— Я ж не раз гаварыў вам, што i ваша маці была здольная студэнтка, займалася ў навуковых гуртках, магла б гэтаксама быць вучоным i някепскім вучоным, але i я, i яна не маглі самааддана прысвяціць сябе навуцы, бо некаму трэба было гадаваць вас... Вось яна i ўзяла на сябе гэты клопат, памагла мне... I вам гэтаксама... Ну, а я стараўся з усіх сіл i, можа, тое-сёе i зрабіў. Так што віна мая — яшчэ трэба падумаць, ці віна...
— Я не пра гэта...— ціха прамовіла дачка.— Але я скажу праўду. Мне а ж забалела сэрца, што мама лічыць цябе за самага справядлівага, толькі i думае пра цябе, слепа табе верыць, а мае пачуцці ды пачуцці майго жаніха не ставіць i ў грош. Дык я ў злосці не стрымалася i сказала ўсё...
— Што такое? — не зразумеў ён.— Кажы ясна.
— Я сказала, які ты на справе, як дзякуеш,— голас яе задрыжаў.— Сказала, што ты абманваеш, маеш жанчыну...
Навіцкі i зазлаваўся, i разгубіўся:
— Што ты пляцеш, зялёнае дзяўчо?
— Ладна, тата, перада мною не трэба...— Тоня прыплюшчыла вочы, ківала перад сабою праваю рукою,— Я ўсё ведаю. I Элачку тваю прыгожанькую знаю...
Навіцкі не дапытваўся, адкуль яна гэта ўведала. А дазнацца яна магла «па сакрэце» ад некаторых знаёмых супрацоўніц, якія, можа, пра ўсё ўжо i здагадваліся; ён прамаўчаў, адвярнуўся, апусціў галаву і абхапіў твар рукамі: вось гэтая звестка i падкасіла ўражлівую жонку.
Адчуў, як хіснулася, нібы ў землятрус, пад ім зямля і, здаецца, паплыла-паплыла.
— Ідзі адгэтуль...— без злосці i без крыўды шапнуў ён, адчуў, што яму стала горача-горача ў твар, нешта цёплае цяжкае хлынула ў скроні i ў патыліцу, ад чаго раптоўна пацямнела ў вачах.
— Гэта, ведаеш... Сам ведаеш, што гэта...— дачка не пайшла, а засталася i не змаўкала, гаварыла: — Але я вельмі каюся, што не стрымалася. Як толькі мама ачуняе, я папрашу ў яе прабачэння, пастараюся даказаць, што я згарача зманіла. А ты... Сам думай, што рабіць...
Навіцкі чамусьці неяк раптоўна аглух, хіснуўся i ўпаў тварам на халодны падлакотнік канапы, ударыўся пераноссем — але болю не было, зрабілася неяк мляўка, легка, i гэтая слабасць нібы зацягвала ў глыбокую ваду.
— Та-та! — як з-пад зямлі ці з-за тоўстай сцяны пачуў ціхі даччын голас, пасля зусім перастаў яе чуць, як заснуў.
Пасля нешта халоднае закапала на твар — i ён, здаецца, прачнуўся, адчуў, што яму не легка, a вельмі цяжка: вельмі моцна тахкае сэрца, коле, i водгаласкі гэтага болю аддаюцца аж у скронях. Але ён з радасцю адчуў, што сэрца яшчэ вытрымала моцнае ўзрушэнне.
Тоня, якая палівала з кубка на далонь ваду i пырскала ёю ў твар, падала кубак, i ён узяў яго дрыготкай рукой, звонка стукаючы ім аб зубы, адпіў крыху, адчуў, як адразу яму лягчэе.
— Дзякую,— прашаптаў ён, выцер рукавом мокрую бараду, убачыў, што прыбег сюды i сын, стаіць i ca сполахам лыпае на яго велікаватымі вачыма.— Ідзіце. Я хачу пабыць адзін. Скажы толькі, калі ласка,— ён зірнуў на дачку,— у якую бальніцу забралі маці...
