Выбрать главу

Янка Купала

Зімою

Калядная ночка ўвесь сьвет пакрывае, Па белай ад сьнегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Сьвіст віхраў спакойна заснуць не дае.
У коміне вецер заціхнуць ня хоча, — Заносіцца песьняй магільнай, дзікой; То стогне, то плача, то дзіка рагоча, Як быццам сьмяецца зь нядолі людской.
Дарожкі і сьцежкі занесла віхура, Ня знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар; Воўк выйшаўшы зь лесу, скаголіць панура, — Каб чым пажывіцца — пакінуў гушчар.
І сіняе неба ад зор не рунее, I месяц дзесь згінуў, ня ходзіць па ім, Штохвіля цямней ноч, мароз не вальнее, Сьнег сыпле і сыпле, як прыскам якім.
Бяда падарожнаму гэткай парою Дарогу вялікую перабываць, — Як стой загавеціся можна душою, Сьняжніца — засыпаць, зьвяр'ё — разарваць!
Але вось у гэту рабінаву ночку Бач, нехта ня вытрываў, полем ідзе, Руку апірае на тонкім кіёчку, На плечах і сьпераду ношку нясе.
Хто гэткі шалёны ў такую завею Пакінуў хацінку, ў дарогу пайшоў? Аж жудка на сэрцы, душа ажно млее: Там зь дзіцем кабета пляцецца дамоў!
Гістор'я старая: убогая дзеўка Пайшла ў двор на службу для хлеба куска, Пайшла, паганяная гора прыпеўкай, Ад хаты радзімай, сьвятога кутка.
Семнаццаты год шоў прыгожай Ганулі, Век самы, што толькі жыві, прыпявай! Сам век, што ахвоціць да працы, да гуляў, А што ўжо любіцца — на ўсё забывай!
На звадку для хлопцаў, на зайздрасьць дзяўчатам Слыла паваблівай дзяўчынай яна, І гэта павабнасьць яе стала катам: Скасіла і радасьць, і песьні спрытна.
О, моладасьць, моладасьць! Сколькі з табою Прыгод падчас горкіх ідзе для людзей! Ты сэрца узбурыш, гульнеш ты з душою, Ты, ломячы думкі, кроў смокчаш з грудзей.
Я так жа, змагаючы долі завею, Надзеі вялікія сьніў, будаваў, — Ты ж, моладасьць, мачыхай стала маею… Эй, што гаварыці! Цябе я ня знаў!
Прыхільна дзяўчына на сьвет гэты боскі Глядзела і верыла зьменным людзям; От, знама, прастачка, дзіцё нашай вёскі, Што зь беднасьці, зь невуцтва знанае нам.
Нямала ў дварэ слуг, шмат хлопцаў ўсялякіх, — Сумленных, праўдзівых і шэльмаў благіх. Цімох жа найлепшы: няма ў ім ніякіх Паступкаў нягодных, як ёсьць у другіх.
Дзяўчына прыгожая, хлопец прыгожы, — Вось пара ўжо сэрцаў, вось пара людзей, Што могуць забыцца на ўсё, на сьвет Божы, Як кроў маладая заходзіць жывей.
Хто з нас не любіўся, хто ўцехай каханьня Хоць міг сваіх лет маладых не правёў? Сам-насам дзяўчыны з малойцам шаптаньня, Двух сэрцаў хто слухаў вясёлых размоў?
Цімох і Гануля — вось роўная пара: Яна бедна дзеўка, ён бедны дзяцюк; Любілісь і мелісь пабраціся зара, Дый здрадзіла шчасьце, мінула іх рук.
Гаротнага хлопца пагналі далёка, Пагналі ў салдаты на зьдзекі, на плач; Засталася Ганна адна-адзінокай, А з доляй — хоць сонца, хоць сьвету ня бач!
Сягоньня, во ў гэткую сьцюжу пляцецца, Пляцецца зь няшчасьцем, з пацехай сваёй, Хоць вые віхура, хаўтурна сьмяецца, Як людзі, так дзіка рагоча над ёй.
Ідзе і ідзе, а сьнягамі дзьме неба, Дзіцё ў руках плача. Ноч, жудка… бяда. Ў катомцы на плечах нясе булку хлеба I сала фунт — служкі за труд — каляда.
Па гурбах, па наспах ідучы сьняжаных, Змаглася, халодны пот цела заліў, А рукі і ногі мароз неспыняны Даўно замарозіў, даўно зьнечуліў.
Чуць дух пераводзіць, зьліпаюцца вочы, Яшчэ дабыла сіл, ды дзе больш дабыць? Скасіліся ногі, ямчэй вецер скочыў, Схіснулася й зь дзіцем, і з хлебам ляжыць!
Ляжыць сярод поля шырокага Ў пасьцелі пуховай са сьнегу. Спачні зь дзіцянём, адзінокая, — Вам лепшых ня знаці начлегаў!
Ня бойцеся!.. Ўтуліць ад холаду, Спаўе, як пялёнкай, сьнег белы, Зацягне вам песьню мяцеліца, Воўк жальбай завые скалелы.
Але віхраў сьвісты магільныя I воўчыя выцьці пад борам Няхай не пужаюць вас, бедныя, Сваім нелюбым загаворам.