Іван Іванавіч здзівіўся, што старшыня райвыканкома гаворыць пра ўсё, але не пра яго намер. Чуў жа на нядаўняй нарадзе строгае ўказанне «вярхоўнага»: з партыі выключаць таго, хто пакіне раён стыхійна. Не баяўся. Цяпер ён нічога не баяўся. Аднак падумаў: не падвесці б Валодзю, з яго спытаюць.
Уладзімір Паўлавіч, наадварот, здзівіўся маўчанню свата, спыніўся перад ім.
— Чаму маўчыш, Іван?
— А што гаварыць, Уладзімір?
— Пекані ты мяне такімі словамі, каб я тыдзень не спаў.
— Няма ў мяне такіх слоў. Не падвяду цябе?
— Ты пра што? А-а, пра таго — Вадалея. Цяпер ён, думаю, рады будзе, каб ніхто не напомніў пра яго дурны загад. Аляксею я далажу. A Сінякоў… ён стаў маім ценем. Не асуджаю i не радуюся. Кал i думаеш адбыць?
— Ужо, лічы, звязалі вузлы. Пазвані ахове, каб прапусціла нас з Машай на Лізіну магілу. I дазволь у тваім доме сорак дзён адзначыць. Усё ж бліжэй да яе, Валодзя! Састарыла яна нас, гаваруння наша, нявуння. З малых гадоў шумела на ўсё сяло…
Памаўчалі ў жалобе. Пыльчанка падсунуў крэсла, сеў побач са сватам — як перад дарогай.
— Адзінока мне будзе без цябе, Іван.
Пустаход адказаў не адразу.
— Во… чуць-чуць не сказаў табе: а ты плюнь на ўсё. Злавіў сябе за язык. Не! Нельга табе! Трэба ты тут. Людзям трэба. Хацеў я, друг ты мой, быць табе памочнікам, ды — што зробіш… Не маю сілы. Слухай… Зруб можна забраць? Як бы гэта праверыць: ці будзе бярвенне «свяціць»? Дзеці ж будуць жыць! Трудоў шкада. Ліза больш, чым хто з нас, старалася…
— Праверым, Іван. Вайскоўцаў прышлю. I сваіх… абарону нашу, якая толькі цяпер заварушылася.
Зруб Пустаходы забралі з сабой. Адзінае багацце.
Ляцела лета. З дажджамі. Навальніцамі. Збожжавыя, гародніна, травы — усё расло, асабліва ў зоне, дзе вольна хадзілі толькі ласі i дзікі. I было крыўдна i балюча за такі ўраджай.
Кіраўнікі раёна, усіх службаў — ад аграпрама да камунальнай гаспадаркі, працавалі з двайной, трайной нагрузкай. А навошта? — нярэдка пытаўся Пыльчанка не толькі ў самога сябе, але i ў калег. Злавеснае пытанне — што гамлетаўскае: «Быць ці не быць?» Уласна кажучы, так i трэба было пытаць: быць ці не быць? Раёну. Гораду. Не, на такое пытанне ніхто не адважваўся. Усе працавалі на — быць! Працы было многа не толькі ад незвычайнасці становішча, але, нарэшце, i ад таго, што ад’язджалі людзі, спецы ялісты, інтэлігенцыя — урачы, інжынеры, настаўнікі. Начальства не проста патрабавала, крычала: не адпускаць, затрымаць! А як затрымаеш? I зноў-такі навошта? Для Пыльчанкі гэта было самае супярэчлівае, самае пакутлівае пытанне.
Старшыня аблвыканкома наскочыў на яго за Пустахода: хто адпусціў? Але, мабыць, убачыў, як яго перасмыкнула, i змоўк. Баяліся яго i шматлікія рэспубліканскія камісіі, i абласное начальства, бо ведалі, што ў запале словы Пыльчанка не падбірае, не далікатнічае, саломкі не падсцілае i прабачэння рэдка просіць.
Усё парадаксальна. Людзі выязджалі. Але ў горадзе людзей не стала менш, наадварот, ледзьве не падвоілася, ніхто не перапісваў. Не толькі новая гасцініца, але i два інтэрнаты меліярацыйнага вучылішча, прыватныя дамы, не дамы — паветкі, дрывотні — былі напакаваны людзьмі. Вайскоўцы стаялі ў наваколлі ў палатачных лагерах. Чамусьці ўсе надзвычайна клапаціліся пра горад. Замянілі палавіну дахаў. Астатнія памылі, неаднойчы. Асфальтавалі вуліцы. Усе. Мара раённых кіраўнікоў! Радуйцеся! З бюджэтам такога горада да гэтых вуліц не дабраліся б яшчэ паўсотні гадоў, а то ўсё стагоддзе. Ажыццяўлялася абяцанне Лявонція Мікалаевіча.
Але радасці ў Пыльчанкі не было. Косткай у горле стаяла ўсё тое ж праклятае пытанне: а навошта? Парадокс заключаўся яшчэ i ў тым, што ў той час, кал i ўкладваліся мільёны ў дэзактывацыю, у дахі, у асфальт, па-ранейшаму прыйшлося ехаць ажно ў Мінск i абіваць парогі, каб выдрапаць прымітыўнае абсталяванне i паўтары тысячы метраў труб для рамонту сваёй «магутнай» ТЭЦ i цеплатрасы.