Выбрать главу

Як патушыў святло, Навіцкі стараўся ціха выходзіць з ваннай, але маснічыны пад нагамі ўсё роўна зарыпелі. Можа, i ад таго, што ішоў крадучыся, на пальчыках, i больш ціснуў на падлогу. Толькі калі ступіў на тоўсты, жоўты, з рудымі палоскамі дыван, стаў усёй падэшвай, маснічыны не азваліся. Падумаў, што на добры толк трэба было б падціснуць падлогу, замяніць у вокнах паколатыя шыбіны, яшчэ паправіць тое-сёе, але неяк няма часу i ахвоты, усё адкладвае i адкладвае гэта на пазней.

Навіцкі падышоў у залі да ненакрытага стала, да вазы з чырвонымі кветкамі, узяў свой пінжак, што вісеў на спінцы крэсла, ускінуў на плечы, зашпіліў, зусім так схаваў свой паўнаваты жывот i цяпер ужо напраўду стаў «ніц собе». I толькі ціха падаўся з залі ў калідор, як адчыніліся дзверы, напусцілі салодка-прэснай пары i тады ўжо выйшла ў калідорчык жонка — невысокая, паўнаватая, у доўгім цёмна-квятастым халаце, што вельмі старыў яе, маўклівая, некалі сімпатычная, а за апошнія гады вельмі пастарэлая жанчына.

Жонка акінула яго позіркам з ног да галавы, але нічога не сказала ні пра яго адзенне, ні пра абутак. Толькі, можа, падумала, што ён вось маладзей, дужэй выглядае, не мае такога хворага сэрца, як яна, зірнула на яго з журбою. I ён адчуў душою яе гэтую скаргу на сваю раннюю старасць, хваробу, адчуў, што яна хоча расказаць яму пра нейкія хатнія клопаты, але не расказвае, бо ведае, што яму будзе непрыемна. Ён, разумеючы яе, вінавата лыпаў вачыма, не ведаў, куды пазіраць. Адышоўся, надзеў кароткі жаўтаваты плашч, белую брылёўку.

Валя зірнула на яго мокрыя валасы, хацела, мусіць, сказаць, што нельга так выходзіць на халодны восеньскі двор, але не сказала, загаварыла, відаць, пра самае важнае:

— Можа б, ты сёння, Тамаш, дома застаўся б? Ад навукі я цябе ніколі не адрываю, а вось... Няўжо ўсе не прапускаюць ніводнага паседжання камісіі? Гэтая грамадская работа... трэба яе, канечне, рабіць, рабі на здароўе, але, можа, сёння застанься дома, не пайдзі з раз...

— Ну, што трэба? — буркнуў Навіцкі.

— Не думай, калі ласка, што гэта мае капрызы ці, можа, нават i нейкая рэўнасць...— ціха, як апраўдваючыся, прамовіла яна, разгубілася, зацерабіла ў руках крысо кароценькага фартушка.— Даўно па доме абыходжуся i без тваёй помачы... Як i без увагі... Я ўжо i не спадзяюся на гэта, бо век адна хаджу па магазінах, вару есці, абмываю ўсіх, прыбіраю ў хаце, i ўсе, i я сама прывыкла, што гэта толькі мая работа... А цяпер ужо i без пары старая стала... Але ж у нас дзеці... З імі я ўжо адна не магу зладзіць. А з імі нешта няладнае робіцца. Душа мая чуе, што Тоня пакіне інстытут, а Вова абы-як скончыць школу. Ты ж бацька, пагавары з імі...— дагаварыла i ўсхліпнула.

— Пагавару...— каб усё ж сёння не застацца дома, прамовіў ён, зморшчыўся.— Заўтра i пагавару. Усе разам пагаворым.

Навіцкі патаптаўся ў калідоры, адчуваў, што напраўду варта было б застацца дома i пагаварыць з дзецьмі, хацеў запытацца, а дзе яны цяпер, але стрымаўся: ведаў, што жонка будзе доўга скардзіцца на ix i яму доўга прыйдзецца стаяць i слухаць.

Каб Валя яшчэ што сказала i зноў папрасіла ўсё ж нікуды не ісці, дык, можа, з невялікай неахвотаю i застаўся б, а раз яна прамаўчала, можа, бачыла, як ён ірвецца сысці, дык ён перасіліў нерашучасць, падаўся да дзвярэй. Падаўся i стараўся як можна хутчэй пакінуць пакой: раней, калі адыходзіў, кожны раз цалаваў жонку, гаварыў, што пастараецца хутка вярнуцца. Сёння не пацалаваў, бо не мог.

Калі збягаў з пятага паверха ўніз, падумаў, што, калі быў малады, гадаў-разважаў: пройдзе вось пяць — дзесяць гадоў, большага даб'ецца ў навуцы, падгадуе дзяцей — i можна будзе пажыць без клопатаў. Ажно прайшлі гэтыя дзесяць гадоў, a клопатаў не меншае, а яшчэ i большае. То дзеці, то жонка, то работа... Вось колькі чаго было за сённяшні дзень!..

Яшчэ з раніцы паклікаў яго да сябе дырэктар інстытута. Не загаварыў спачатку, як заўсёды, пра надвор'е, футбол, пра навіны ў навуцы, а адразу — далікатна, але строга — пачаў распытваць, што цяпер робіць яго лабараторыя крышталаоптыкі, пасля папрасіў прабачыць i сказаў, што ён, Навіцкі, сам вельмі добры вучоны, але слаба кіруе сваімі супрацоўнікамі, якія мала займаюцца навукай, a толькі прыходзяць на працу, у рабочы час ходзяць у кіно, становяцца ў чэргі па памідоры ці модныя боты...