Аляксей Раманавіч пагразіў пальцам:
— Гэта вы мне кіньце. Разбягаецеся, як з карабля. Панікёры! Карабель не тоне. I не патоне!
— Мы — панікёры? Вы нас крыўдзіце. Дзе гэта вы бачылі ў мяне паніку?
— Ладна, не крыўдуй. Не пра цябе размова. Але Сіняковых многа.
Начальства ў час перабудовы спешна набывала дэмакратычнасць, хоць Аляксей i раней не паводзіў сябе бюракратам. Да ix жа, кіраўнікоў пацярпелых раёнаў, праяўляў асаблівую ўвагу i клопат. Строгім, але добрым быў. Стараўся заахвоціць i словам, i хоць якімі прывілеямі. Выкарыстоўваў кожны выпадак пагаварыць не толькі пра справы — пра дэзактывацыю i ўборку хлеба, але i пра самаадчуванне, пра сям’ю, у душу заглядваў. Падбадзёрыць людзей трэба! Навука даўняя, простая, але не кожнаму яна даецца. Іншы ведае не толькі арыфметыку — вышэйшую матэматыку гэтае навукі, a ў яго ўсё роўна не выходзіць, не атрымліваецца сардэчны кантакт з падначаленымі, самі людзі трымаюць дыстанцыю. А другі, здаецца, не вельмі i стараецца i пашумець можа, a адносіны яго шчырыя i натуральный, без «ігры на публіку». Да якой катэгорыі далучыць Аляксея — Пыльчанка наўрад ці адказаў бы адназначна. А можа, чалавек i павінен быць такім — гнуткім, шматгранным, супярэчлівым? Добра было ўжо тое, што з Аляксеем усё ж можна было пагаварыць. Нават аспрэчыць яго дазвалялася. Ен даказваў свае думкі горача, часам раздражнёна, але, здаючыся, не «меў зуб» на апанента. Паспрабаваў бы нехта гэтак непачціва «пабіць», напрыклад, таго ж Лявонція! Ого! Калі яго нават у більярд абыгрывалі, ён чырванеў i кідаў гульню i пасля з такім непачцівым падначаленым ніколі не ўзнаўляў яе.
Аднак кожны начальнік любіць паапякаць i выдаць аванс у той ці іншай форме: помні, маўляў, маю дабрыню.
Па такой схеме будавалася ix размова. Аляксей Раманавіч падняўся з-за стала, закурыў.
— Куры. Прабач. Забыўся. Ты ж не курыш. Правильна. Доўга пражывеш.
— Пражыву. Насычуся нуклідамі… i буду жыць, як Мафусаіл — дзевяцьсот гадоў.
Сакратар паглядзеў у акно. З вышыні адкрываўся маляўнічы від на парк, раку, зарэчныя прасторы.
Уладзімір Паўлавіч усцешыўся за Сінякова. Не адбіў Аляксей з ходу яго просьбу — значыць, прыняў сур’ёзна i задумаўся, куды перавесці чалавека. Але сакратар сказаў не пра Сінякова — пра яго, Пыльчанку:
— Хацеў я цябе падняць. Трэба мне такі памочнік. З вопытам. Але… там не згадзіліся, — паказаў вачамі ў столь, хоць вышэй паверха, на якім яны знаходзіліся, нікога не было.
Пыльчанка весела кракнуў.
— Хто? Дырэктар?
Аляксей Раманавіч крута павярнуўся, змераў старшыню райвыканкома строгім асуджальным паглядам.
— Усё ты знаеш. У гэтым твая бяда. Не, не ў гэтым. Знаць можна… Язык не ўмееш трымаць за зубам!. Язык твой — вораг твой.
— Во гэта праўда! — ахвотна згадзіўся Пыльчанка.
— Непачціва ты гаварыў з ім, калі ездзілі.
— Гаварыў — як вымушалі абставіны. Дыпламатам не быў. Ды i не да месца яна, дыпламатыя, у нашай сітуацыі.
— Тэлеграмамі злоўжываеш.
— Каб мог да яго дазваніцца, то не загружаў бы тэлеграф.
— Мне цяжка дазваніцца?
— Вам? — Пыльчанка асекся; не, яму дазваніцца не цяжка, з ім звязваюць у любы час, нават калі ён на кватэры, на дачы. Але ж… Тонка пад’ехаў, Алёша, дарагі наш шэф! Зачапіла цябе, што я разоў колькі «пераскочыў» цераз абласныя кабінеты. Але ты ў пачатку аварыйнай эпапеі сам заклікаў: «Нікому не давайце спакою — ні Мінску, ні Маскве». Няўжо кіўнулі табе зверху? Во табе i перабудова! Паскорана рухаемся — у які бок? Адчуў — падступае злосць. Спаўзае павольна з мяккіх тармазоў, якія трымалі яго, пакуль стараўся памагчы таварышу. Спалохаўся магчымай успышкі, языка свайго спалохаўся. Таму адказаў з пачцівай пакорлівасцю: — Я думаў, што памагаю вам.
— Памагаў, пакуль мы не валодалі сітуацыяй.
— А цяпер вы валодаеце ёй?
— А ты — не?
— Я? Вы знаеце, я ніяк не магу вырашыць, да каго належу — да песімістаў ці да аптымістаў. Там у нас працуе генерал Волкаў з картаграфічнага ўпраўлення Міністэрства абароны. У вас не быў? З дапамогай навейшай тэхнікі робяць карты радыеактыўных раёнаў з дакладным вызначэннем забруджанасці. Во нам бы атрымаць гэтыя карты! Але пра гэта я напісаў запіску вам. Пра карты я — між іншым. Я — пра генерала. I пра сябе — хто я? Аптыміст, песіміст? Дні тры назад Волкаў гэты кажа мне, цікавая ў нас размова была. «Праз пяцьдзесят гадоў,—кідае ён што бомбу, — увесь палескі генафонд вымра». Мяне апаліла проста. Помню, спытаў, як школьнік: «Што значыць генафонд?» — «Людзі, жывёлы…» Во так! Галавасты генерал. Разбіраецца не ў адной картаграфіі. Але знаеце, што я сказаў яму? «Слухай, генерал, кажу, калі даведаюся, што ты ўводзіш гэта ў вушы людзям — не пагляджу на тваё званне. Вазьму нарад міліцыі, яна падначалена мне, вывезу… не, не за межы раёна — за межы рэспублікі i сам дам каленкам пад зад».