Марыя Пятроўна пляснула ў далоні.
— Дачушка ты мая!
Зноў праслязілася Вольга Андрэеўна, ажно муж у думках асудзіў яе:
«Здае мая Вольга — плаксай робіцца».
Сам ён па-мужчынску залюбаваўся нявесткай: «Харошанькая маладзічка! А як яшчэ пахарашэе, калі ачуняе пасля родаў». Але адначасова адчуў i трывогу, боль, своеасаблівую рэўнасць — за сына. Ці прынясе прыгажосць, вось такія жаночыя жэсты, што могуць зачараваць любога мужчыну, радасць хвораму Глебу? Узнікае рэўнасць, няхай i беспадстаўная, i атруціць хлопцу жыццё; нукліды падазронасці, рэўнасці страшнейшыя за нукліды ёду i цэзію. I сам на сябе ўзлаваўся, што клюнуў на жаданне жонкі зрабіць такі дарагі падарунак, што ганарыста цешыцца ім i ўвогуле займаецца не мужчынскай справай — разбірае з бабамі анучы.
— Ну, ты, жонка, тут цешся ўнукам. А я паеду Івана знайду. Дзе яго шукаць?
Пустахода знайшоў лёгка — ферма здалёк відаць. На самой ферме ўжо прыйшлося спытаць, дзе загадчык. Паказалі беспамылкова: у аддзяленні племянных кароў «галандак».
Іван, яшчэ больш схудалы, нядобра згорблены, але чыста паголены, у бялюткім халаце — як стары прафесар. Узрадаваўся прыезду свата. Але ж першае пытанне:
— Ірыначку бачыў?
— I ўнука бачыў.
— Як яна перадрыжала, небарака, i мы ўсе разам з ёй. У Томачкі ажно тэмпература падскочыла, калі цётку павезлі ў раддом. Якое яно народзіцца, дзіцятка? У цябе не з’яўлялася жаданне маліцца? А мне захацелася… Мы з Машай ў прыёмным пакоі да поўначы сядзелі. Нас выганялі. I раптам выйшла пажылая сястра. «Пустаходы? Унук у вас. Харошанькі хлопчык. Чатыры дзвесце. Можаце ехаць дадому…» Ты знаеш, колькі сваіх нарадзілася… шасцёра! Ніколі не перажываў такога. Маша плакала ад радасці. Во як яно бывае, Валодзя!
«Радуйся, Іван. Пра словы Волкава я табе не скажу. Пайшоў ён к чорту, генерал. Калі яму паверыць — жыць не трэба…»
Іван Іванавіч вадзіў госця па кароўніку, не без гонару паказваў багацце племяннога саўгаса.
— Мы з Віктарам хацелі цёлак у арэнду ўзяць… гэтых, племянных… Ды Маша паглядзела, замахала рукамі: не, не, не выцягнеце вы без Лізачкі. Так яна i жыве з намі — суддзёй усяму, што робім. Сіроткам сваім прыклад, — i спыніўся, высока ўзняў галаву, глянуў свату ў вочы. — Валодзя! Вернемся мы да… яе магілы?
— Да магілы, Іван, можна вярнуцца. Да жыцця нельга! Дзецям яе! Нельга, Іван!
— Ніколі?
— Ды яны, калі вырастуць, вывучацца, — самі не захочуць.
— Ды я не пра ix. Пра сябе.
— Не спяшайся, Іван. Не спяшайся.
— Ды ты хоць на дзе ю дай.
— Я не бог, Іван. Нават не акадэмік-атамнік.
— Сам ты не тамашні, a нікуды не выязджаеш.
— I не выеду. Мне можна. Трэба. З людзьмі трэба быць. Выедуць людзі — выеду i я. А табе нельга. У цябе — дзеці. Лізіны.
— Бачыў такі халадзільнік? Шведскі,— нечакана крута павярнуў Пустаход размову на гаспадарку.
Перад вячэрай купалі Воўку. Першы раз. Падзея! Купанне, i не першае, заўсёды падзея, цэлы рытуал. Звычайная працэдура ператвараецца ў свяшчэннадзейства. Дзіця голенькае хаваюць ад чужых — баяцца дурнога вока. A сваім можна глядзець. Ды i куды дзенешся ў сялянскай хаце?
Пустаходава хата перагароджана. Аднак ні маці, ні бабулі не выставілі мужчын у заднюю палавіну. Адзін Віктар выйшаў. А так сабралася ўся сям’я.
Стол рассунулі. На адным краі паставілі ванначку, на другім паслалі коўдрачку, пялёнкі, Жанчыны чарадзейнічалі над вадой. Меўся ў Ірыны граду снік. Але яму не верылі. Марыя Пятроўна i Вольга Андрэеўна мацалі ваду даўнім сялянскім спосабам — локцямі, кісці рук у ваду ніколі не апускалі, толькі локці. Гігіена? Ці проста загрубелая ад працы адкрытая рука не мела той адчусальнасці, што закрыты локаць?
Следам за бабулямі гэтак жа памацала ваду Тома i аўтарытэтна сказала:
— Трэба падліць цёплай.
Дзяўчынка ажно расчырванелася ад узбуджанасці. Гэтае капіраванне маленькай жанчынкай дзеянняў дарослых кранала старых мужчын. А Ваня прыкідваўся, што яго, мужчыну, мала цікавіць бабская справа, нібыта ўткнуўся ў тэлевізар, гук якога прыглушылі, аднак кожную хвілінку знаходзіў прычыну азірнуцца. А дзяды, хоць ix упачатку i адціснулі ў куты, глядзелі з радасцю i цікавасцю малой Томы.
Ірына i маці яе паспрачаліся, каму распавіць малога, каму апусціць у ванначку. Але i гэта, бадай, адвечная ігра паміж маці, што вырасціла вунь колькіх, сваіх, унукаў, i дачкой, якая мала што адукаваная, а азбуку догляду дзяцяці толькі пазнае.
Безумоўна, Марыя Пятроўна разгарнула дзіця, узяла на рукі, пад попку i пад галоўку, у пялёначцы, у якой належала апусціць яго ў ваду. Але неяк ссунула пялёначку на спінку i паказала маленькага ружовенькага яшчэ чалавечка ва ўсёй яго чароўнай прыгажосці.