— Гледзячы ад якой. Ад той, што ў мяне, паміраюць.
Лёгкая дарожная мянта, на якую звычайна ніхто не звяртае ўвагі — абы скараціць час. Але Вользе Андрэеўне раптам захацелася заплакаць — ад жалю да мужа: урэшце, пры ўсім асуджэнні яго ўчынкаў i слоў яна а дна ведала, што цяпер у яго сапраўды тая весялосць, ад якой паміраюць, — палыновая.
Шафёр знямогся за Корасценем, калі павярнулі на ўсход.
— Стоп, Змітро! У святле фар я ўбачыў завею. Значыцца, заснуў. На міг.
З’ехалі на палявую дарогу, пад акацыі. I ў цішыні заснулі ўсе трое. Гадзіны тры спалі — ажно пакуль не разбудзіла сонца.
У Кіеў прыехалі перад пачаткам рабочага дня.
У бальніцу ix не пусцілі. Сястра дзяжурная замахала рукамі.
— ПІчо вы, люды добрыя! Хто цэ відвідуе ў такую рань! Нэ можу! Нэ можу.
Як ні прасілі, ні малілі, як ні даказвалі, адкуль ехал i, усю ноч ехалі, што работа бацькі хворага не дазваляе затрымлівацца, — нішто не памагала. Флегматычная ўкраінка ведала адно: «Нэ можу!» — i ўсё.
Уладзімір Паўлавіч пайшоў шукаць начальства бальнічнае. Вольга Андрэеўна, верачы ў чалавечую дабрыню, у тое, што самая зачарсцвелая душа не можа ўстаяць перад матчынымі просьбамі, засталася пераконваць дзяжурную.
Ды раптам радасны i здзіўлены родны голас:
— Мама! Ты на якіх крыллях?
Вольга Андрэеўна ажно спалохалася ў першы міг, а пасля захлынулася радасцю: во ён, яе Глеб, здаровы, ружовы, загарэлы, праўда, задыханы! Трое маладых хлопцаў у аднолькаВых шэрых бальнічных піжамах, дрэнна адпрасаваных пасля мыцця, увайшлі ў прыёмны пакой знадворку, i Глеб першы ўбачыў маці. Першы i абняў яе, разгубленую ад нечаканасці i радасці.
— Глебушка, хлопчык мой! Што ты так дыхаеш?
— А мы прабежку зрабілі па парку.
Тут увайшоў Пыльчанка-старэйшы, пачуў гэта i ажно кракнуў ад прыкрасці. Моцна ўзлаваўся на жонку. З-за чаго ўзняла паніку? Прымусіла ехаць на ноч гледзячы? Так i вымавіў ёй, калі выйшлі ў бальнічны сад, каб пачакаць Глеба, які пайшоў прымаць працэдуру.
Вольга Андрэеўна не злавала на мужа, лёгка ўпікала яго:
— Дурань ты стары! Чаго разбурчаўся? Радуйся, што здаровы ён, Глеб, i сябры яго здаровыя. Работа… Не вол твая работа — не ўцячэ. Там у вас начальства сабралася больш, чым тых, што робяць з дэзактыватарам, брандспойтам, лапатай…
A Уладзімір Паўлавіч не мог супакоіцца. Ён разумеў жонку i ў душы не так ужо асуджаў яе: маці ёсць маці. Але цяпер ён раўніва думаў, што яе дарожная ноч была лягчэйшая. Яна не таіла свой страх. А сам Пыльчанка маўчаў. У яго ўсё гарэла ўнутраным агнём, самым пякучым, бо не мог ён дазволіць трывогам сваім вырвацца вонку, ён ашчаджаў маці, разумеючы, як глыбока раніла б яе Барысава тайна; у праўдападобнасці Тамарынай здагадкі яна, канешне, не ўсумнілася б.
Уладзімір Паўлавіч адчуваў сябе стомленым, разбітым. I шафёр стомлены. А трэба ехаць назад — рабіць тут няма чаго. Прыляцелі за трыста вёрст глянуць, як сын бегае па дарожках. Злаваўся нават на Глеба: не мог супакоіць маці, калі званіў!
Глеб сказаў тое, што сказаў маці ўчора ўвечары: прывезлі ix сюды на абследаванне, усіх возяць, хто працуе на станцыі, у зоне. Глеб для спакою бацькоў стаіў, што не па графіку абследавання, якое пачалі ўводзіць, яго адаслалі ў Кіеў, a прывезлі на «хуткай» з дзяжурства: ён страціў прытомнасць у турбіннай зале свайго другога блока станцыі. Праўда, не ён першы. Медыкі лічылі, што млеюць людзі ад таго, што ледзьве не замураваныя ад вонкавай радыяцыі, а кіслародам памяшканне насычалася слаба.
Уладзімір Паўлавіч па-сапраўднаму ўзлаваўся тады, калі жонка абвясціла, што застаецца ў Кіеве.
— Хоць яблычкі Глебу буду насіць.
— Якія яблычкі? Радыеактыўныя?
— На рынак не пускаюць з паўночных раёнаў. Толькі з паўднёвых. I дазіметрычны кантроль строгі,— сказаў Глеб.
Бацька i на яго ўзлаваўся.
«Мужчына называецца! Мамачку яму дай!»
— Адрас Галін хоць помніш? — у Кіеве жыла яго, Пыльчанкі, пляменніца.
— Адрас я ўзяла, — як бы пацвярджаючы гэта, Вольга Андрэеўна заглянула ў сумачку, хоць добра помніла гэты адрас.
Уладзімір Паўлавіч кіпеў:
«Значыць, вырашыла яшчэ ўчора застацца тут. На якое ж ліха было гэтак па-пажарнаму паднімаць мяне? Паехала б сама, без спешкі».
Холадна развітаўшыся з сынам, не стаўшы слухаць жончыны настаўленні, як жыць аднаму, пайшоў да машыны.
Паехаў назад адразу ж, толькі паснедалі са Змітром у кафэ. Паехалі на Чарнігаў, Гомель. Заўтра ўсё роўна трэба быць ў Гомелі. Чарговая нарада. Па сяўбе азімых. Вось ужо i азімыя трэба сеяць. Нельга не сеяць. А навошта? Па дзедаўскай мудрасці: паміраць збірайся, а жыта сей?