Выбрать главу

Калі гаспадары супакоілі ваяўнічага госця, пакармілі, яна вылезла ca схованкі i бокам-бокам шмыг за дзверы, нават пра дзіця сваё забылася. Ветліва развітаўшыся, падзякаваўшы, неўзабаве падаўся з хаты i мужчына. Разам з дзіцем. Мельнікі доўга гадалі, чаму быў такі злы цыган, i толькі на трэція суткі агледзелі выпадкова, што з-пад ложка зніклі гаспадаровы новыя хромавыя боты. Спахапіліся, завохкалі, ды вярнуць боты было позна: ужо гасцей тых нечаканых за гэты час i след выстыў.

Канечне, расказваючы гэтыя i іншыя гісторыі, людзі шмат перабольшвалі, дапрыдумвалі нямала чаго самі. Не для зла, здзеку ці ганьбы, а больш для фантазіі, пацехі, утаймавання аднастайнага хутарскога побыту. Якімі ні былі цыганы ахвотнікамі на малых дзяцей, але ні адно, самае i непаслухмянае, хутарское дзіця не знікла, па-другое, той-сёй гаварыў, што Антося сама аддала абрус, а Ганна сама згубіла свой пярсцёнак, а Пятро застаўся без святочнага абутку таму, што, вяртаючыся аднойчы з вяселля, заснуў на дарозе, дык боты з яго ног сцягнуў нехта свой, з вёскі. Праўда, быў на хутары адзін чалавек, жулікаваты дзяцюк Яська, які не любіў гаварыць пра цыган ні добрае, ні паганае, увогуле пра ix маўчаў, як ніколі не бачыў. Ён, казалі, аднойчы захацеў пазаляцацца да маладзенькай прыгожай варажбіткі, нават заманіў яе ў гумно, але тая здолела выскачыць, уцякла з хутара. На другі дзень прыйшоў туды паджылы, але яшчэ мядзведжай сілы, хмурны барадаты цыган-велікан i так загадкава сам-насам пагаварыў з Яськам, што той не толькі страціў ахвоту заляцца да варажбітак, але i зусім змяніўся, нібы нанова нарадзіўся. Як жартавалі, Яська з той часіны, калі пайшоў з хутара хмурны велікан, а ён застаўся жывы, пачаў верыць у бога, стаў мяккі ды ветлівы, хоць ты да вуха яго прыкладай.

Адным словам, я ў маленстве не ведаў доўга, дзе людзі кажуць праўду, а дзе i складаюць прыдумлянцы пра гэта вандроўнае, гордае, вясёла-журботнае племя, дык i пабойваўся як яго мужчын, так i кабет. I вось у апошняе мае вольнае лета (увосень я павінен быў пайсці ў школу) маё ўяўленне пра цыган змянілася, страх знік, прыйшло новае, раней не чуванае пачуццё.

Здаецца, ці не ў ліпені нечакана ў нас, на хутары, у адзін сонечны надвячорак заявілася мноства фурманак-кібітак. Спыніліся яны адразу за крычатоўскім лесам на неўрадлівым пустым дзірване за нейкіх паўвярсты ад нашай хаты. Сталі табарам, як сказала маці.

У першы вечар новыя суседзі паводзіліся ціха. Спуталі, павязалі коней на дзірване, нарыхтавалі ў лесе сухіх дроў, a ўвечар расклалі вогнішча. Сполахі ад яго паблісквалі далёка, па ўсім нашым хутары, Амшарку, лашчыліся i па шыбах нашага акна.

Увечар, пасля вячэры, бацька i я доўга стаялі на двары i пазіралі туды, дзе весела i высока палаў агонь, цікавячыся, што там адбываецца.

«Павінны спяваць i гуляць»,— сказаў бацька.

Але ля лесу было ціха, звычайна шумлівыя госці паводзіліся спакойна. Можа, стаміліся за доўгую дарогу. Канечне ж, качэўнічалі, зведалі ўжо нямала дарог: пабылі i пад сонцам ды пылам, i пад дажджом, i пад ветрам — натрэсліся, сасмяглі, стаміліся. Жыццё на колах не толькі рамантычнае, але ўсё ж i суровае.

Назаўтра раніцай я, як толькі прачнуўся, адразу ўспомніў пра табар i падаўся на двор. Але толькі абмінуў гумно, зірнуў на нізкае над лесам сонца, прыціхлае ў ранішняй смузе зялёнае поле, як запыніўся, нібы нехта штурхнуў мне ў грудзі: да брамкі падыходзіў высокі, у хромавых ботах, у вайсковай форме, але без пагонаў, толькі з некалькімі медалямі ці ордэнамі на грудзіне, з вялікай завушніцай у вуху, чорнавалосы барадаты дзядзька. Я адскочыў, быццам апёкся аб крапіву, але ад збянтэжання не ведаў, што рабіць: даць драла, каб толькі пяткі бліснулі, ці не паддавацца страху? Хто ж ведае, што задумае гэты ранні госць? Можа, i схопіць мяне ды дасць лататы ад нашай хаты, памчыць у свой табар усім на пацеху!