Пяршак быў яшчэ цёплым, тхнуў карбідам, да таго ж піць давялося прыхапкам, бо Толікава жонка штохвілі грукала ў сьценку і здушана лаялася. Кульнуўшы пару кілішкаў, Макар захмялеў, кінуў на падлогу шынель, расьцягнуўся пасярод кухні, прыціснуўшыся скроньню да газавай пліты. Туляк з Манькіным яшчэ колькі часу гаманілі, потым пачалі дужацца рукамі, скінулі на падлогу слоік з самагонкай і на кухню прыбегла гаспадарава жонка. Прыкусіўшы ніжнюю губу, жонка стала цягаць мужа за валасы, гарлаць: «Заб'ю, п'янтосіна!», але Макар нічога гэтага ня чуў і ня бачыў, панурыўшыся ў цяжкі беспрабудны сон.
Раніцаю трэба было ўставаць а сёмай, каб пасьпець на «дызель», Макар жа прачнуўся а дзевятай - з хворай галавой, з ламотай у касьцях і з рэзьзю на доле жывата. І абудзіла яго гучнае вяканьне, якое далятала з ваннай. Ваську ванітавала і гэта наводзіла на думку, што самагон і сапраўды быў з карбідам. Той хвіляй Макара таксама пацягнула на ваніты, але ён страсянуў галавой, падняўся на ногі і піхнуў хворую галаву пад кран з халоднай вадой.
...Праз тры гадзіны, вылезшы з вагону, Макар з прытоенай радасьцю ўбачыў: на азярышчанскай станцыі нічога не зьмянілася. Усё так жа шумелі на ветры згалелыя таполі, на таполях сядзелі тыя ж самыя гракі, плякат на агароджы («Не ходите по путям!») гэтак жа, як і два гады таму, ляпаў праржавелай бляхай і толькі прыстанцыйная прыбіральня, што стаяла ў канцы пляцформы, рэзала вока новай афарбоўкай. Зь белай прыбіральня ператварылася ў цёмна-брунатную і старыя надпісы на яе сьценах выразна прабіваліся скрозь новую фарбу.
Унутры, аднак, сьцены не фарбавалі. Макар, стаўшы над цёмнай адтулінай, стаў разглядаць колішнія свае малюнкі, ды тут сьвет паплыў уваччу і ён вымушаны быў змахнуць рукавом няпрошаную сьлязіну. Плакаў, зморана аддзімаючыся, і Васька Замундалін: у прыбіральні сьмярдзела хлёркай і смурод гэты праймаў да сьлёз. Не абабіўшы апошніх кропляў, Макар выбег на пляцформу і адразу ж патрапіў у матчыны абдоймы.
- А Макарка ж ты мо-ой... А чаму ж цябе не адпускалі-і... - загаласіла маці і ад таго ляманту ўсхадзіліся гракі на дрэвах, а сябар Васька застыў у дзьвярох прыбіральні, не зашпіліўшы прарэху.
- Кожны дзянёчак да поезду бегаю, - галасіла маці і супакоілася толькі тады, як Макар закрыў ёй твар вушанкаю.
Расьпісвалася сяструха праз паўгадзіны, але ісьці ў загс не выпадала - трэба было памыцца, пераапрануцца і наогул прывесьці сябе ў парадак. Пагатоў на вясельле, як сказала маці, прыехалі сталічныя дзеўкі і мальцы.
- Акуратны, непітушчы... летась інстытут скончыў, - лапатала маці, шыбуючы поруч і пры гэтым запабежліва паглядала ў сынавы вочы - спадзявалася, што ў вачах мільгане спагада.
Макар ішоў па гразкай вуліцы, кіўком галавы падганяў сябра і стоена ўздыхаў. Ён не любіў інтэлігентаў.
Вясельле гралі ў леспрамгасаўскай сталоўцы. Суседка іхная, цётка Дуся, працавала ў леспрамгасе бугальтарам - яна і парупілася пра памяшканьне. Зь цёткай той хлопцы і рушылі ў сталоўку. І йшлі ня проста так, а зь медніцай вінегрэту - яе нёс на галаве Васька Замундалін, - і зь цяжкою сумкай, у якой зацята бразгалі бутэлькі.
Два гады ня быў Макар у кампаніях і таму, заўважыўшы людзкі збой на ганку сталовай, замарудзіў хаду, перакінуў з рукі ў руку цяжкую сумку і пацёр навярэджанай даланёю тое месца, дзе білася ўсхваляванае сэрца.
Мальцы, якія стаялі на ганку, былі нетутэйшыя, усе скрозь у крымпленавых пінжаках, вышываных кашулях і, што самае дзіўнае, усе яны гаманілі па-беларуску.
«Кампазытары нейкія» - падумаў тады Макар, скоса зірнуўшы на Ваську Замундаліна. Два гады ён даводзіў сябру, што ў Азярышчы спрадвеку не было нацыяналістаў, што беларусы, гэтак жа, як і тулякі, ненавідзяць лабусаў, а тут... такая неспадзеўка.
Слухаючы кампазытараў, Макар не на жарты расхваляваўся, укінуў у рот цыгарэту, паднёс запалку і толькі тады заўважыў: прыпаліў фільтар. У той жа міг на ганку мільганула штосьці белае і на шыі Макаравай павісла заплаканая Тамарка.
- Тры разы вясельле пераносілі. Усё цябе чакалі... - усхліпнула ля вуха сястра і ўсхліпы гэтыя гарачым рэхвам абхапілі сэрца. Макар гатовы быў і сам расплакацца, ды, перахапіўшы сябруковы пагляд, сумеўся і паляпаў даланёю па дрогкай Тамарчынай сьпіне.
Пякучая крыўда - на сябе самога - не адпускала і надалей, калі ён рукаўся з жаніхом - хударлявым заморкам у акулярах, левае шкельца ў якіх было трэснутае й падзяляла жаніховае вока на дзьве палавіны; і калі сядаў за вясельны стол, далучыўшы да вірлівай гамонкі натужлівы трэск выхадных штаноў. Пад час службы азадак прыкметна раздаўся, таму штаны і ня вытрымалі напругі.