Аляксей Раманавіч адкінуўся на падаконнік i весела засмяяўся, разганяючы далонямі дым, каб не глытань яго, смеючыся.
— Правільна сказаў.
— Правільна? Сказаў, можа, i правільна, а сам хілюся да яго… да генеральскага вываду.
— Ну, гэта ты мне кінь!
— А вы кажаце: валодаю сітуацыяй. Хто ёю валодае?
Сакратар нахмурыўся i пайшоў за рабочы стол, даўшы зразумець, што аўдыенцыя закончана. Да размовы пра Сінякова не вярнуўся. Нічога не паабяцаў. I Уладзімір Паўлавіч вяртаўся ў раён засмучаны: што сказаць Пятру? Паабяцаў, балбатун самаўпэўнены, што прывязе яму назначэнне ў чысты раён. Прывёз!
Аднак праз месяц, у верасні, Сінякоў пераехаў у Віцебскую вобласць — у органы ўнутраных спраў.
Развітанне было… ніякае, ні халоднае, ні гарачае. Пятро сабраў апарат райкома, запрасіў членаў бюро. Можа, чалавеку хацелася пачуць падзяку за работу сваю. Падзякі ніхто не выказаў. Гаварылі пажаданні. Але i пры добрых словах людзі як бы саромеліся глядзець Сінякову ў вочы. Нерваваўся Пятро. Чакаў, што скажа стары. Пыльчанка змоўчаў, хоць не сумняваўся, што яго размова з Аляксеем памагла Сінякову выехаць, можна лічыць, з гонарам, без трэску.
Пыльчанка адчуў настрой райкомаўцаў: як бы ні абстаўляўся пераезд, усё ж элемент дэзерцірства ёсць. У душы пратэставаў супраць такога стаўлення да чалавека, які выязджаў дзеля дзяцей. Але перарамагчы сябе не мог. Як людзі — так i ён.
Сінякоў чакаў, што адзін на адзін Уладзімір Паўлавіч усё ж скажа нешта такое, што здыме цяжар з душы.
Сказаў:
— Не забывай!
Магчыма, i гэтыя короткія словы ўзрадавалі ўцекача, бо доўга не выпускаў руку старшыні, глядзеў на яго вачамі, у якіх, здалося, таялі льдзінкі.
— Не забуду. Хіба гэта можна забыць?!
Сапраўды, забыць гэта нельга, думаў Уладзімір Паўлавіч, едучы ў Бабіна, адкуль у той дзень трэба было праводзіць няхай i недалёка — за сотню вёрст — не адкаго — паўтысячы людзей. О, наколькі цяжэй ім адарвацца ад гэтай забруджанай, але роднай зямлі!
Раздзел 5
Гракі не прыляцелі
I
У кастрычніку Ірына нарадзіла хлопчыка. Усю радасць бацькоў яе, ды i сваю ўласную, Вольга Андрэеўна прачытала ў кароткай тэлеграме, якую, напэўна, паслала ўсхваляваная Мар’я Пятроўна, бо звярталася да яе адной i зусім нетэлеграфна:
«Свацейка Ірыначка падарыла нам унука Віншую».
Без подпісу — хіба невядома ад каго?
Уладзімір Паўлавіч ажно прыраўнаваў:
— А мне, выходзіць, i радавацца не трэба? Ну, свацця!
Было чаму парадавацца. Але радасць азмрочвалася тым, што бацька народжанага зноў знаходзіўся ў бальніцы, на гэты раз у Мінску. Вольга Андрэеўна ездзіла да яго трохі хіба не так паспешліва, як у Кіеў, i мужа не прасіла — да Мінска штодня хадзіў аўтобус. Зноў яна знайшла сына знешне здаровым. Але цяпер менавіта гэта i спалохала: што яго адсылаюць у рэспубліканскую бальніцу без бачных звычайнаму чалавеку прыкмет захворвання. Не, адзін сімптом угледзела i яна — Глеб паказаў: павялічана шчытападобная залоза.
— Небяспечна гэта?
— Мама! Хіба забылася? Яна у мяне, малога, распухала.
Гэта праўда: чым толькі ў маленстве не хварэў яе малодшы сын, здаецца, да яго ліплі ўсе хваробы. Ад гэтага Глеб быў кволы i надумлівы — баяўся хвароб, з кожным прышчыкам бег да маці, не тое што Барыс, таго i з тэмпературай трыццаць дзевяць у ложку нельга было ўтрымаць.
Уладзімір Паўлавіч чакаў, што жонка на другі ж дзень паляціць глядзець унука. Не, не спяшалася. Не адразу сцяміў — чаму. Зразумеў, калі захапіў яе за швейнай машынкай. Бабуля шыла ўнуку «пасаг». I не толькі шыла. Купляла — падарункі Ірыне, малому, сватам. Здаецца, да вяселля так не старалася. Не саромелася i яму даць даручэнне: купіць Ірыне футра, не больш i не менш. Бадай, усе зберажэнні свае, што засталіся пас ля вяселля, зняла з кніжкі. Ды i ён праяўляў шчодрасць, якая самога здзіўляла, бо хоць i не быў скупы, але сялянскую ашчаднасць меў. Каб Вольга папрасіла купіць такое дарагое футра ёй (яна ні разу за ўсё жыццё не дазваляла сабе такія траты), ён, напэўна, не толькі здзівіўся б, але i абурыўся: падумаеш, чаго захацела, пані! А для Ірыны лічыў гэта нармальным. Маладая маці, урач павінна апрануцца i цёпла i прыгожа.
Нягледзячы на сваю занятасць, з задавальненнем выконваў жончына заданне: акрамя футра патрэбна яшчэ ўсялякая жаночая i дзіцячая драбяза.