— Гэта хто?
— Няўжо гусі? — дзівіцца пан Кубліцкі. — Чаго іх на Месяц панесла, бедалажкаў? Там жа гола, пустаані травінкі. Агылі, агылі, злазьце з Месяца. Пагулялі, дый годзе.
Але тут у трубе, якраз перад вачыма пана Кубліцкага, з'яўляецца нешта накшталт вялізнае дулі.
— Што гэта? — палохаецца пан Кубліцкі. — Фу, як непрыстойна. Хай пан Кіндзюшка прабачыць, але зусім нявыхаванае ягонае птаства.
Натапырыўся пан Кіндзюшка, але што адкажаш? Вырпаўляе паноў глядзець пчолы.
Вось гэта самая што панская праца! Пчала — паслухмяная жамяра, трымаецца сваёй дамоўкі. Каля яе завіхаецца Саўка, панскі пчаляр, то вадзічкі налье ў сподачак, то рамкі з сотамі паправіць. А паны адно адлежваюць сабе бакі. Пахрапуць, прачнуцца — ды давай мёд грэбці лыжкамі. А калі пчала джгне ў спіну ці ніжэй — не бяды. Бо ў паноў раматус, а пчаліныя джалы, кажуць, добра ад гэтае хваробы лечаць. Ядуць паны мёд, гуляюць у карты, і ўжо ім непамысна робіцца ад аднастайнага жыцця. Пан Кубліцкі пачынае вымышляць розную лухту:
— Што б такое прыдумаць, каб пчолы паболей мёду цягалі? Можа, павесіць кожнай на шыю цэбар? Хай у цэбры мёд збіраюць?
— А хто тыя цэбры мыць будзе? — адразу падкідае пытанне пан Заблоцкі.
— Але, — адразу згаджаецца пан Кубліцкі. — Хай сабе па-ранейшаму збіраюць мёд.
Усё лета раскашуюць паны на пасецы, як у нейкім санаторыі. А што ўжо налгалі пану Кіндзюшку пра сваю верную службу, дык усяго й не перакажаш. Склалі цэлую гісторыю пра тое, як мядзведзь напаў на пчалу і пачаў яе грызці, а яны прыбеглі ды адбаранілі.
Настае восень. Пчолы зацыроўваюць дзверы, вокны ў сваім жытле — рыхтуюцца да зімы. Выганяюць з вулляў трутняў, якія нічога не робяць, адно ядуць. А заадно з імі праганяюць з пасекі і паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Не хапала ім яшчэ гэтых абібокаў цэлую зіму карміць.
Застаўся ад сытага жыцця адзін салодкі ўспамін. «Эх, якая праца была, — яшчэ й дагэтуль згадвае пан Заблоцкі. — Адно слова — іляхетная». А пан Кубліцкі, падняўшы палец, дадае: «Галоўнае што? Галоўнае, каб чалавек заўжды быў на сваім мейсцы. Там, дзе яму болей карысці».
ЯК ПАНЫ ХАДЗІЛІ ПАГАНАГА ЦМОКА ВАЯВАЦЬ
Нарэшце паны скемілі, што ім трэба вучыцца якомусь рамяству, іначай гамон, час настаў такі. Спачатку не дужа ў іх атрымоўвалася. Пан Заблоцкі паспрабаваў сані майстраваць. Але не пашэнціла яму. Як пачаў полаз гнуць, дык жардзіна саскочыла ды — бенц! — проста пану ў лабаціну. Ох і папалаяўся ж пан Заблоцкі!
Пан Кубліцкі надумаўся гаршкі ды міскі ляпіць на ганчарным крузе. Але й тут непярэліўкі — першаму ж пакупніку не ўладзіў, той зазлаваў, што гаршчок дзіравы дый разбіў пасудзіну аб пана Кубліцкага галаву. Хацеў пан Кубліцкі на яго скаргу пісаць, ды не знайшоў грошай, каб падмазаць шаноўны суд.
Добра, што Арцём Верацённік нараіў панам рэпу сеяць. Выгодная, кажа, рэч. Балазе ў паноў яшчэ зямліцы валокі з паўтары засталося. А насенне ў бабкі Параскі выпрасілі. Тут ужо ім больш пашчасціла — урадзіла рэпа.
Значыцца так. Жывуць сабе паны, сеюць рэпу, у Смургоні завозяць на продаж, нішто сабе жывуць. Пан Кубліцкі нават падумвае пра тое, каб ажаніцца.
Тым часам у княстве творацца жахлівыя рэчы. Памятаеце тое куранятка ад Куры Шчабятуры, што паны наседжвалі? Яно часу дарма не траціць: адгадавала сабе яшчэ дзве галавы, словам, змянілася ў істага Цмока. А калі я Цмок, кажа яно самое сабе, дык годзе мне цягаць адно сабак ды парсюкоў. Дый пачынае гэтае страшыдла чыніць несусветны грандзёж ды гвалт. Глытае паненак, прытым пераважна прыгожанькіх. Яшчэ й пераборлівае, ліха на яго. Паны чуюць гэтакую навіну ды пачынаюць чухаць патыліцы. Асабліва непакоіцца пан Кубліцкі:
— Дык што ж гэта робіцца, панове? Гэта ж вельмі нядобра! Гэта ж ён можа ўсіх нявест перахапаць!
На гэта пан Заблоцкі змрочна адказвае:
— Што нявесты? Не бяда, застанецца й пану Кубліцкаму якая-небудзь замухрышка. Але баюся, каб жа гэтая пачвара не ўбілася ў рэпу...
Сказаў — як сурочыў. Бо ўжо назаўтра Ахрэм Верацённік, ідучы каля панскага агарода, угледзеў, што паміж градаў качаецца штось цёмнае, лускаватае, вялікае, бы хлеў. Знай топча сабе рэпу, закідае ў тры свае глоткі, як у сячкарні. Паненкі яму прыеліся, ці што? Ахрэм Верацённіккідаецца да паноў з гэтай прыкрай навіною.
— Ваша благароддзе, ходзіць Цмок у агародзе!
Пан Заблоцкі — за качаргу ды за дзверы, пан Кубліцкі следам за ім. Але Цмок ужо нажэрся, залопаў скрыдламі, свіснуў у тры глоткі ды ўзляцеў у падхмар'е, чорны, слізкі, бы велізарная крылатая жаба.