— Пра яе паклапачуся я! — успыхнуў хлопчык.
— Не спадзявайся. Вып'еш эліксір і забудзеш нявесту, сяброўства, запаветную справу. Знікнуць пачуцці. Станеш пустым і абыякавым.
Уюнок нахмурыўся, знікла заўсёдная ўсмешка. Спытаў глухім голасам:
— Я змагу аднесці падарунак Альбіне?
— Наўрад ці. Не кожны мужчына вытрымліваў падобнае выпрабаванне, дзе ўжо дзіцяці. Аддасі іголцы пранізлівае каханне — каб праколвала камень, лёд і паветра. Нязломнае сяброўства — каб не ламалася і не хілілася. Патаемнае майстэрства — каб не вычэрпваліся магічныя ўзоры. Самы востры боль — каб кончык іголкі ніколі не тупіўся. І ад гэтага болю — памрэш.
— Я гатовы, — ледзь чутна сказаў ён.
У руках пані Мулінэ з'явіўся шкляны келіх. Чараўніца ўзбоўтала празрыстую вадкасць, смакуючы, удыхнула водар — і працягнула напой Уюнку.
— Хочаш атрымаць іголку — выпі да дна.
Хлопчык паглядзеў на цябе. На твары яго чыталіся страх, адчайная рашучасць і — адданасць. Не, ён бы не забыў ваша сяброўства... Захоўваў бы ўсё жыццё ва ўтульным закутку, уплёў бы барвовую нітку ў кветнік любоўных перажыванняў.
— Пі, — сумна прыспешыла пані. — Ці не адымай мой час. Баязлівец не варты каштоўнага падарунку.
Уюнок павярнуўся да цябе:
— Калі я памру, аднясеш Альбіне іголку?
— Не, — ты выйшаў з-за шырмы, са здзіўленнем назіраючы за пані Мулінэ. Як валокны канвы выдзіраюць з-пад гатовай вышыўкі, так нітачка за нітачкай спаўзалі з твару чараўніцы пагардлівасць, халоднасць, абыякавасць. Нічога напускнога не засталося. Перад вамі стаяла слабая, разгубленая жанчына, якая больш не валодае сітуацыяй.
— Іголку Альбіне ўручыш сам, — ты забраў келіх з дрыготкай рукі сябра. — Нявеста чакае жаніха. І звярку нядобра без гаспадара заставацца.
— Пачакай! — выгукнула пані Мулінэ.
— Не турбуйцеся, пані. Не заўважылі хіба? На хлопчыку ахоўны талісман. А я ў пахавальнай кашулі.
Ты ўсміхнуўся Уюнку. Аказваецца, усмешка — гэта не цяжка і нават прыемна. А потым выпіў празрыстую вадкасць і ўжо не чуў гаротны выкрык сябра і пераможны смех пані Мулінэ.
У кругавароце сноў распушваліся кутасы, віліся гафтачкі, перапляталіся карункі, а пасля свет ізноў стаў даступны ўспрыманню. Ты ачуўся. Сэрца не балела, стукала мерна й ціха. Галава патанала ў мяккай падушцы, а белую кашулю змяніла чорная, вышываная ружовымі макамі.
Каля падгалоўя ложка сядзела пані Мулінэ. Тонкі профіль, цёмныя завіткі прычоскі, бледнасць скуры па-майстэрску падкрэсленыя чорным аксамітам сукенкі. Доўгія пальцы камячылі беласнежную хустачку, а на безназоўным звіўся залатой змейкай заручальны пярсцёнак.
— Вы — замужам, пані? — ускрыкнуў ты, забыўшыся пра прыстойнасць. Яна спалохана паглядзела, потым уздыхнула.
— Была. Увесь строй замка стварыў майстар Мулінэ. Ён абагаўляў мяне, але лічыў занадта жорсткай. Шкадаваў людзей, якія паміралі за дурны кавалачак металу. Паступова яму стала ў цяжар каханне і... аднойчы папрасіў... Адным словам, ён сышоў вольным і пустым, пакінуўшы вострую чорную іголку. Якую, дарэчы, забраў твой сябар...
— А я?..
— Страціў прытомнасць, выпіўшы крынічнай вады, — усміхнулася чараўніца.
Ты збянтэжыўся. Мноства думак вілося ў галаве, спытаць бы адразу аб усім.
— Хадзем, я раскажу табе пра майстра Мулінэ, — яна жэстам запрасіла сесці побач, у суседні фатэль. Узяла срэбныя пяльцы з туга нацягнутай тканінай. Вытачаныя пальцы ўсунулі нітку ў іголку...
Шво за швом — і карціна на шоўку пачала праясняцца.
Пані Мулінэ павольна загаварыла:
— Жыў-быў ты...