верыць у паганскіх багоў. За гэта яму цар Максімілян загадвае адсекчы галаву. Фіцьмаршал замахваецца сякерай — і вось Адолькава галава коціцца пад ногі гледачоў. А што гэта за жаніх, калі без галавы? Прадстаўленне канчаецца, цар Максімілян ірве на сабе валасы, бо шкода яму безгаловага сына Адольку, потым адчэплівае бараду ды збіраецца выходзіць з хаты.
— Куды?! — у роспачы лямантуе дзеўка Дрыпа. — А жаніцца? Цар Максімілян адно зірнуў на Дрыпу, увесь закалаціўся — і хадалы! Так папёр цераз пляц, што карона з галавы звалілася. Дзеўка Дрыпа падбірае карону, атрасае ад пылу, уздзявае сабе на макаўку ды йдзе сваёй дарогай, задуменная.
Тымчасам паны Кубліцкі і Заблоцкі, галодныя ды сярдзітыя, марна чакаюць дзеўку Дрыпу.