— Пачакай,— разгубліваючыся ад такіх навін, Навіцкі спыніў дачку.— Скажы спачатку пра маці... Няўжо інфаркт? Ці яшчэ што?
— Можа, i не інфаркт,— адказала яна,— але ў яе раптоўна забалела сэрца. Урачы сказалі, што ёй трэба паляжаць у бальніцы, ёй трэба спакой.
Ён, крышку супакоіўшыся, моўчкі, але з крыўдаю зірнуў на сына: «Вось да чаго ты, сын, давёў матку! Вось ты які! Я ў твае гады стараўся вучыцца, працаваць, цяпер такою цяжкою працаю зарабляю для вас усіх грошы, даю, колькі i на што каму трэба, маці корміць, абмывае, а ты... «Недастойныя паводзіны...» Ды гэта ўжо адзін крок да...»
— А тады з-за цябе...— сын не пакаяўся, а, здаецца, са злосцю агрызнуўся на сястру.— Напалохала, што пераводзіцца на завочнае i выходзіць замуж... Вось мама i адгаворвала яе, плакала... А пасля схаваліся ад мяне на кухні, яшчэ пра нешта гаварылі. А потым мама ўскрыкнула i павалілася..,
Навіцкі слухаў дзяцей ды пазіраў на ix, сёння ўпершыню падумаў, што яны маленькія былі такія дружныя, любілі адно аднаго, а цяпер нібы розныя людзі. I яшчэ скеміў, чаго магла ўскрыкнуць чуллівая жонка: Тоня, можа, прызналася ёй, што яна ўжо... Не толькі маці, жанчыне, але i яму, мужчыне, цяжка паверыць, вытрываць, што іхняе дзіця, зялёнае дзяўчо, хоча выходзіць замуж.
— Што ж вы так, дзеці?— спытаў ён з дакорам, зірнуў спачатку на дачку, i тая мігам апусціла ад яго позірку галаву, а пасля глянуў на сына, ён не ведаў, што з імі, такімі вялікімі ўжо, рабіць, што ім гаварыць.— Ты ж, сын, вучань, брыдка табе хуліганіць. Пасядзі лепш лішнюю гадзіну з кнігаго, рыхтуйся ўжо да экзаменаў. I боксам сваім больш займайся...
— Не смяшы, ён даўно ўжо кінуў займацца ім, як раней пакінуў лыжы, футбол...— асекла яго дачка.— А прыахвоціўся да цыгарэт, да чарачкі, прывык хадзіць па парках i заводзіць бойкі...
— Гэта, гэта ж...— у Навіцкага ад гневу аж сціснула дыханне, прапалі самыя патрэбныя словы.— Ты ведаеш, куды можа прывесці гэтая твая дарога?
— Яму сумна, бачыце, хочацца прыгод...— ухмыльнулася Тоня, якая, як ён помніць, яшчэ змалку мела такую нядобрую звычку — пакепліваць з другіх.
— А табе — вельмі хочацца замуж? — папікаў сын.
— Хочацца,— спакойпа адказала тая.— Хоць табе яшчэ гэтага пе зразумець.
— Ты гэта сур'ёзна? — Навіцкі павярнуўся да дачкі.— За маімі i за мамінымі плячыма табе ўжо кепска?
— Па-першае, я не маленькая ўжо, а маю дваццаць гадоў, якраз гэтулькі, у колькі i мама выходзіла за цябе...— смела, з гонарам сказала дачка, строга зірнула на яго.— Так што магу ўжо тое-сёе i сама... Па-другое, я люблю яго, i ён мяне любіць. А гэта, як ведаеш, нешта значыць...
— I даўно ў вас гэтая любоў? — з іроніяй спытаў Навіцкі.
— Ды другі год ужо...
— I хто ж ён, твой Рамэо? — ужо спакайней спытаў Навіцкі.
— Студэнт... Нашага іпстытута...
— I дзе, на што вы, абое студэнты, думаеце жыць? — запытаў ёп.— Ці ўжо добра абдумалі, на чый усесціся карак?
— Нe пакеплівай, калі ласка...— незалюбіла дачка, успыхнула злосным чырванцом на маладых, свежых шчоках.— У нас гэта ўсё сур'ёзна. Пажывём першую пару тут, у маім пакойчыку. Калі будзеце прыдзірацца — сыдзем, знойдзем прыватную кватэру. Пойдзем працаваць, дык будуць i грошы. Ды i вы, i яго бацькі, якія жывуць у вёсцы i жывуць добра, не чужыя нам, паможаце. Так што мы ўжо пра ўсё напраўду дамовіліся, застанецца толькі адно — каб вы згадзіліся. А не будзе вашай згоды, дык мы i без яе... А цяпер я хачу пагаварыць з табой адным...— прамовіла i, не чакаючы, што ён скажа, падалася з залі ў калідор, i, як чуваць было, пайшла ў самы крайні пакой — у яго рабочы кабінет.
Навіцкі адчуў, што ні крыкам, ні просьбамі даччыной задумы ўжо не зменіш, дык спачатку як разгубіўся, не ведаў, што рабіць, а пасля паслухаўся, пайшоў за дачкою. Як толькі ўвайшоў у кабінет, яна, чакаючы яго пры дзвярах, зашчапілася.
— Садзіся, тата...— строга сказала яна, i ён зноў паслухаўся, апусціўся на невялікую абабітую дэрмацінам канапку, якая стаяла насупраць засланага дарагім пакрывалам ложка.— Цяпер пагаворым пра маму i цябе... Я сталая ўжо, дык магу... Чуў, што з ёю? Чуў. Усе мы — i я, i Вова, i ты — пакрысе давялі яе да гэтага... I сёння гэтаксама... Я, Вова, ты... Толькі што ты справядліва папікаў нас, цяпер дазволь папікнуць i цябе...
Ён спачатку здзівіўся, а пасля з гневам зірнуў на дачку: як яна можа гаварыць гэта, хто ёй даў такі дазвол? Бацькі могуць папракаць дзяцей, а не дзеці бацькоў...
— Паслухай, тата, не гарачыся...— сказала Тоня, склала тонкія рукі на грудзях i зрабілася нейкай доўгай ды тонкай у чорных штанах i чорным світэры.— Пагаворым сур'ёзна. Сёння мама разгневалася не толькі з-за нас, дзяцей, а яшчэ i... Разумееш, адна адной мы па-жаночаму даказвалі, i мама папракала, што я мала думаю пра цябе, расхвалюю. А табе трэба займацца навукай.