Выбрать главу

Віктар не мог сядзець, ён стаяў ля праёма дальняга акна i ўпотай, з рукава, курыў, захлынаючыся дымам. Старыя жанчыны асуджалі яго за гэта, падказвалі, каб выйшаў. Але i выйсці ён не мог.

Гэтую дзіўную сілу, якая не давала адарвацца ад нябожчыцы, адчуў i Ўладзімір Паўлавіч амаль са страхам. Колькі хаваў блізкіх, сяброў — такога не было. Але ў яго з’явіўся іншы клопат. Пра жывых. Пра дзяцей. Менавіта таму — што пра дзяцей, хапіла сілы праціснуцца праз шчыльную купку гаеўцаў i выйсці. Вярнуўся з вайсковымі накідкамі. Прайшоў праз сцяну, стаў за плячамі ў жонкі, сказаў:

— Накрыйце дзяцей, — але накрыў сам; пад зялёнымі камуфляжнымі накідкамі дзеці сталі што грыбкі пад лісточкамі.

Пастаяў зноў з тым жа страшным адчуваннем — не адарваць вачэй ад твару нябожчыцы. Паду маў: калі, як, з якой апошняй думкай ён сустрэне свой смяротны міг? Чым для яго кончыцца гэтае бравадна смелае прабыванне ў забруджаных нукліда мі многіх элементаў палях i лясах? Апошнім часам, да нядаўняй успышкі, ён не кожны нават дзень прымаў душ, мяняў адзенне. Не было калі, валіўся ад стомленасці. Сказаў амаль уголас:

— Ірына! Я адашлю цябе дадому. З дзяцьмі. I з Глебам. Хопіць з вас тых доз, што набралі. А дзецям увогуле…

— Не магу, Уладзімір Паўлавіч. Не магу. Я правяду Лізу.

Да Пыльчанкі павярнулася Марыя Пятроўна, чорная пад чорнай хусцінай, але з сухімі вачамі, у поўнай свядомасці, да яе ўжо колькі разоў падыходзіў брат, старэйшы ў пахавальнай камандзе, i яны па-дзелавому раіліся.

— Угаварыце яе, Уладзімір Паўлавіч. Угаварыце. Мы ca сваццяй з раніцы цвярдзім… i ўсе нашы… Падумай пра… — як захлынулася ўнутранымі слязамі, але тут жа пракаўтнула ix: — Пра дзяцей падумай, Ірыначка! Туды ix нельга браць.

— Не, мы паедзем з мамай! — голасна i сярдзіта сказала малая.

— Томачка, нельга так, нельга, — прыціснула да сябе грыбок Ірына. — Шэптам кажы.

У любых іншых умовах з падтрымкай свацці i жонкі ён пераканаў бы нявестку. Ды проста загадаў бы — у яго i права бацькі i права кіраўніка, які лепш, чым хто, ведае сітуацыю. Але не адкрыеш жа дыскусію каля труны, дзе гавораць толькі шэптам. Узлаванасць на неразумную жаночую ўпартасць — адукаваны ж чалавек! — памагла яму адарвацца ад нябожчыцы, адагнаць думкі пра смерць — сваю смерць, заняцца жывымі клопатамі не толькі пра незвычайнае пахаванне.

Глеб стаяў на вуліцы. Яму было блага, каля труны рабілася млосна. Уладзімір Паўлавіч не ўгледзеўся ў сынаў стан, загадаў амаль узлавана:

— Забяры Ірыну i дзяцей.

— Забярэш яе!

— Дрэнны ты муж.

— А ты, бацька, хочаш, каб з вопытам ў два тыдні я быў добрым мужам?

Пыльчанку не спадабалася, што сын намагаецца жартаваць. Жартаўнік з яго ў радасныя хвіліны быў не лепшы, гэта — не Барыс, якога, бывала, спыніць немагчыма: фантан дасціпных слоў, жартаў, гарэзлівых прыдумак, амаль заўсёды з пераборам.

На бярвенні сядзеў, панурыўшыся, Іван Іванавіч. Мокрыя сівыя валасы яго звіслі на лоб, закрывалі вочы. Няшчасны бацька не папраўляў ix, не хацелася яму глядзець на свет белы, на людзей. Ці не таму, што побач стаялі працаўнікі гаспадаркі, якой таксама не стала, якая наўрад ці адновіцца, i глядзелі на яго, ca спачуваннем i, можа, з надзеяй.

«Не, Іван, на людзей глядзі. Глядзі на людзей! У гэтым — ратунак», — падумаў Пыльчанка.

Трэба пасядзець са сватам, вось такое маўклівае сядзенне побач — лепшае спачуванне. I словы сказаць. Не свату. Яму сказаў. Людзям, якія вымушаны былі пакінуць родныя вёскі, родныя хаты. Бачыць па выгляду ix, што яны чакаюць ад яго калі не суцяшэння, то спачування. Што сталі бяздомныя. I што страцілі бадай жа ўсім блізкага чалавека. Але не было ў Пыльчанкі такіх слоў. Месяц назад, калі эвакуіраваліся, ён суцяшаў: ненадоўга. Бадзёрыў i сам тады яшчэ верыў у гэта. Цяпер не верыць, што ненадоўга. Дунец сказаў: навечна. Ен тады абурыўся. А цяпер сам схіляецца да такой думкі. Сказаць ім пра гэта? У такі момант? Жах! Бо прыйдзецца гаварыць усё. Наўрад гэта яшчэ тайна — што будаўніцтва тут, у Высокім Гаі, спыняецца, i ўсе яны вымушаны будуць ехаць у чужы далёкі раён. Але вось гэтага ён, мужны чалавек, i не мог сказаць. Асобна гэтым людзям, у полі ці па ферме, не каля труны першай ахвяры, можа, i сказаў бы. Івану сказаць не мог. Скажа, напэўна, сёння ж пасля пахавання. Але ў той міг не мог.

Два гады як кінуў курьщь. Зрэдку закурваў — толькі ў добрым настроі, у кампаніі, пасля чаркі. Нехта курыў пад страхой старой хаты, цягнула добрым мірным дымком, i Уладзіміру Паўлавічу нясцерпна, да спазмаў у слюнных залозах, захацелася закурыць.