Госьці рушылі да весьніц, а цётка, убачыўшы, што Макар прыехаў не адзін, кінула слоік і зашамацела голымі лыткамі па бульбоўніку. Выбег насустрач і дзядзька Трахім. Трымаючы ў рукох «Народную газэту», дзядзька з маладым імпэтам скочыў з ганку і Макар, убачыўшы гэта, незадаволена перасмыкнуў плячыма. Калі ён прыяжджаў адзін, дзядзька з цёткай яго так не сустракалі.
Хвілін пяць госьці таўкліся на кухні, зьелі па гурку, выпілі па шклянцы сырадою і калі дзядзька Трахім, якому карцела пагаманіць з разумным чалавекам, прыпаліў папяросу і разам з дымам выдыхнуў: «Ну, як там Пазьняк?» - Макар выйшаў з хаты і палез на гарышча даставаць вудзільны.
Час быў пасляабедзены. Сонца ўжо не паліла так, як ад раніцы, але ўсё адно было горача і карова Зьвяздоха, вытыркнуўшы зь дзьвярэй хлява вялізную, зь белай плямай на лобе галаву, засоплена аддзімалася. Тут жа, на парозе хлява, сядзеў дзядзькавы кот Барыс. Кудлаты «сібірак» варушыў канцом хваста й зацята - удосыць напіўшыся сырадою - аблізваўся.
Карова наставіла на Макара млявыя вочы, разважаючы - хто гэта стаіць пасярод двара? - стоена адрыгнула й бліскучая нітка сьліны злучыла шурпаты каровін язык з разважліва-рухавым хвастом ката Барыса. Барыс пацягнуўся, зь недаверам зірнуў на вудзільна, - Макар якраз налыгваў на лёску новы плавок, - і рушыў у халадок, пад куст парэчак.
«Добра ў вёсцы» - падумаў тады Макар і, уражаны такім адкрыцьцём, удыхнуў на поўныя грудзі салодкае, настоенае на паху прывялай травы і сырадою, паветра.
... Ён пасьпеў накапаць чарвякоў ля плоту, перш чым пачуў незадаволены дзядзькавы голас:
- Ну, дзе ты?
Вокліч такі сьведчыў пра адно: што на стале ўжо стаялі чыгунок парнай бульбы й міска з маласольнымі гуркамі, што ў печы ўжо страляла тлушчам яешня са шкваркамі, а цётка Тацяна ўжо выцерла ручніком і паставіла на стол пляшку гарэлкі.
Так яно і сталася, адно што на стале не было чыгунка. Бульбу з нагоды прыезду інтэлігентнага госьця рассыпалі па талерках.
- Ну, а якая на сёньня асноўная задача, - запытаўся дзядзька Трахім, калі Макар увайшоў у хату.
- Галоўнае - зваліць Кебіча, - азваўся інтэлігентны госьць, паціраючы потную лысіну.
- Звалім. У нас у Бычках яго ніхто ня любіць, - выдыхнуў дзядзька, падхапіў пляшку і акрыялым голасам дадаў: - Усё будзе добра.
- Глядзіце, каб горай не было, - уставіла слова цётка Тацяна, дастаўшы з печы патэльню зь яешняй.
Дзядзька скалупнуў з пляшкі накрыўку, з гіранічнай усьмешкай перасмыкнуў галавою. Пляшка цюкнула па краі кілішка, інтэлігентны госьць спалохана працягнуў руку, дэманструючы, што ён ня п'е, але гаспадар з такой суворасьцю паглядзеў на госьця, што той сумеўся і вінавата ўздыхнуў.
- Такой цёмнай бабы, як мая жонка - няма ва ўсім Азярышчанскім раёне, - пажартаваў дзядзька Трахім, падымаючы чарку.
Кульнуўшы па першай, дружна захрумсьцелі маласольнымі гуркамі.
- І ўсё ж... дарма Шушку скінулі... Тут я Пазьняка не разумею, - няўцямна, з набітым ротам, прагугнеў дзядзька Трахім і цяпер ужо інтэлігенту выпала гіранічна пасьміхнуцца.
- Згодніцтва Станіслава Станіслававіча мяжуе з цынізмам, - мовіў госьць, а Макар, хапануўшы ротам гарачую бульбіну, яшчэ больш няўцямна, чым дзядзька, прагугнеў: - Вось за гэта і вып'ем!
Да Гатаўскага возера, калі ісьці нацянькі - ня болей трох кілямэтраў. Але лезьці па кустох, ды яшчэ ўзяўшы чарку, было не з рукі, таму яны пайшлі бальшаком, у спадзеўцы падсесьці на спадарожную машыну.
Хаця й выпілі, можна сказаць, па кроплі - на траіх адну пляшку, але швагру й гэтага хапіла: яго матляла ўбокі, акуляры два разы падалі з глюгастага носу і швагер шторазу лавіў іх няўклюднымі рукамі.
«Рупіцца Кебіча скідаць, а сам ад чаркі валіцца», - падумаў Макар, пачухаўшы вудзільнам за левым вухам. І яшчэ падумаў, што дарма ня выцягнуў гэтага ёлупня на белы сьвет раней - гадоў дзесяць таму, а падумаўшы так, спахмурнеў і прысьпешыў хаду.
Дзесяць гадоў таму - гэткім жа сьпякотным ліпеньскім днём, да іх на будоўлю прыехала чорная «Волга». Начальства і раней завітвала на аб'ект. Будавалі новую школу й паўшчуваць небараку-прараба прыяжджалі нават абласныя «бугры». Але гэтым разам, зірнуўшы з вакна трэцяга паверха на бліскучы, падобны да вялізнага жука, легкавік, Макар міжволі сьцепануўся і ў галаве ягонай мільганула пякельная думка: «За мной!»
Прадчуваньне не падманула. Хтосьці з рабочых гукнуў ягонае імя й Макар рушыў на нягнуткіх нагах долу, ліхаманкава згадваючы - колькі машын з рошчынай і цэглай не даехалі апошнім часам да будоўлі.
Ля бэтонамяшалкі яго пераняў камсамольскага выгляду маладзён у шэрым гарнітуры. Маладзён прыязна пасьміхнуўся, паціснуў руку і прапанаваў зайсьці ў бытоўку.