I — дзіўна! — з’яўленне памочніцы памагло яшчэ ў большай ступені пераключыцца з кухні на чаканне сына.
Прыехала Тамара — малодшая Пустаходава, студэнтка універсітэта. Яе Вольга Андрэеўна ведала менш, чым іншых. Ды i з другімі яна пазнаёмілася нядаўна, не лічачы Ірыны i самога Пустахода. Валодзя, канешне, ведаў усіх, бо часта ездзіў у калгас, абедаў у старшыні. А яе толькі разы два звазіў на пасеку, але дачок на тых абедах не было, толькі Мар’я ГІятроўна. З дочкамі, сынам, нявесткай, унучкамі яна пазнаёмілася, калі Глеб абвясціў аб сваёй жаніцьбе, i яны паехалі ўсе трое — жаніх, бацька, маці ў сваты, так гэта не без іроніі называлі сын i муж, хоць ёй было не да жартаў, не да іроніі, яна ехала вельмі сур’ёзная i нязвыкла хвалявалася.
Сям’я Пустаходаў не магла не падабацца. Галавой у доме, камандуючай, як жартаваў бацька, была не добрая, ласкавая гаспадыня, а ix старэйшая дачка, Ліза, даярка, маці траіх дзяцей, гаваруння, што, аднак, не шкодзіла ёй быць хітрым палітыкам. Мужа свайго, механіка, яна трымала пад пятой, сама так казала, i ён не пярэчыў, хоць з-пад улады, як высветлілася, выходзіў нярэдка. Дом ix, палац у параўнанні ca старой бацькавай хатай, збудаваны на бацькавай сядзібе, у канцы гарода, на беразе кароткай рачулкі з маляўнічымі вербамі. Хлеў, свіран, лазня, новыя, дыхтоўныя, хоць i пачарнелыя ўжо, был i агульныя; хлеў не пуставаў: каровы трымаў i сам старшыня i сям’я дачкі, былі i свінні, качкі, куры.
Пыльчанка яшчэ тады, калі механік будаваўся, упікнуў Пустахода: «Такі дом, які ўпрыгожыў бы вуліцу, схавалі ў кусты». «А гэта мая гераіня, з ёй не зладзіць, не пераканаць, чыста бабская ўпартасць», — з асуджэннем гаспадара i гонарам бацькі апраўдваўся старшыня.
Між іншым, прыгнечаны жонкай механік на абедзе напіўся i чапляўся да Уладзіміра Паўлавіча: дайце яму свабоду!
«А хто не дае яе?»
«Вы! Раённыя бюракраты».
Старшыня паспрабаваў пажартаваць:
«Табе Савецкая ўлада не падабаецца?»
«Не падабаецца!» — на поўным сур’ёзе выгукнуў п’яны.
Пустаход пачырванеў. Ліза падхапілася: «Ану, даражэнькі, ходзьма ca мной. Я займуся з табой палітграматай!»
Ix дванаццацігадовы сын Ваня задрыгаў нагамі i зарагатаў: уявіў «палітграмату».
Віктар Ёрш трохі паяршыўся, але не столькі па ўедлівым патрабаванні жончыным, колькі ад знаёмага цесцевага сапення — прыкметы гневу — мусіў пакінуць багаты стол, дзе было да чаго прыкласціся i ў час антыалкагольнай кампаніі.
Другая сястра Паша, выхавацельніца дзіцячага сада, няўдачніца, развядзёнка, ціхмяная i плановая; Вольга Андрэеўна ўбачыла пасля абеду, як Паша плакала ў кухні. Зайздросціла сёстрам?
Трэці — сын Антон, аграном, увесь у бацьку — меў не толькі знешняе падабенства, але i голас, i жэсты, i характар. «Тыповы паляшук» — сказаў пра яго Уладзімір Паўлавіч.
Пасля — Ірына. Прыгажэйшая за сясцёр. Адна хіба рыса яе характару насцярожвала Вольгу Андрэеўну — залішне ўладная, самаўпэўненая. Такія добра працуюць, але i на рабоце i ў сям’і імкнуцца верхаводзіць. A маці не хацелася, каб яе сынам камандавала жонка, яна добра ведала мяккасць Глебаву. Гэта не Барыс, тым не пакамандуеш. Хоць жонкам падабаюцца i такія.
Тамары на тых агледзінах не было. Прыводзіла пасля Ірына — пазнаёміць будучых свёкраў яшчэ з адной сястрой сваёй.
Спачатку трохі не спадабалася, што Тамара праз дзесяць хвілін пасля таго, як надзела квяцісты рабочы фартушок, які, дарэчы, прывезла с сабой, адчула сябе гаспадыняй на кухні, у доме. Але потым спрыт яе, уменне пачалі захапляць не толькі Вольгу Андрэеўну, але i сялянку Ганну. Любая работа гарэла ў яе руках. Асабліва здзіўляла, што на кухні рабіла не па-сялянску, а так, быццам прайшла кулінарную школу.
— Дзе ета ты, Томачка, вырасла? — ахала Ганна.
— А над Прыпяццю. Гледзячы на ваду.