Спачатку Уладзімір Паўлавіч скептычна i недаверліва паставіўся да такой увагі i клапатлівасці чалавека, які да таго залішне дбаў пра сваю ролю першай асобы. А потым сцяміў: змены з людзьмі адбываюцца, як на вайне, на перадавой, дзе кожны разумны малады камандзір адкідае амбіцыі i давяраецца больш вопытнаму, старэйшаму, абстралянаму. Абстрэл нуклідамі ў ix быў аднолькавы. «Абстрэл» начальствам быў розны па часе i інтэнсіўнасці — Пыльчанку заўсёды даставалася больш.
На клопат Пыльчанка адказаў клопатам. Яны пасябравалі — праз два гады сумеснай працы. Бяда з’яднала. Сінякоў жыў без сям’і. Сумаваў. Вольга Андрэеўна па-мацярынску апякала яго. Разам праводзілі кароткія адпачынкі: вячэралі ў Пыльчанкі. У адну нядзелю нават дазволілі сабе паехаць на раку. Не на Прыпяць. На Дняпро, кіламетраў за сто, у тое казачнае месца, дзе Бяроза ўпадае ў Славуціч. Радаваліся, што дзеці, калі намералі амаль нармальны фон. Засталіся чыстыя мясціны! Мелі сакрэтную інфармацыю, што за дзвесце з гакам вёрст — на ўсходняй мяжы Беларусі, i за мяжой яе, узровень радыяцыі вышэйшы, чым ў ix гарадку, — як у Бабіне.
Сінякоў спытаў, зноў жа заклапочана:
— Уладзімір Паўлавіч, вытрымаеце разбор Караю?
Пыльчанка задумаўся:
— Соплі ліберальныя не распусціце? Не пашкадуеце?
Раней сакратар напэўна амбіцыйна пакрыўдзіўся б, а цяпер засмяяўся.
— Аднак якой вы думкі пра нас.
— Даўно вывучаю псіхалогію суддзяў. Вельмі ж пакручастая ў ix логіка. Бываюць строгія i гуманный там, дзе не трэба.
— Не бойцеся, не пашкадуем. Такога не пашка дуем.
— Выганяйце без мяне. Ды так, каб на ўсё жыццё запомніў. Не хачу бачыць яго паганую морду. Паеду лепш у калгас, назначу в. а. Пакуль Іван акрыяе.
Усе згадзіліся, бадай, яшчэ да няшчасця з Лізай, што выбіраць старшынёй у Гаі трэба Пустахода. Лепшай кандыдатуры не знайсці. Ды, уласна кажучы, ніхто i не здымаў яго: дзве трэці калгаса перасялілі туды. Але пасля адцягвалі, давалі чалавеку ачуняць ад гора; бачачы, як ён здаў, не адважваліся гаварыць з ім аб такім цяжары. Не адважваліся Сінякоў i старшыня РАПА. Спадзяваліся на Пыльчанку, маўляў, яму прасцей. A Уладзімір Паўлавіч не гаварыў па іншай прычыне. Якія выбары, калі спынена будаўніцтва дамоў? Дзе людзі жыць будуць? Прыйдзецца ехаць пустаходцам далей на поўнач, на чыстыя землі. Але час ішоў, а каманда не паступала. Ён «браў за горла» старшыню камісіі, абласное начальства. Глуха.
Іван Іванавіч прыехаў сам, яшчэ больш счарнелы, схудалы, з сівой барадой — хутка яна адрасла. Пыльчанка прыезду яго не ўзрадаваўся: прыйдзецца ўсё ж гаварыць. I не вельмі шчыра. Нават з Іванам не вельмі шчыра. Праўда, тут, у цесным кабінеце, усё ж неяк лягчэй гаварыць, чым там у калгасе, дзе i хаты ў чалавека няма, — у кароўніку ці ў полі на нуклідным ветры трэба гаварыць. Спытаў ледзьве не з прывітання:
— Ну, Іван, гатовы калгас прыняць?
— Які калгас?
— Ды свой! Свой! Твае ж людзі там. Калі i далей прыйдзецца ім ехаць, — сказаў-такі праўду! — затрымліваць цябе не будзем.
Пустаход доўга сядзеў, сагнуўшыся, упёршыся далонямі ў калені. Цяжка ўздыхнуў.
— Не, Уладзімір Паўлавіч. Які з мяне цяпер камандзір? Паснедаць забываюся. Паеду я адзін. З сям’ёй, канешне. Не магу я тут. I Маша не можа.
— Куды ты паедзеш?
— У Віктара брат працуе механікам у Бабруйскім раёне, у саўгасе. Віктар туды вырашыў падацца. А мы хіба можам жыць без унукаў? Ад бацькі ix не забярэш. I мачысе Маша не аддасць. Цяпер толькі ўнукі i будуць трымаць яе на гэтым свеце. Дай бог, у Ірачкі ўсё будзе добра…
— Дай бог. Вось так i ў бога паверым, Іван. Памойму, Вольга ў царкву хадзіла. Дадуць мне па шапцы, калі так. A забараніць ёй не магу. Тут, брат, самому часам хочацца памаліцца. Накрычышся, намацюкаешся з дурнямі — што брудам сябе заляпаеш. Радыяцыю вадой змываем… яна нябачная i не брыдкая… А гэты бруд чым змыць? Не змываецца нічым. Шклянку гарэлкі хіба хапнеш — чысцейшым быццам бы адчуваеш. Але i ад гэтага радасці няма. Не размовы гэта з людзьмі, не адпачынак. А як дэзінфекцыя на вакзале. Ад заразы. На ўзбочыну нельга з’ехаць. На палянку. На асфальце п’ем, пасярод поля. Каб ніхто не захапіў знянацку. А дзе яшчэ? У лесе, на лузе — радыяцыя, у сталоўках — даносчыкі. Вялікі закон! Што начальства парушае яго — тут жа напішуць. Не знаю, як хто, а я лічыў бы вялікім уніжэннем даваць тлумачэнне за тое, дзе што я выпіў — атручаную нуклідамі ваду ці чыстае «Кабернэ». Дурны закон! Колькі дурнога робім, Іван! Разумеем, што не трэба таго i гэтага рабіць, a робім. Мяне чуць не з’елі, калі я выступіў супраць, каб будаваць пасёлкі для адселеных у нашым жа раёне. А цяпер… вінаватых няма. A калі пачнуць шукаць ix, то мяне i знойдуць. За ўсё адкажу я, стрэлачнік.