I вось аварыя падкінула яму рабочую сілу, якой не хапала. Давай, разгортвайся, пакуль зямля чыстая. Але i падкінула прэтэндэнта на яго месца, мала што сам ён адмаўляецца. Пакуль што, можа, i шчыра адмаўляецца. Пакуль што… Недарэмна зачасціў Пыльчанка i кожны раз, раней, чым заглянуць ў праўленне, пашукаць старшыню, заглядвае да сваякоў на ферму. Спрабаваў Карака падаслаць сваіх даярак: пра што сваты гавораць паміж сабой? Ды хіба такія вароны здольныя выведаць штось, падслухаць сакрэты! Ды i гэтыя зубры два былі б дурнямі, каб ровам на ўсю ферму вылажылі свае патаемныя думкі i планы.
Насцярожвала не толькі работа Пустаходаў на ферме. Большасць эвакуіраваных чакалі, калі ім дзяржава пабудуе дамы. У калгасе працавала ПМК ажно са Светлагорска, пачалі будаўніцтва двухсот дамоў. Пачалі… але калі скончаць? Дзіцяці зразумела, што так нельга распыляцца. Але такія планы надзвычайных камісій, саюзнай, рэспубліканскай, абласной, раённай, па ліквідацыі аварыі. Усе спяшаюцца, верхнія падганяюць ніжніх. Аўрал. Усенародая праява клопатаў аб пацярпелых. Пустаходы ж будуюцца самі. I не ў пасёлку, дзе ПМК заклала падмуркі шчытавых дамоў, а пасярод сяла, насупраць калгаснай канторы. Выбралі пустую сядзібу — гаспадары перабраліся ў горад, такіх тут добрыя дзесяткі два, купілі старую хату, што каторы год стаяла з забігымі вокнамі, зашклілі, паднавілі, перабраліся ў яе ўсёй сям’ёй i побач, на месцы хлява, узводзяць вялікі рублены дом. I расце ён, як кажуць, не па днях, а па гадзінах. Бо акрамя двух наёмных цесляроў, што робяць цэлы дзень, па вечарах працуе вялікая талака — дзесятка паўтара людзей.
Карака здзіўляўся: няўжо столькі сваякоў маюць? Ды не ж, калгаснікі робяць, памагаюць. Чужыя людзі. Але не забароніш жа ім.
Грунтоўна Пустаход будуецца. Надоўга. Навечна. Дурнем трэба быць, каб не разумець, на што разлічвае. Сам, можа, i не праяўляў бы такой актыўнасці, ды яўна Пыльчанка падштурхоўвае.
I Карака пачаў употайкі тыцкаць ім у колы кіёчкі, пакуль што тоненькія, так, драбяза, але, глядзіш, i вылеціць нейкая спіца ў коле. Найперш прыціснуў Віктара з машынай — каб ніякіх безнарадных паездак. Ды Пустаходу светлагорцы пачалі памагаць. Завошта ж? Не за добрыя вочы. Не планавы ж аб’ект. «Хабарчык умее падсунуць», — заключыў Карака.
Пустаходы не толькі будаваліся — думалі пра будучыню, пра восень i зіму, жылі, як належыць сялянам. Урабілі задзірванелую сядзібу. Пасадзілі га родніну, бульбу. Позна. Але вясна цёплая, дажджы прайшлі. Усё расло, як на дражджах.
Бульбу i там, дома, апрацоўвалі па старой методзе: як толькі пачала ўзыходзіць — паскарадзіць драўлянай бараной, выбраць пустазелле, якое расло хутчэй.
Займалася гэтым няўрымслівая Ліза. Як бы больш за ўсіх ёй трэба. Плакала па доме ў родным сяле i з апантанасцю будавала новы на чужой сядзібе. I грады яна садзіла i палола ў перапынках паміж даеннем кароў. Маці ашчаджалі — у яе ціск. Ды i бацька хіба што кіраваў хатнімі справамі, адной фермы яму не хапала для дзейнасці, чалавек прызвычаіўся да шырокага фронту работ. Віктар на машыне, на трактары, на камбайне мог усё зрабіць, дзень i ноч працаваць, але капаніцу — ці браў у рукі? Ды i на конях любіў хіба вярхом праехаць, лічыў, што ў цяперашні час конь павінен служыць для прыгажосці, для спорту, а не ў хамуце, які націрае яму карак, хадзіць.
Паміма волі Пустахода пры эвакуацыі ўсіх коней калгаса, а там ix была сотня, пагналі на мясакамбінат, Плакаць хацелася старому старшыні.
Тут, у Высокім Гаі, коней засталося нямнога, хоць калгас меў невысокую механізацыю. Коні вясной былі на расхоп, i імі распараджаўся сам Карака. Новыя калгаснікі, прыпяцкія, як ix назвалі, не адразу сцямілі, што коні ўмацоўвалі ўладу старшыні над людзьмі. Ix г эта здзіўляла. Там, дома, не толькі Пустаход не займаўся конямі, але i ніводзін брыгадзір; трэба табе конь — вазьмі ў бухгалтэрыі квіток з сімвалічнай аплатай — ад колькіх капеек да двух pyóлёў — у залежнасці ад работы, i ідзі да конюха. А тут трэба пакланіцца. Як пасля вайны. Толькі што самагонкі ўдовы не прыносяць. А можа, i прыносяць пад час пасяўной, калі дарагі кожны дзень.
Меўся пастаянны конь пры ферме — для падвозкі i адвозкі дробных грузаў. Але дні два назад Карака крычаў на возчыка, глуханямога хлапчыну, што той робіць «налева». Яўна Пустаходам крычаў, бо бралі яны разы два каня гэтага на будоўлю — жэрдкі з лесу прывозілі, гліну з кар’ера…
Віктар прывёз аднекуль барану з драўлянымі зубам!. Ліза загадзя напярэдадні прынесла ад лесніка, што жыў у вёсцы, хамут, пастромкі, ведала, што збруі на ўсіх коней не хапае.
Пасля ранішняй дойкі, калі на траве ляжала яшчэ раса, Ліза пабегла ў праўленне — захапіць старшыню, пакуль не паехаў у брыгады ці ў райцэнтр. Весела далажыла пра ўчарашні надой, ён не проста вырас — падскочыў. Карака, схаваўшы рэўнасць да поспехаў сям’і Пустаходавай, пахваліў асабіста яе; такую жанчыну нельга не пахваліць.