Тоня сказала, кіўнула брату ды яшчэ раз зірнула на яго i выйшла з пакоя.
Навіцкі, як застаўся адзін, адчуў, як мацней закалацілася рука, якая трымала кубак. Ён яшчэ крыху выпіў вады, абліў ёю бараду i грудзіну, падняўся, паставіў кубак на стол. Хіснуўся, абапёрся рукамі аб сцяну. Асцярожна падаўся ў дзверы, а пасля па калідоры ў прыхожую — да плашча.
Ішоў, пераадольваў дрыготку ў каленях i адчуваў, што за сёння не толькі сіламі, здароўем, але i душою пастарэў самае малое на пятнаццаць гадоў, хоць — добра разумеў — гэтыя бясчасныя гады прыйшлі не толькі за сённяшні дзень...
1976
ЦЫГАНСКІЯ ПECHI
Я ў маленстве вельмі баяўся цыганоў. Можа, таму, што тады хадзіла пра ix шмат самых неверагодных легенд.
Калі правінавачваўся ў нечым, дык маці альбо бабуля звычайна прыстрашвалі адным i тым жа: «Пачакай-пачакай, неслух! Прыйдзе вот цыганка — аддадзім. Як трапіш у цыганскія рукі, дык будзеш ведаць, як не слухаць маці альбо бабулю». I калі ўзімку ці летам да нас сапраўды заходзіла цыганка, я заўсёды хаваўся — на печы над лахманамі альбо на ваг над ложкам. Праўда, госця, бадай, не зважала на нас, дзяцей, альбо нават i ласкава загаворвала, але я, цікуючы за ёю з якой шчыліны, надта не верыў — думаў, што заманьвае. I мяне са схованкі, i меншых маіх сястру ды брата, што туліліся да маці.
У нас, на хутары, яшчэ гаварылі, што цыганы не толькі забіраюць малых непаслухмяных дзяцей, але i ашукваюць старэйшых, выманьваюць ад ix дабро, а бывае, нават i крадуць. Да слова, казалі, што ў Антосі Кузёмка, старой кабеты, яны «выцыганілі» прыгожы, даўняй работы абрус толькі за тое, што «надакляравалі» яе адзінаму хваравітаму сыну шчаслівае вяртанне з гарадской бальніцы. У Ганны Навіцкай забралі пярсцёнак, i забралі так хітра, што яна нават апамятацца доўга не магла: помніць, што паказвала «маладой i надта ж нагляднай чорнавалосай госці» шлюбны пярсцёнак, помніць, што тая разглядала яго i ўсміхалася, а пасля аддала «ў самыя рукі», а вось зусім не помніць, як памяць адняло, чаму пярсцёнка ўсё ж у пудэлку не стала. Наш бліжэйшы хутарскі сусед, Пятро Мельнік, любіў баяць сваю гісторыю з цыганамі. Да ix, па яго словах, зайшла аднойчы ў зімовую сцюжу маладая цыганка з маленечкім дзіцем, папрасілася пагрэцца, а таксама папрасіла есці. Дзе ты адмовіш! Людзі ж! Маці з дзіцем! Гаспадыня пакарміла госцю i яе дачку, паслухала яе цікавыя расказы пра свет вялікі i пра ўсякія цыганскія прыгоды. Калі ж адагрэтая i сытая падарожніца збіралася пайсці далей сваім, вядомым толькі ёй шляхам, нечакана заявіўся ў хаце «усаты малады цыган, можа, i яе муж. Ён ветліва павітаўся з гаспадарамі, а пасля пачаў не толькі пагрозна крычаць на сваю маладзіцу, але i хлістаць яе пугаю — відаць, за тое, што яна тут надоўга затрымалася. Жанчына лямантавала, кідалася па хаце, урэшце шмыгнула пад вялікі ложак.