— На Пыльчанку запыталі Кіеў, Чарнобыль — пакуль што ніякага адказу.
— Наш стыль! — хмыкнуў неўрапатолаг.
— Скажыце там у сваёй акадэміі! На хворых такіх патрабуецца поўная інфармацыя. Так нельга працаваць! — амаль узлавана кінуў уролаг акадэміку.
— Чаму ён палысеў? — спытаў Уладзімір Паўлавіч, бо тое, што Глеб страціў валасы, i яго моцна ўразіла i спалохала.
— Гэта карціна знаёмая. I гэта не самае страшнае.
— Целеш схапіў не менш. Аднак у яго вунь якая чупрына. Лічыць: толькі i страты — што жонка выскубла.
— Палысець чалавек можа ад стрэсу, — сказала анколаг.
— Ну, гэта праблематычна, — не згадзіўся акадэмік.
— Валасы адрастуць, — запэўніў уролаг. — Увогуле, Уладзімір Паўлавіч, скажу вам яшчэ адно для заспакаення: крызісны перыяд мінуў. Невылечных паражэнняў не адбылося. Але мушу сказаць i суровую праўду: лячыцца Глебу прыйдзецца доўга. Будзе трымацца астэнія — павышаная стамляльнасць. Небяспечная ўспрымальнасць да інфекцый. Карацей кажучы, пэўны час бацьку сямейства трэба будзе берагчыся, як малому дзіцяці. Добра, што ў яго жонка ўрач. У Светлагорску? Во там няхай i сядзіць, калі выпішацца адгэтуль. У ваш «праслаўлены» раён няхай наведваецца як можна радзей. Што хочуць дадаць мае калегі?
Калегі дадалі нямала, асабліва неўрапатолаг, па частцы радыяцыйнай медыцыны, дыягназу Глебавых хвароб, прагнозаў яго i ўвогуле прагнозаў здароўя людзей.
Яны былі нібыта i суцяшальныя, прагнозы. Уладзімір Паўлавіч падзякаваў медыкам. Але ўвогуле размова зрабіла на яго цяжкае ўражанне. Не разумеў, не ўмеў растлумачыць — чаму? Не прафан ён у радыяцыі. За паўгода многа пазнаў — прачытаў, паслухаў спецыялістаў многіх галін навукі — фізікаў, біёлагаў, медыкаў… I аднак… Ніякія веды не ратуюць ад душэўных пакут, калі хварэе тваё дзіця. Тут ён разумеў маці i падумаў ужо інакш: добра, што не прысутнічае Вольга. Няхай лепш даўжэй пабудзе з сынам, аптыміст Павел Целеш заспакоіць яе лепш, чым пяць урачоў.
III
Выляталі «гракі» часта. Але палёты кароткія. На такой хуткасці можна за дзве гадзіны ў Ташкент злётаць. А радыус ix зоны дзеяння абмяжоўваецца сотняй кіламетраў, рэдка кідалі далей — для масіраваных удараў па скапленні маджахедаў. Але ў тым i бяда, што скапліваліся яны хіба для штурму гарадоў i, у выпадку няўдачы, разляталіся, што ўзняты смерчам пясок. Няўлоўныя.
Кароткія вылеты пілотаў не радавалі. Пра гэта апошнім часам не баяліся гаварыць начальству. Лічылі прыніжэннем на такой машыне ганяцца за дзесяткам апранутых у лахманы, барадатых людзей, хоць i ўзброеных самымі новымі англійскімі аўтаматамі.
Больш ахвотна выляталі на разведку, тут хоць «прагон» большы — «начарціць сетку». I работа — фотаздымкі.
З азартам выконвалі хіба адно баявое задание — падавіць ракетныя ўстаноўкі маджахедаў. На гэтую сучасную зброю мелі злосць. Ракеты неаднойчы абстрэльвалі ix схаваны паміж гор у вузкай даліне аэрадром. Загінулі таварышы. Ракетамі бамбяць Кабул, іншыя гарады. Гінуць дзеці, жанчыны.
«Стынгеры» збіваюць часам не толькі транспартнікаў, але i «Су» i «МІГі». Толькі зяўні, не зрабі належны манеўр — i гэтая змяя выйдзе на твой цеплавы след i будзе ісці па ім, пакуль не дагоніць. I тады нішто ўжо цябе не ўратуе. Катапультавацца не паспееш.
У палку лічылі: толькі адзін чалавек — старшы лейтэнант Леанід Сушко — жыве тут поўным жыццём. Усе іншыя лётчыкі, тэхнікі, салдаты аховы паміраюць ад нуды. Сушко пісаў карціны. Маляваў, як называлі яго занятак, па-простаму. Нехта «мудры» ў часе баявога дзяжурства забараніў гульню ў карты, у даміно. Пячыся на сонцы, замярзай у холад, але не расслабляўся — чакай сігналу трывогі. У гэтым, магчыма, бьша б логіка, каб пагражаў бамбардзіровачны ці штурмавы ўдар з неба. Але, на шчасце, душманы не маюць авіяцыі. I, дзякуй богу, не дайшло яшчэ ні да аднаго штабіста — забараніць чытаць газету, кнігу i… маляваць.
Чытаць тут не было чаго — усё перачытана. I вакол Сушко, яго мальберта збіралася ўся дзяжурная змена. Ганарыліся, даведаўшыся, што яго пейзажы суровых афганскіх гор упрыгожваюць не толькі ix дашчаную сталоўку i штабныя бліндажы, але i будынак штаба арміі ў Кабуле. Абураліся тым, што калі ён хацеў адаслаць колькі карцін на радзіму сям’і, ix таможня ў Ташкенце канфіскавала: ваенная тайна — горы. Сушко прыдумаў забаўку: пачынаў пейзаж, а закончыць яго дазваляў каму-небудзь са сваіх сяброў. У большасці атрымлівалася такое бясформеннае, беззмястоўнае пэцканне, што рабілася прычынай смеху — таксама набытак людзей, якія млел i ад бяздзейнасці i смутку. У некаторых нешта вырысоўвалася. Зноў здзіўляў Сушко, калі некалькімі мазкамі пэндзля надаваў гэтаму даволі невыразнаму «нешта» змест, форму, прыгажосць.