Выбрать главу

А потым напіўся Віктар i таксама плакаў. Па Лізе. Разжалобіў дзяцей. Заплакала наўзрыд Tомачка. Як ні трымалася — не ўтрымалася маці.

— Падсаліла ты вячэру, — незадаволена буркнуў Пыльчанка, калі ўклаліся спаць.

Ён хутка заснуў, хроп. А Вольга Андрэеўна не спала ўсю ноч. Думала пра сыноў. Усё цяжэйшым i цяжэйшым рабіўся камень, што даўно ляжаў на мацярынскім сэрцы. Рос, ператвараўся ў цэлую гарy, якая вось-вось сплюшчыць трапяткое сэрца.

Вользе Андрэеўне стала трошкі лягчэй, калі вельмі рана — яшчэ не праспявалі трэція пэўні — пачула яна, як падняліся, што па камандзе, Ірына I свацця, хоць яны i да таго падымаліся разы два — на плач дзіцяці. У начной цішыні пачула, пра што яны шэпчуцца — што згатаваць Глебу, каб давезці гарачанькае да бальніцы. I шэпт гэты — што бальзам, цудадзейна гаіў раны матчынай душы, якія яна сама ж, не хто іншы, развярэдзіла ўвечары, калі ў кубку яе змяшалася i салодкая радасць, i горкае гора.

Супакоіў шэпт нявесткі з маці — пра яш, пра Глеба, у Ірачкі клопат! — i яна, знядужаная перажываннямі, заснула i паспала гадзіны тры. Нават зборы на працу свата, Віктара, Полі, дзяцей — у школу, трэск дроў у печы, поранне гаспадынь не пабудзілі яе. Разбудзіў знаёмы шум электрабрытвы. Галіўся муж. Ей ажно няёмка стала.

— Божа! Якая я соня! Як маладуха.

A развітанне зусім зняло ўсю надумлівасць, усіо яе падазронасць.

Ірына ў гарачым парыве моцна абняла яе, пацалавала.

— Мамачка! Пацалуйце Глебушку за мяне i за Валодзьку. Я хутка прыеду. Толькі трошачкі ачуняю. I скажыце: я люблю яго. Я вельмі люблю яго.

I не трэба было маці іншай радасці, як гэтыя нявестчыны словы.

У машыне Уладзімір Паўлавіч пахваліў яе:

— Малайчына ты ў мяне сёння! Выспалася. Ты добра спала. А мне не спалася.

Вольга Андрэеўна моўчкі пасміхалася.

II

Яна ўвайшла ў палату… i ледзьве не самлела. Не, нічога страшнага там не было. Двое хворых сядзелі на засланых коўдрай ложку i гулялі ў шашкі. Адзін з ix Глеб. З твару, з постаці ён не змяніўся. Але за няпоўны месяц, як наведвала яго, ён… палысеў. Жах! Нялёгка ўявіць, што перажыла маці, убачыўшы дваццаціпяцігадовага сына палыселым.

Глеб узрадаваўся маці. Праўда, ён ніколі не выяўляў сваіх пачуццяў, як Барыс. Ён i цяпер, дарослы, нечым нагадваў таго піянера, які саромеўся, калі ў лагер да яго прыязджала маці з торбай прысмакаў; ён саромеўся, пгго яго бацькі мелі магчымасць прывозіць легапыя гасцінцы, чым вазілі іншым, i аднойчы папрасіў ix не вазіць нічога.

Глеб сказаў радасна, але як бы здзіўлена:

— Мама!

Падняўся, ступіў да яе. Але ён ніколі не цалаваў першы. А Вольга Андрэеўна таксама разгубілася: яна баялася яго абняць — баялася, што заплача; у бальніцы яна ні разу не заплакала, ні ў Кіеве, ні тут, у Мінску. Так нейкі момант яны стаялі адно перад адным, не ведаючы, што рабіць. Аднапалатнікі (трэці сядзеў з кнігай каля акна) трохі здзіўлена глядзелі на ix.

Урэшце абняла яго, асцярожна, як цяжкахворага. Вельмі хацелася прытуліць яго галаву да грудзей, пацалаваць i сагрэць гэтую страшную лысіну дыханнем, цеплынёй сваёй. Так i падумала — што Глебавай галаве нязвыкла холадна; лысіна ўяўлялася ёй незакрытай ранай.

Знайшла ход: адступіла на крок i сказала гучна, бадзёра — як здолела:

— Ой, я ж не з таго пачынаю. Віншую цябе з сынам, Глебушка. Які хлопчык! Які хлопчык! Каб ты пабачыў. Учора мы пакупалі яго першы раз.

I зноў абняла сына. Пацалавала ў лоб, у адну шчаку, у другую — як перахрысціла.

— Як? У цябе нарадзіўся сын? I ты маўчыш? — весела выгукнуў таварыш па няшчасці, з якім Глеб гуляў у шашкі,— Ну, жмінда! У дзве гадзіны пашлём Насцю па каньяк. Яна дастане!

— А вам… можна? — наіўна спытала Вольга Андрэеўна.

— Нам, маці, усё можна. Мы геніяльныя сімулянты, як назваў нас адзін вясёлы прафесар. Нашы хваробы не апісаны ні ў якіх трудах. Не дайшла навука да нашых хвароб.

Хлопцы далікатна выйшлі, каб даць маці i сыну пагаварьщь сам-насам. Выйсці было куды: паспешліва створанае радыелагічнае аддзяленне размясцілі ў філіяле рэспубліканскай бальніцы, які будавалі i абсталёўвалі для самых выбраных несмяротных. Мармуровыя холы. Нават зімовы сад. Ідэя філіяла належала Дырэктару, i ён не шкадаваў грошай. Але ён жа i зрабіў шырокі жэст: узваліўшы віну за раскошу на «стрэлачнікаў», аддаў філіял пад лячэбніцу для тых, хто ў зоне аварыі набраў лішнія бэры.

Глеб павесялеў, застаўшыся з маці, староннія людзі яго заўсёды бянтэжылі.

— Як там Ірына?

— Усё нармальна, сынок. Усё нармальна. Ніякіх аслажненняў. Загадала моцна-моцна цалаваць цябе. Ад сябе. I ад Валодзькі.