Выбрать главу

Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА

ЖЫЎ-БЫЎ ТЫ...

Жыў-быў ты. Моцны, спрытны, ваўкаваты. Калі з'яўляўся ў горадзе, прыносіў з сабой пах вогнішча, рачной прахалоды, дарогі і незалежнасці. Мужчыны хмурылі бровы і ўздыхалі, тужачы пра недасягальную вольнасць. А жанчыны адводзілі ў хату дзяцей і паспешліва крэслілі ў паветры ахоўныя знакі, таму што бачылі ў тваіх зрэнках пустэчу і страшыліся яе. Пануры доўгавалосы валацуга, самотны і абыякавы да любых праяў жыцця. Прайсці па хісткім мастку над безданню, удыхнуць свежы водар крэмава-белых гронак язміну, разарыць гняздо пеначкі ці гадзінамі глядзець у агонь, — няма розніцы, як бавіць час. Суравымі нефарбаванымі ніткамі сплятаўся лёс, а сэрца шчымела, сцягнутае трывалымі швамі. Адзінцом прасцей, ці не так? Нікога не ўспамінаць днём, не сніць уначы; увечар не вымаўляць запаветнае імя ў малітве, раніцай не чакаць прывітання... Можна сказаць, цябе й не існавала. Прынамсі, да сустрэчы на скрыжаванні, каля закінутай студні пад ясакарам.

Ты ішоў услед за дарогай, не мяркуючы, куды патрапіш. Калі не імкнешся да мэты — то ўсё роўна, свеціць сонца ў патыліцу альбо ўсыпае бацянькамі шчокі, камень ці пясок шалпоча пад ботамі, авявае твар калючы, са сняжынкамі, вятрыска ці скразная духмянасць ружаватых кветак каперса. На поясе ў скураным чахле — нож, за спінай — заплечнік, наперадзе — невядомасць. Прыглядаючы мястэчка для адпачынку, убачыў прыдарожную студню. Рунеў па камянях сакавіты мох, валялася на зямлі знятае вечка, побач — катанка ды стаптаныя чаравікі. Значыць, варта зазірнуць унутр. Дрыжала зубчастае лісце ясакара, чарнела шкарупа, сіратліва матляўся абрывак вяроўкі, прывязаны да камля. А ў перасохлай студні хтосьці сядзеў.

Хлапчук. Ён слаба ўзмахнуў рукой, вітаючы тваю пругкую вяроўку. Ты выцягнуў яго, агледзеў. Косці цэлыя, а садно зажыве. Ён прагна піў ваду, спусташаючы тваю біклагу, і тут з каўняра пыльнай кашулі з'явілася бурнатная мыска, раздаўся патрабавальны галодны піск. Складаныя версіі ўчынку, — пошукі скарбу, хованка ад разбойнікаў, спроба ўбачыць днём зоркі, — разбіліся аб наіўны дзіцячы адказ...

— Палез у студню за віверай? Навошта?

Звярок глядзеў велізарнымі вачыма, выпускаў і ўцягваў кіпцікі, прыняўся варкатаць, калі хлопчык пагладзіў залаціста-бурую скурку. На спінцы і галаве падсыхалі ранкі — сляды ад кіпцюроў і дзюбы драпежнай птушкі. Пугач, ці што, нёс ды ў студню выпусціў? Так, маленькай віверы буйна пашанцавала.

— Яна енчыла, — хлопец вінавата ўсміхнуўся, і ты адчуў — з пранізлівым, нікому не чутным звонам лопнула першае шво на сэрцы. Хлопчык умеў выклікаць прыязнасць — гэтак жа, як вівера ўмела плаваць ці лазіць па дрэвах. Ускалмачаныя светлыя валасы і худая шыя, засівераныя вусны і далікатныя пальцы, якія абдымаюць звярка, — усе гэта зрабіла цуд з тваёй беспатольнай душой. Прачнуліся даўно забытыя жаданні — абняць, сагрэць, накарміць. Раптам спатрэбілася хата, пажадана цёплая і ўтульная, і каб у куфры захоўвалася чыстая адзежа, а на стале, накрытыя ручніком, чакалі хлеб і малако... Умельства не выбіраюць, з ім нараджаюцца. І хлапчук глядзеў на цябе нясмела, бо разумеў: паміж вамі працягнулася грубая барвовая нітка, якая пакуль не мела назвы. Каханне ці сяброўства, адносіны бацькі й сына ці вучня й настаўніка, — але вузельчыкі ўжо зацягнуліся, і са скрыжавання вы сышлі разам...

Мальца клікалі Уюнок, а пухнатае звераня засталося безназоўным. Ды і не патрабавалася яго прынаджваць — вівера неадступна ішла за Уюнком, церлася аб ногі, варкатала і прыносіла задушаных пацукоў у падарунак. Увогуле, паводзіла сябе з гаспадаром, як вялікая даверлівая котка, а да ўсіх іншых ставілася насцярожана і, пэўна, укусіла б працягнутую руку. Можа, таму жадання прылашчыць яе ў цябе не ўзнікала.

З таго вечара вы не разлучаліся і блукалі па зямлі ўтраіх. Атрымаць хлеб і прытулак больш не патрабавала вялікіх намаганняў. Адна справа, калі сінім зорным вечарам у дзверы стукаў падазроны валацуга: такі і абрабаваць, і забіць можа. І зусім інакш глядзелі людзі на двух сяброў-пабрацімаў, што падарожнічаюць у кампаніі ручнога звярка і прывабліваюць да доўгай гутаркі за кухлем піва. Мужчыны больш не цураліся цябе, па-прыяцельску пляскалі па плячы — калі з сябрам, значыць, добры чалавек. А Уюнку досыць было ўсміхнуцца, каб гаспадыні заспрачаліся, у каго вы заначуеце. Нібыта вабныя чары зыходзілі ад паўдзіцячай постаці: людзі раптам рабіліся лагоднымі і даверлівымі. Нават ты, мармоль па натуры, з жахам думаў пра гадзіну расстання. А гадзіна гэтая няўмольна набліжалася.

Уюнок рос, з худзенькага хлапчука ператвараючыся ў ладнага, хупавага падлетка з кацінымі звычкамі і няўлоўнай, вабнай усмешкай. На яго заглядаліся дзяўчынкі, а жанчыны ўздыхалі і, хаваючы нешта іншае за матчыным клопатам, наравілі прылашчыць, пагладзіць. Ты асцерагаўся з'яўлення асобы, якая звядзе ў цябе сябра.