Выбрать главу

— Хлопцы! Дайце хто закурыць.

Працягнулася дзесятак маладых рук з пачкамі танных цыгарэт i адна, старэчая, маршчыністая, — з зашмальцаваным скураным кісетам.

— Самасад, дзед?

— Свой, Паўлавіч! З зямелькі прыпяцкай. Калі вернешся туды, Паўлавіч?

О, ты мудры дзед! Ты знаеш, як прымусіць гаварыць! Але нельга, каб гора на гора! Схіліўся, быццам бы закрываючы паперу для цыгаркі — каб не размокла, сказаў у зямлю, сеючы на яе самасад.

— Вернемся, дзед. Вернемся. Хімчасці паработаюць…

— Ды не работаюць яны ў нас! — бадай абурана запярэчыў малады голас. — Крыж на нас паставілі!

— Я табе дам крыж! Я табе дам! — пагразіў яму Пыльчанка i звярнуўся да свата, каб не працягваць размову з усімі, бо адчуваў — не стрымаецца, скажа праўду, а для Пустахода гэта сапраўды гора на гора.

— Іван, угавары, дзяцей, што нельга ім туды. Ірыну ўгавары, каб ехала з імі дадому…

Іван Іванавіч рэзка падняў галаву — так, што рухам гэтым адкінуў з вачэй, з ілба мокрыя валасы. Яго скаланула гэтае дадому. Да якога дому? Да чыйго? Няма ў дзяцей дому! Няма маці! Пыльчанка ў вачах яго прачытаў: пра гэта сват падумаў. I не даў яму адказаць — амаль крыкнуў сыну:

— I ты, Глеб! Ды будзь ты мужчынам! Загадай жонцы… Я пайшоў пазваніць…

Адышоўшы, сцяміў: нечакана, у парыве, ён сказаў людзям усю праўду. Нядобра сказаў, не падумаўшы. Пра начальства i без таго гавораць многа ўсялякай небылі, а ён як пацвердзіў адну з псіхалагічных легенд: пра сваіх падумаў, сваіх трымае далей ад гэтай праклятай зоны, a ім, прастакам, абяцае хуткае вяртанне. Неабачліва i неразумна да крыўднага. Якраз ён адзін з тых, хто змагаецца з бяздумнымі аптымістамі, што абяцаюць эвакуіраваным хуткі зварот у родныя сёлы.

На падыходзе да будынка праўлення ўбачыў праз адчыненыя шырокія вокны — у кабінетах замітусіліся людзі. Як хавалі штось ці кагосьці. Ці не Караку? Адчуў страх ад магчымай сустрэчы з ім.

Праўленцы сустрэлі старшыню райвыканкома пачціва i баязліва. Ён ведаў: Карака не ўмеў добра гаспадарыць, але каманду сабе падабраць умеў, на гэта людзі яго тыпу маюць асаблівы талент. Бухгалтараў гэтых, планавікоў, аграномаў, заатэхнікаў ён, Пыльчанка, неаднойчы лавіў на прыпісках, для ўласнай выгады яны моцна спаяныя i спетыя. Але пакуль моцна трымаецца патрон. Карака ўмеў трымацца. Самакрытыкавацца ўмеў. За гэта ці невядома за што яго падтрымлівалі. Лаялі i выручалі. Гэтак, між іншым, рабіў i ён, Пыльчанка. Ліслівасць Каракавай каманды сведчыла, што кіраўніка свайго яны ўжо спісалі. I гэта Уладзіміра Паўлавіча абурыла таксама. Ён адчуў глыбокую знявагу да ix, мабыць, у жыцці яшчэ не было, каб ён зневажаў адразу цэлую групу, добры тузін людзей. Выявіў гэтую знявагу тым, што аб справах, сельскагаспадарчых, будаўнічых, ні з кім з ix — ні з намеснікам, ні з галоўным аграномам — гаварыць не стаў, хоць меў намер крута пагаварыць. I не спытаў нават: дзе Карака? Поўная знявага. Пазваніў — i пайшоў, не развітаўшыся.

Ірына, дзеці паехалі, ніхто ix не ўгаварыў. Скарыўшыся, Уладзімір Паўлавіч уціснуў ix разам ca сваццяй i Вольгай Андрэеўнай у сваю машыну.

Варта была папярэджана, але загадзя вароты чамусьці не адчыніла.

Пахавальны картэж спыніўся перад калючым дротам. I тады збялелая Ірына сказала свекрыві:

— Мама, мы паедзем дадому. Паедзем, дзеткі?

Яна ўпершыню ўбачыла дрот. Спалохалася? Не.

Пра радыяцыю яна ведала больш, чым любы з прысутных. Баязлівай не была. Калі i спалохалася, то за дзяцей — за сірат сестрыных i… за свайго. Дзіўна, што i дзеці, якія так упарціліся, тут, перад дротам, моўчкі згадзіліся паехаць з цёткай у горад. Але развітанне ix з маці акрывяніла бабулям i дзядам, ды i ўсім астатнім, сэрцы. Такога развітання, можа, не было яшчэ на зямлі — такой невядомасці не толькі таго свету, куды пераселіцца Мaнi, але i гэтага, дзе пачыналі жыццё яны, малыя, дзе ім трэба жыць. Што ix чакае?

Падсаджаная ў кузаў Тома з крыкам упала маці на грудзі:

— Мамачка! Забяры мяне! Я не хачу! Не хачу! Не хачу!

Цяпер ужо Ванечка, стоячы ў кузаве каля труны i рыдаючы, прасіў сястру:

— Томачка! Томачка! Ну, не трэба… не трэба так. Плакалі ўсе. Не плакала адна Ірына. Развітаўшыся з сястрой, яна рашуча ссадзіла дзяцей з кузава, запіхнула ў «Волгу».

Пыльчанка махнуў шаферу, i машына крута развярнулася.

Паставы адчыніў вароты.

IV

Дзіўна змяніўся Сінякоў: у прысутнасці Пыльчанкі ні ў чым не выяўляў сваёй улады, давяраў i давяраўся цалкам яму, старэйшаму па ўзросту. I клапаціўся, як добры сын пра бацьку: ці паеў, ці адпачыў? З’явіліся пытанні, якія да аварыі здаліся б іранічна-смешнымі: ці памыўся, ці пераадзеўся? Пасля наведвання «гарачых кропак», таго ж Бабіна, дзе зямля «свяціла» на дзевяноста кюры. Уласна кажучы, гэтыя пытанні пайшлі ад яго, ад Пыльчанкі; ён першы, яшчэ ў першамайскія дні, калі маўчалі вучоныя i ўлады, задаў ix блізкім, сябрам. Дунца, які на свята аб’ехаў увесь раён, вельмі здзівіў, калі спытаў: «Памыўся?» Напэўна, гэта было ў «чысты чацвер», бо Дунец засмяяўся. Пакуль не дайшло да яго. A Сінякоў цяпер, заўважыў Пыльчанка, перш за ўсё ў яго пытае пра гэта — пасля кожнай паездкі. Не забыўся спытаць i пасля пахавання Лізы.