- Разуй буркалы, с-салага!
Такой абразы гвардыi палкоўнiк Бурзачыла ня зьведваў за ўвесь час служэньня ў войску. Палкоўнiк яшчэ больш пачырванеў, потым спалатнеў, зубы ягоныя зайгралi польку, але доўжылася гэта кароткую хвiлю: ужо празь iмгненьне ён зацягнуўся цыгарэцiнай i злавесным голасам запытаў:
- Зь якой часткi?
Чарнявы салага панiк, скурчыўся, увабраў голаў у плечы i зацкавана паглядзеў на сябра - бялявага салагу з падбiтым правым вокам.
- Гэта мае... тэхнары з Мачульнiкаў, - працэдзiў маёр, панурыўшы вочы, прадукты ў буфэт прывезьлi.
Словы тыя як зь неба ўпалi. Ну вядома з Мачульнiкаў... Дзе ж яшчэ жаўнеры ходзяць някормленыя?.. Душа палкоўнiцкая адтаяла, цела зрабiлася лёгкiм, i палкоўнiк, зыркнуўшы на маёра, ужо лагодным голасам загадаў шарагоўцам бегчы да ўазiка. Зацягнуўшыся цыгарэтай, палкоўнiк Бурзачыла пашукаў вачыма сьметнiцу, а згледзеўшы яе на другiм канцы ходнiка, пстрыкнуў пальцам па сьлiнявым недапалку. Недапалак праляцеў ня меней дваццацi мэтраў i дакладна лёг у цэль.
- Вучыся! - цяпер ужо акрыялым голасам сказаў палкоўнiк маёру i дыхнуў таму ў твар разрэджаным цыгарэтным дымам.
Адразу за Гракавам - пыльным мястэчкам з тузiнам старых камянiц i сотняй вясковых хат, - ляжыць агромiстае поле. Свойчас усходнi, дальнi ад мястэчка клiн, перааралi "кiраўцамi" - зьбiралiся, вiдаць, нешта пасеяць, але нiчога не пасеялi; ральля зь цягам часу ўзялася дзiрванам i нагадвала цяпер пральную дошку. Па гэтым клiне - ачайна бразгаючы ўсiм сваiм жалезным начыньнем i плаксiва скуголячы рухавiком - i кратаўся вайсковы ўазiк. Унутры яго сядзелi чатыры вайскоўцы: палкоўнiк, маёр - ён круцiў "абаранак", - а таксама два шарагоўцы, якiя калацiлiся на заднем сядзеньнi, раз-пораз кранаючыся галовамi брызэнтавага верха.
Маёр, штохвiлiны мацюкаючыся, з шумам выпускаў паветра праз стуленыя вусны, гэтым самым як бы дапамагаючы ўазiку пераадольваць утравелыя калдобiны; а вось палкоўнiк лаяўся зрэдзьчасу - толькi тады, калi руля буйнакалiбэрнай зброi, якую трымаў адзiн з шарагоўцаў, стукала па карку. Пасьля кожнага такога ўдару палкоўнiк прамаўляў няўцямнае: - Йоп..., - шараговец адводзiў зброю ўбок, руля бiла па карку маёра i той дагаворваў пачатую палкоўнiкам фразу да канца.
Праехаўшы па ральлi паўтара кiлямэтры, машына выбiлася на роўнае й маёр, прытапiўшы понаж газу, зморана выдыхнуў:
- Фу, бляць...
Уазiк аб'ехаў высахлую балацявiну, абмiнуў купку чэзлага вербалозу i за брудным ветравым шклом задрыжэлi вiдарысы серабрыстага элiнгу i двухкрылага, падобнага да вялiкай страказы, "кукурузьнiка". Пабачыўшы самалёт, афiцэры шматзначна пераглянулiся: палкоўнiк палез у кiшэнь па цыгарэты, а маёр, адпусьцiўшы на хвiлю руль, задаволена пацёр узмакрэлыя далонi.
Месца, куды яны прыехалi, цяжка было назваць лётнiшчам. Тут стаяў усяго адзiн самалёт, а з аэрадромных пабудоў, апрача дзiравага элiнгу, стаяла жалезная бочка ды тырчэў шост з драцянай рэхвай на вершаку.
Зьмерыўшы вокам шост, палкоўнiк глыбокай зацяжкай дапалiў цыгарэту да фiльтра i, абцягнуўшы мундур, пайшоў да бабулi, якая даiла на ўскрайку поля рабую казу.
Бабуля, вiдаць, была глухаватая, бо не пачула крокаў, таму палкоўнiку давялося другiм разам абцягваць мундур i напаўжартам галёкнуць:
- Прывiтаньне казаводам!
Пасьля такiх слоў бабуля падхапiлася, абцёрла рукi аб спаднiцу, а каза, стукнуўшы капытом аб даёнку, рушыла насустрач палкоўнiку.
Бабулiна жывёлiна была жывым увасабленьнем чорта: такая ж рабая, рагатая, з жаўтлявымi, не раўнуючы як у ката, вачыма. Адно што ў ката - як адцемiў палкоўнiк, - шчылiны зрэнак вэртыкальныя, а ў казы яны былi гарызантальныя.
Спынiўшыся непадалёку, каза мэкнула, зь недаверам крутнула галавой, i палкоўнiк, каб убiцца ў давер, павабiў жывёлiну пальцам i ласкава залапатаў языком:
- Цып-цып-цып...
У вадказ каза пагрозьлiва страсянула галавой, бабуля сьпехам падхапiла даёнку, а палкоўнiк, зразумеўшы, што зрабiў штосьцi ня тое, кашлянуў у далонь i задаў пытаньне, якое даўно сьпела на канцы языка.
- А што, самалёт лётае, цi як?
- Лётае, каб на яго немарач, - жвава адгукнулася бабуля. - Дзесяць гадкоў няма спакою... Дзень да ночы лётае... i ўсё над маёй хатай. Пазалетась дык нейкай халерай абсыпаў. У мяне потым гусак акалеў. Я ж ужо куды толькi не хадзiла, куды толькi не пiсала...
Бабуля, мяркуючы па ўсiм, была балбатлiваю. Палкоўнiк зiрнуў на гадзiньнiк, па старой звычцы кашлянуў у далонь, але гэта не дапамагло.
- Каб яму сьлепакi павылазiлi, паскуднiку гэтаму... Дусю надоечы так напужаў, што тры днi малака не было.
- А Дуся - гэта хто? - перабiў палкоўнiк.