— Вам не здаецца, прафесар, што вы ператвараеце нас у паддоследных трусоў?
— А ты хочаш быць толькі героем? Не, брат, пабудзь i трусікам. Героем ты ўжо быў.
— Які я герой!
Гісторыю хваробы праглядалі ўсе трое, ссунуўшы ў букет тры белыя шапачкі.
Першым круціў Глеба ўролаг, мацаў i стаячага i ляжачага, стукаў кулакамі ў ныркі.
— Баліць?
— Не.
— Герой!
Пры гэтым проста непрыстойна дапытваўся:
— Мочышся без болю?
— Нармальна.
— Жонку сніш?
Добра, што выручыў жартаўнік Павел Целеш:
— Доктар! Вы думаеце: на здароўе, калі сніш уласную жонку? Не-е! Во калі чужых баб сніш — гэта на здароўе. Як сасніў — лічы, ачуняў, уцякай з бальніцы.
Рассмяшыў нават прафесара-анколага, якая наўрад ці калі ўсміхнулася пры хворых.
— Ты кім рабіў?
— Трактарыстам.
— У калгасе?
— Ага.
— Моцна ты, відаць, весяліў там у сябе дзяўчат?
— Ого, яшчэ як! Але не дзяўчат — больш маладзіц.
— I як рэагавала на тваю весялосць жонка?
— Дык вось жа… ад чаго лысею. Выскубла ўсе валасы. Жонкі, яны такія! Я тут Глеба вучу… Няздольны вучань! Культуры многа.
— Культура, па-твойму, шкодная?
— Што вы! Ад чаго ўсе беды — аварыі такія, хваробы нашы? Ад культуры.
— Не ад культуры. Ад цывілізацыі,— сур’ёзна сказаў хударлявы неўрапатолаг. — Культура можа быць i ў непісьменных, a ў тых, хто ўзброены камп’ютэрамі,— бескультур’е. Во гэта бяда нашага часу.
Неўрапатолаг яшчэ даўжэй выстукваў сваім малаточкам, прымушаў высоўваць язык, ашчэрваць зубы, прысядаць, згінаць рукі, ногі. Усё гэта рабілася ў той жа паслядоўнасці многа разоў. Запісвалі ў гісторыю i нічога не казалі. I гэта Глеба асабліва раздражняла. Астатнія спецыялісты хоць разважалі ўголас, аналізы паведамлялі. Неўрапатолаг i псіхіятр глыбакадумна маўчалі. Ад гэтага здавалася, што толькі яны выявілі галоўную хваробу — такую, пра якую i гаварыць страшна нават паміж сабой, у сваім асяроддзі.
Пракансультавалі Глебавых суседзяў — нельга ж было аднаго яго. Павел разумеў, што ix — за кампанію, i адкрыта кпіў, праўда, у межах прыстойнасці, з прафесарскай глыбакадумнасці. Ён не верыў ім. Верыў аднаму ўрачу — які лячыў, Наталлі Генадзеўне, бо даўно адкрыў: што яна запісала ў першы дзень лячэння, тое паўтаралі ўсе кансультанты.
Анколаг сцяла вусны. Неўрапатолаг дакорліва ківаў галавой. Толькі экс-міністр i Пыльчанка падтрымлівалі Паўлавы жарты. Вольгу Андрэеўну абурала перш за ўсё мужава несур’ёзнасць: знайшоў дзе блазнаваць! Сама яна з хваляваннем, ад чаго ажно перасохла ў роце, i з асаблівай увагай лавіла кожнае слова дактароў навук не толькі тады, калі яны варажылі над Глебам, але, можа, з яшчэ большай увагай — калі выслухоўвалі i мацалі іншых. Ей здавалася, што нехта з ix расслабіцца i міжволі выкажа тое, чаго не выказаў наконт хвароб яе сына. Яе спалохала, што Глеб пасля аптымістычных заключэнняў уролага звяў. Ляжаў, падсунуўшы рукі пад палыселую галаву, i быў абыякавы да таго, што рабілася навокал, наўрад ці слухаў, пра што гаварылі i ўрачы i сябры яго.
Размову вялі ў кабінеце галоўнага ўрача. Але без маці. Чаму ніхто не запрасіў маці? Звычайная няўважлівасць, якая стала нормай? Прафесары больш уважліва чыталі гісгорыю, перакідваліся спецыяльнымі тэрмінамі. Зрабілі ў тоўстай гісторыі запіс, усе трое паставілі свае подпісы. Выканалі прафесійны абавязак.
Вясёлы ўролаг на гэты раз сур’ёзна i паважліва сказаў Пыльчанку:
— Ну, што мы вам, Уладзімір Паўлавіч, мусім сказаць? З поўнай згоды ўсіх, — іранічна пасміхнуўся, — што нячаста бывае. Адно цвёрда можна сказаць, суцяшальнае: анкалагічнага захворвання няма. I хворыя i блізкія ix перш за ўсё баяцца гэтага. Ix можна зразумець, хоць у цэлым страхі перабольшаны…
— Дык мала ж часу прайшло, — сказаў Пыльчанка.
— Я не пра аварыю. Пра анкалогію ўвогуле. Я дам статыстыку, колькі мы вылечваем. А там, на захадзе, працэнт удвая большы. Праклятыя буржуі абганяюць нас.
— Мяне цікавіць мой сын.
— Разумею. Адкіньце страх! Той, найбольшы.
Тут Уладзімір Паўлавіч падумаў, што дарэмна не ўзяў жонку.
— Але разам з тым не будзем таіць праўды. Хвароб у хлопца букет. Ці ўсе з’яўляюцца вынікам апрамянення — я не адважыўся б сцвярджаць.
— Хлопец рабіў на станцыі.
— Хапіў ён дозу немалую — гэта так. Але ў анамнезе запісана, што ў маленстве ён перанёс нямала хвароб. Так? Так. Паталогія была, — прафесар звярнуўся да калег. — Мы зараз многа ломім коп’яў, але ў адным згаджаемся: апрамяненне перш за ўсё парушае імунную сістэму. Зніжае ахоўныя функцыі. Во гэта, можа, самае сграшнае. Шумы ў сэрцы ў яго маглі быць i раней, I кішэчнік. I ныркі,— прафесар заглянуў у гісторыю хваробы. — Зніжаны зрок. Але калі ён правяраў вочы? Зніжэнне зроку — хвароба большасці людзей. Вось так i іншае, — галоўнаму ўрачу: — Трэба сабраць усе гісторыі хвароб гэтых людзей.