Выбрать главу

Ix ніхто не сустрэў. Але за перагародкай чуліся галасы — Ірынін i Марыі Пятроўны. Не, яны не размаўлялі паміж сабою. Яны размаўлялі з ім — з новым чалавекам. Адвечнае буркаванне галубак над галубяткам. Словы — што песня, у ix мала сэнсу, але многа хвалюючай музыкі. I радасці, i трывогі.

Вользе Андрэеўне нясцерпна захацелася далучыцца да гэтае песні. Уладзімір Паўлавіч кашлянуў; нядобра падслухоўваць нават песню, калі яе спяваюць не табе.

Марыя Пятроўна выглянула з дзвярэй. Не здзівілася — узрадавалася шчыра.

— Якія госці!

Але пацалавалася толькі са сваццяй. На свата як забылася — i рукі не падала. Уладзіміра Паўлавіча гэта развесяліла: разумеў — не ад крыўды гэта i не ад разгубленасці. Ад пачуццяў.

Марыя Пятроўна мітусілася, спяшалася, быццам госці спазніліся.

— Распранайцеся ж, распранайцеся.

I гукала:

— Ірачка! Паглядзі, якія госці да нас!

— Мама! Я ж спавіваю.

— Спавівай, спавівай, дачушка. Свякроў твая…

— Я чую. Добры дзень, мама. Добры дзень, Уладзімір Паўлавіч.

— Віншуем цябе, Ірына! — весела гукнуў свёкар.

— Дзякую. I вас віншую… I вас.

Павесілі паліто на цвікі, убітыя ў бярвенне. Увайшлі ў залу — у самы вялікі пакой, самы абжыты. Пасярод стаяў круглы стол, які рассоўваўся: сям’я — дзевяць душ! У кутку — тэлевізар. Над ім, у прасценку — вялікі Лізін партрэт, каляровы, — як ікона. Партрэт гэты на нейкі час азмрочыў Уладзіміру Паўлавічу радасць… вярнуў туды, дзе адбылася трагедыя i дзе, ведаў, адбудзецца не адна яшчэ. Заселі ў галаве словы аб палескім генафондзе. Ніхто яшчэ, нават з зацятых песімістаў, гэтак не выказваўся, як той чортаў генерал. Успамінаў яго — злосна мацюкаў. Згаджаўся з ім i адмаўляў. Есць рэчы, якія лепш не ведаць ці лепш не чуць ад аўтарытэтаў. Прасцей было б, каб сказаў гэта любы балбатун, выказванні такіх жывуць што матылькі-аднадзёнкі. А ёсць словы, кінутыя часам між іншым, мімаходам, а ляжаць яны пасля цяжкім валуном, калі ніхто больш не чуў ix. А даходзяць да людзей — робяцца крылатымі, i тады ад ix або дабро, або вялікая бяда. Не дай божа, каб паляцелі словы аб генафондзе. Ен баіцца ix паўтараць. Здаецца, толькі Пятру ды Аляксею сказаў. Жонцы не расказаў пра сваю размову з Волкавым.

Добра, што Вольгу, здаецца, не скалануў так Лізін партрэт, як яго. Вольга яўна рыхтуецца ўзяць на рукі першага ўнука: абняла грубку, грэла рукі i грудзі.

Немаўля за перагародкай закугакала. Звычайна, як усе дзеці. Але нават яму, дзеду, скептычна настроенаму да жаночых пяшчот, здалося, што голас унука незвычайны. Засмяяўся.

— Басок мужчынскі. Шаляпінскі. Якое імя дамо?

— Ужо далі,— сказала свацця, задаволеная, што паведаміць прыемнасць, зрабіла паўзу, углядаючыся, з якой увагай чакаюць сваты. — Уладзімір. Па дзеду. Каб быў — як дзед.

Уладзімір Паўлавіч здзівіўся, што яго гэта расчуліла i збянтэжыла.

— Ну, дзед Амерыкі не адкрыў. Можа, хіба свой раён закрыць.

— Закрыць? — у дзвярах з’явілася Ірына, трымаючы на выцягнутых руках спавітую ляльку. Бледнасць на твары яе трымалася, пэўна, яшчэ ад родаў. A Уладзіміру Паўлавічу здалося, што яна пабляднела ад яго слоў пра раён. Супакоіў:

— Ды не, ніхто яго не закрые, дачка, — i да жонкі: — Прымай, бабуля, скарб.

Вольга Андрэеўна ўмела ўзяла дзіця, пацалавала ў шапачку, прыціснула лялечку да шчакі сваёй. З вачэй яе капнулі на блакітную коўдрачку буйныя, як боб, слёзы.

— А Глеб не бачыў…

— Пабачыць, мама, пабачыць, — упэўнена i бадзёра адказала Ірына, забіраючы малога. Свёкру не перадала, ды ён напэўна i пабаяўся б узяць. Дзіця перахапіла Марыя Пятроўна i панесла ў спальню.

Знаёмства з новым чалавекам скончылася. Наступіла чарга ўручэння падарункаў.

Футра Ірыне паднёс сам Уладзімір Паўлавіч. Распакавалі ў задняй палавіне хаты. Унёс на растапыраных руках, як добры кравец, i артыстычна, быццам усё жыццё апранаў жанчын ў футры, накінуў яе на плечы нявесткі.

Ірына бадай жа спалохалася.

— Мне?

— Табе, табе, Ірачка, — Вольга Андрэеўна заваліла стол падарункамі народжанаму, свацці, Лізіным сіроткам, добра, што дзяцей не было дома, а так напэўна б не абышлося без слёз.

— Мама! Мне! — ужо зусім па-жаночы радавалася Ірына. — Ой, дзякую, мама, Уладзімір Паўлавіч… Такую i не кожная міністэрша мае.

Знікла ў спальні, скінула там халат, надзела спадніцу, кофтачку, абула чаравікі на высокіх абцасах i выйшла хадою манекеншчыцы з салона мод. Тэат ральна абышла вакол стала, як бы пытаючыся: «Ну, як я?» Жанчына ёсць жанчына! A ў Ірыны занадта было трывогі, каб дазволіць сабе радасць хоць на міг.