Нялёгка было паклікаць старшыню райспажыўсаюза Яфрэма Калошу i звярнуцца да яго з асабістай просьбай. Адносіны ў ix былі складаныя, Пыльчанка разумеў, што не ўсё залежыць ва ўмовах вострага дэфіцыту ад гандлёвага кіраўніка, аднак нярэдка да чырвані распякаў Калошу за забеспячэнне раёна чыстым харчам, спецадзеннем, бялізнай. Той аднойчы не вытрымаў — сарваўся на паседжанні выканкома:
— Ды гары яна гарам, такая работа! Лепш у Цюмень паеду, лес валіць.
— Дэзерціра мы i там знойдзем. Рашэнне наша аб выключэнні цябе з партыі знойдзе.
Прыціх чалавек: лес валіць не хацелася, кіраваць хацелася.
З такім «сябрам» прыйшлося гаварыць на інтымную тэму.
— Слухай, Яфрэм. Ты з-пад зямлі дастаць можаш?
— Раней мог. Цяпер — не.
— Дрэнна. Па-навуковаму гэта называецца дэгра-да-цыя.
— У народзе гэта прасцей называецца: гаўно дзела.
— Чыё?
— Наша з вамі.
— Ну, тваё — не знаю. А мае — як мае быць. Глядзі, якія рэчы ты павінен дастаць мне, — i падаў спісачак, сачынёны Вольгай.
Калоша глянуў на назву першай пакупкі «футра мутонавае» i лёгенька свіснуў, але вырашыў калупнуць свайго нядаўняга бязлітаснага прабіралу:
— Значыцца, Сінякоў — у Віцебск. А вы куды навастрылі лыжы — у Варкуту ці ў Цюмень, што футра запасці вырашылі?
Пыльчанка не пакрыўдзіўся, засмяяўся — любіў людзей дасціпных i смелых.
— Лапух ты, Яфрэм. I шпільнуць добра не ўмееш. Прачытаў бы далей i варухнуў мазгаўнёй. Дзіцячыя пялёнкі для чаго мне патрэбныя? Нукліды выцерці? Ці на анучы байкавыя? Унук у мяне нарадзіўся! Першы! Знаеш ты, што гэта такое, — першы ўнук?
Ведаў старшыня райспажыўсаюза, бо меў ужо ўнукаў — i першага i другога.
— Ну, калі так, то i з-пад зямлі дастанем. Віншую. Шчыра. Бо веру: цяпер вы падабрэеце.
— Не падхалімнічай. I слухай. Ты ўжо хапаў за парушэнне правіл радыяцыйнай санітарыі. Пастарайся ўзяць на рэспубліканскай базе. Запакуй — хоць у свінец. Але каб стэрыльная чысціня. Усіх тавараў. А то рассцелеш тут перад сваімі бабамі… на нуклідным скразняку… Другая ж месяц спаць не будзе, калі не паглядзіць, што прывезлі для Пыльчанкі. Праверу дазіметрам, будуць брудныя — спішу за твой кошт.
— Добры вы свёкар.
— Не хітруй. Лаўлю я, які ты сэнс укладаеш — свёкар. Сам ты ў якім званні?
— Цесць.
— Цесць, які ўмее грэбсць.
— Куды?
— Не куды, а пад каго. Пад сябе — у першую чаргу.
— Невысокай вы думкі пра нашага брата. Крыўдна.
— Пра цябе высокай. Самай высокай. Не пратрымаўся б ты ў нас дзесяць гадоў. I ордэн табе не павесілі б. Атрымаеш i другі, калі забяспечыш школы чыстым харчам. За школы на літасць не спадзявайся. Не запісваць будзем — спісваць, без доўгіх ушчуванняў.
Калоша цяжка ўздыхнуў.
— Гэта я разумею. Сваіх двое вучняў, у восьмым i дзесятым. A ўнукаў адашлю. Карайце — не карайце… Хоць i настаўніца дачка…
Пыльчанка ўважліва паглядзеў на свайго памочніка ў вельмі цяжкай працы па забеспячэнні раёна прадуктамі, таварамі. Уздыхнуў, успомніўшы, колькі не хапае ix, настаўнікаў.
— Унукаў адсылай. Не пакараем.
Калоша шчыра ўзрадаваўся.
— Во за гэта дзякуй, Уладзімір Паўлавіч. За гэта я такія падарункі нявестцы вашай дастану! З-пад зямлі. Няхай носіць на здароўе.
У хаце горача. Ажно ў нос ударыла духмяная сухмень пасля асенняга халоднага дажджу, які суправаджаў усю дарогу. Сцены яшчэ не атынкованыя, i на суках у бярвенні выступілі слёзы жывіцы. Пахла расплаўленай смалой, пахла свежай сасной — дашчаныя перагародкі, што адгароджвалі кухню i спальні, не паспелі пажаўцець, збудаваныя, можа, тыдзень-два назад. Нагрэтая сасна аддавала ўвесь свой водар. Яшчэ пахла мохам i глінай, пэўна, i грубка не зусім высахла. Хату прывялі да добрага жылога ладу, калі Ірына была ўжо ў раддоме.
Уладзімір Паўлавіч тут жа ацаніў i якасць цяслярскай работы, нават з пэўнай рэўнасцю: ёсць i тут, на Бабруйшчыне, майстры, зроблена не цяп-ляп, па-пустаходаўску, за кароткі i нялёгкі час — у разгар летне-асенняга прыпару. Малайчына, Іван.
Іншае пачула Вольга Андрэеўна: адвечна хвалююць мацярынскую душу ў любым узросце пахі народ жанага дзіцяці — пахі жыцця i радасці. Задняя палавіна хаты з рускай печчу, куды яны ўвайшлі па-сялянску без стуку, завешаная пялёнкамі, прасцінкамі, коўдрачкамі. I свякроў парадавалася, што бацька падрыхтаваў Ірыне такія ўмовы. З лёгкім смуткам прыгадала, як нялёгка прыходзілася ёй, калі нарадзіўся Барыс i яны жылі на прыватнай кватэры ў малюсенькім пакойчыку, i не было нават дзе пасушыць пялёнкі — адна вузенькая батарэя, ледзь цёплая.