А то дахі памылі, а прыйшла б зіма — i людзі замярзалі б. Радаваліся — i ён, Пыльчанка, радаваўся — што ім «пайшлі насустрач», хоць ведалі, что нехта недзе праклінае ix, называв хапугамі, якія спекулююць на аварыі. Адзін калега ў вочы сказаў такое. Не быў Уладзімір Паўлавіч ніколі нагаворшчыкам, ненавідзеў тых, хто скардзіўся на таварыша начальству. Але тут не вытрымаў, папярэдзіў Аляксея Раманавіча:
«Пачую яшчэ раз такое — прыйдзецца вам ставіць мяне на кавёр за мардабой».
I кіраўнік вобласці зразумеў, што гэта не жарт: Пыльчанка здольны на самыя нечаканыя выхадкі.
«Радыяцыя на яго так дзейнічае, ці што?» — неяк сумна пажартаваў адзін з сакратароў абкома.
A ўвогуле горад Уладзіміра Паўлавіча так не клапаціў, як сяло. Населены чужымі, горад як бы зрабіўся чужым. Не радавалі ні новыя дахі, ні асфальт. Для горада ён рабіў па службовым абавязку, для сяла — па закліку сэрца. Увогуле ён заўсёды быў селянінам, аграрнікам. А цяпер на першае месца выйшлі не ўраджай i надоі, хоць ix патрабавалі па-ранейшаму, без скідак, нават больш, каб папоўніць страты ад эвакуацыі. Ён думаў: як жыць людзям? У першы месяц-два дапякала тое ж неадчэпнае фатальнае пытанне «Быць ці не быць?». А навошта? Навошта ім жыць тут? З-за яго, гэтага пытання, ён нямала папсаваў крыві i свайму начальству, i сваім калегам, i самому сабе, нажыў непрыхільнікаў угары, якія ў іншых абставінах даўно знайшлі б яму месца дзе-небудзь у прафсаюзах, ва ўпраўленні па ахове прыроды ці ў фондзе міру.
Пазней яго пераканалі, што можна жыць. Людзям можна жыць. A калі людзям можна, то яму трэба. Вучоным паверыў. Ці сам сябе пераканаў? Страшна было падумаць, што палавіну ўсходняга Палесся трэба ператварыць у мёртвую зону. Папаўзлі чуткі, што МАГАТЭ прапануе стварыць міжнародны палігон. Абурыліся людзі. Усе — i кіраўнікі раёна i калгаснікі. Значыць, хочуць жыць.
Вучоныя даказалі на малацэ. З некаторых калгасаў яно ішло забруджаным настолькі, што нават паслухмяная санінспекцыя ўзбунтавалася. А масла з гэтага малака не «свяціла». Сыры перасталі выпускаць, радыеактыўны адгон вылівалі ў ямы, а масла адсылалі па ранейшых адрасах, хадзілі чуткі, праверыць якія на ix узроўні немагчыма было, што толькі Масква i замежныя імпарцёры адмовіліся ад палескага масла. А каб гнаць масла, трэба павышаць надоі. I прыйшла новая «мудрая рэкамендацыя», якая пярэчала ўказанню «нікога ў зону не пускаць», — скасіць там на зялёны падкорм, на сілас кукурузу, зноў-такі вучоныя даказалі, што нібыта кукуруза, адна з зерневых, не набірае радыенукліды з глебы.
Пыльчанка сам выехаў ca спецыялістамі ў зону. Абкладваў прыборы кукурузнай масай. Сапраўды паказанні лепшыя, чым у травах на тарфяніках. Не ўсюды, але нямала дзе скасілі.
Паспела збожжа — i новая каманда: убраць у зоне жыта i ячмень. Маўляў, зерне пойдзе на спірт, тэхнічны (сарамліва дадавалі), бо ішла барацьба з п’янствам. А дзе хаваць гэтае збожжа? Куды вазіць? На той жа элеватар? Тут Пыльчанка стаў на дыбкі. Вучні разумеюць, што ад радыяцыі не адгароджваюць ніякія перагародкі, хіба толькі свінцовыя. А стракатасць на палях здзіўляе: пяць гектараў амаль чыстыя, а побач цэлы масіў забруджаны да небяспечнага ўзроўню.
Не пераканаўшы старшыню камісіі, абласное кіраўніцтва, Уладзімір Паўлавіч паехаў да Лявонція Мікалаевіча, помнячы яго загад — у зону нікога не пускаць. Дырэктар не прыняў яго. Між іншым, у сталіцы даведаўся, што ў «вялікім доме» кіраўнік мае больш ёмкую, дакладную i разам з тым не абразлівую мянушку — Дырэктар. Пыльчанка не пакрыўдзіўся — разумеў занятасць кіраўніка такога рангу ў гарачы час уборкі, тым больш што ўвогуле перад самім Пыльчанкам дзверы адчыняліся лёгка на ўсіх узроўнях.
Скарыстаўшы нагоду, наведаў у прыгарадным санаторыі адселеных жанчын з дзецьмі. Здзівіўся: за лічаныя хвіліны запоўнілася кіназала, як толькі пайшла чутка, што прыехаў старшыня ix райвыканкома. Цяклі, як ручаі, з усіх бакоў. I здзівілі Уладзіміра Паўлавіча злоснай агрэсіўнасцю. Жанчыны Hiкому не верылі. Тыдні два назад дэлегацыя ix паехала ў Мінск на прыём да першых асоб. З імі пагаварылі намы намаў, супакоілі — усё будзе добра! — пасадзілі ў камфартабельны аўтобус i адвезлі назад у санаторый — да дзетак сваіх.
Першае ж надзвычай простае пытанне ашаламіла шматвопытнага старшыню, які ўмеў гаварыць з людзьмі:
— Што з намі будзе?
Паспрабуй адкажы! Што з імі будзе? Адказ пры яго становішчы мог быць толькі афіцыйны:
— Адпачылі — паедзем дадому. Дэзактывацыю мы правялі — не пазнаеце, — стараўся гаварыць легка, жартаўліва, a выклікаў абурэнне.