Выбрать главу

Безумоўна, глупства. Сам ён, Пыльчанка, матляючыся па раёне, нярэдка наведваецца i ў зону, i добра ведае, што з гэтага боку, дзе засталіся жыць людзі, ёсць «малыя зоны» з больш шчыльнай забруджанасцю.

Раніцою адбылося пасяджэнне штаба, на якім ён ледзьве стрымаўся, каб не пакрыць усіх «стратэгаў» шматпавярховым. Даказваў жа яшчэ месяц назад, што нельга пачынаць будаўніцтва дамоў для адселеных у Высокім Гаі, у Лядах, у іншых сёлах свайго раёна. Будаўніцтва спынілі, закапаўшы ў зямлю не адну сотню тысяч. Цяпер само сабой вынікае, што людзей трэба адсяляць за межы раёна. Куды? Зноў будуць вырашаць не толькі без яго, але i не спытаўшыся ў людзей. Які-небудзь Вадалей тыцкае пальцам у карту вобласці: во сюды! I зноў нават не замераюць там радыяцыю. Чорт яе знае, як яна разлятаецца i дзе яна сядзе. Тут пад бокам ў станцыі i то стракатасць — розуму недаступная. «Мудры Аляксей» даў яму праборку за падказку людзям з Бабіна — паехаць на Віцебшчыну. Кіпеў: «Не патрыёт ты, Пыльчанка! А свая вобласць з кім застанецца? Без людзей?»

ПМК знялі ў Гаі без Пыльчанкі — па тэлефоне начальства кіруе аператыўна. На яго долю дасталася больш цяжкая задача, яго, асабістая: сказаць Пустаходу, каб спыніў будаўніцтва дома. Лаяў сябе апошнімі словамі, што не толькі не адгаварыў ад будаўніцтва, але не выказаў сумнення ў неабходнасці такой спешкі, нават заахвоціў, памагаў i марал ьна i матэрыяльна, маючы намер выбраць Івана старшынёй калгаса, у якім падвоілася людзей. Перажываў, што мусіць выканаць яшчэ i такую місію. Ажно во як яно павярнулася. Іван прыехаў сам з непамерным горам сваім, з просьбай пахаваць дачку ў родным сяле.

Пра Караку няшчасны бацька не сказаў ні слова. Пыльчанку калаціла, калі пры самых нечаканых паваротах думка набліжалася да віноўніка недарэчнай да пякучага болю смерці Чалавека, Маці, Працаўніцы.

— Добра, Іван. Зробім усё, як просіць Марыя Пятроўна. Матчына воля — закон.

— I бацькава.

— I бацькава.

Пустаход цяжка падняўся.

— Пайду. А то зойдзецца Маша ад слёз у бальніцы.

— Яна адна там?

— Хіба адну я пакінуў бы яе! I Паша. I Віктар. Як унукаў прывезці з лагера? З Нарачы. Бацьку баюся пасылаць.

— А можа, не трэба… дзяцей сюды?

— Не развітаюцца з маці? Не даруюць яны нам…

Пыльчанка на міг акамянеў: што сказаць на гэта?

— Іван! Што ж гэта такое? — закрыў твар рукаMi, i плечы яго перасмыкнуліся ад кароткага муж чынскага плачу, але тут жа выцер вочы далонямі.— Я пашлю сваю машыну. Не турбуйся. Не бяры на сябе. Яго не прасі ні аб чым! — не мог вымавіць прозвішча Каракі, але Пустаход зразумеў, змоўчаў i яшчэ больш сутуліўся. — Я ўсё закажу… дамавіну, вянкі, машыны…

Старшыня ўрадавай камісіі знаходзіўся ў Мінску, там, у сталіцы, лягчэй вырашаць аварыйныя праблемы, а ix безліч. Там, у раёне, яго замяшчаў начальник штаба, кіраўнік абласны, той былы Пыльчанкаў калега, якому званіў у дзень аварыі,— Рыгор Хвядосавіч.

Пераканаў Сінякова — дзе хаваць. Пятро зразумеў адразу. Да аварыі ён паказваў свой характар, пасля аварыі цалкам згаджаўся са сваім старшынёй райвыканкома, адмовіўся ад свайго пяршынства. У такой экстрэмальнай сітуацыі, пры кіраўніцтве ўсіх вышэйшых органаў, яно, пяршынства ў прыняцці рашэнняў, якім ніхто не вучыў ні ў якой партшколе i якія ніхто дагэтуль не прымаў, было без патрэбы, толькі папсуеш нервы. Але далека не ўсе раз важалі так, як Сінякоў.

Разам прыйшлі да Рыгора. Той адразу на дыбкi. Безумоўна, ашчэрыўся на Пыльчанку: яго сват, яго фантазія.

— Ды ты знаеш, чым гэта пахне — такое парушэнне рэжыму?

— Ты позна пачаў думаць аб рэжыме. Дзе вы былі ў першыя дні? Дзіву даюся, чаму ты ўсяго баішся? Нахапаемся тут радыяцыі — i нічога не будзем баяцца. Складзем лапкі…

Рыгор Хвядосавіч ажно падскочыў, адначасова i пачырванеў i пабялеў — карак наліўся, а лоб i нос як абяскровіліся. Пыльчанка ўдарыў у балючыя мясціны: сам Рыгор прызнаваў сваю нерашучасць у прыняцці рашэнняў i амаль не таіў свой страх перад радыяцыяй.

— Што ў цябе за ідыёцкая манера ўсіх па лохаць! З табой працаваць немагчыма. Цябе людзі пачалі баяцца. Цябе паслухаеш — дык усе мы памрэм.

— Канешне, памрэм.

— З такім настроем мы людзей не супакоім.

— А навошта ix супакойваць? Закалыхвалі мы з табой ix — дай бог, калыханачкі пелі, a будзілі бадзёрымі маршамі. Цяпер не закалышам. A калі хто закалышацца — таго не разбудзім.

— Пятро Міхайлавіч! Калі вы не дадзіце палітычнай ацэнкі такім афарызмам, я буду пісаць…