Выбрать главу

Здзівіў свайго падначаленага, сяброў Барыс Пыльчанка. I сам здзівіўся. Не ведаў, што i ў яго нешта атрымаецца. Маляваў некалі ў школе, але ўжо ў старэйшых класах астыў да гэтага дзіцячага занятку. Як, між іншым, i да музыкі, мучылі яго бацькі гады тры — вучылі на баяне, а ён даводзіў свайго настаўніка да белага калення.

I раптам — на табе! — прарэзалася. Не толькі здзівіўся — узрадаваўся. Больш таго: душэўна перамяніўся. Жыццё, небяспечнае, але аднастайнае, набыло іншы сэнс. Раскрываў мальберт, браўся за пэндзаль з асаблівым, нязведаным, чыстым i прыгожым хваляваннем, якое можна было параўнаць хіба з тымі пачуццямі, якія з’яўляліся, калі ён думаў пра будучую сустрэчу з Тамарай. Хваляванне гэтае асабліва стала моцным i сапраўды ўзвышаным пасля таго, як Тамара напісала, нгго лётала ў Кутаісі, не знайшла яго там, здагадалася — дзе ён. I пісала: «Барысок, сакалок ты мойі Ад сябе прашу i ад мамы тваёй, ад якой ты скрывает месца свайго знаходжання: не рабі ты глупства, як з тым дурнем Плечкам. Ці не праз яго ты паляцеў на другі круг?»

Праз яго, Тома, праз яго. Але я не шкадую. А пачаў маляваць — проста ўзрадаваўся, што апынуўся ў гэтай чужой даліне.

Некалькі чалавек, у якіх бліснула іскра, утварылі «палявую сту-дыю», якую з энтузіязмам ухваліў нампаліт i нават распісаў у дакладной на ўсю армію: лётчыкі малююць жыццё!

Нудныя дзяжурствы павесялелі. Цяпер на краі лётнага поля стаяў не адзін мальберт — ажно шэсць. Ёсць на што паглядзець. Ёсць каму даць параду. А збоку — усе Рэпіны.

Барыс, бадай, стаў першым вучнем, i вучоба яго так захапіла, што часам на будзённыя справы эскадрыллі забываўся. Але ў яго было іншае амплуа. Сушко пісаў пейзажы. А яго цягнула пісаць людзей i самалёты. Машыны пісаць проста. Людзей цяжэй. Па людзях i Сушко аказаўся нялепшы настаўнік.

Барыс асвойваў тэхналогію сам. Радаваўся, што дзіця, калі хлопцы прызналі партрэт каларытнага прапаршчыка-вусача: «Падобны! Купляй, Пятро, i пасылай жонцы! Давай, Барыс, малюй партрэты. Во будзеш мець бізнес! З мяшком афгані прыляціш». Не атрымліваліся людзі ў руху, у дынаміцы. Разгадаў слабасць настаўніка: застылы пейзаж у Сушко. А трэба, каб i пейзаж быў у дынаміцы, у руху. У часе i ў прасторы. Паспрабуй перадай снег на гары i зеляніну тут, у даліне. I гэты дзень з ірванай воблачнасцю. Воблакі сёння, як там у нас, у Беларусі, рэдка такія тут бываюць.

Пачаў з самалётаў — прасцей. Каторы дзень пісаў карціну: адзін «грач» выруліў на бакавую дарожку, застыў, яго сустракаюць тэхнікі, другі вынырнуў з-за гары, ідзе на паласу: Не, не ідзе — павіс. У гэтым пралік. Няма ні адчування яго імклівасці, ні адчування патушанай хуткасці, каб добры пілот не сказаў: «Гэты чмякнецца» ці «Гэты праскочыць паласу». Во каб ён дайшоў да гэтага майстэрства — перадаць міг руху!

Але ў цэлым праца ўласная яму падабалася. Пашкадаваў, што такую карціну нельга паслаць Тамары: затрымае ваенная цэнзура. Во яшчэ дурнота: пакістанцы i амерыканцы разабралі па вінціку не адну такую машыну, a сваім людзям i на карціне нельга ўбачыць! I ўсім, хто «хварэў» за мастака, карціна падабалася. Хвалілі. Падышоў інжынер — капітан Котаў.

— Пыльчанка! Пляшку віскі паставіш — назву карціне дам.

— Стаўлю.

— «Гракі прыляцелі».

— Во хітруган — капітан! За плагіят хоча ганарар злупіць.

Барыс не засмяяўся. Выцер пэндзаль фланелькай. Адышоў ад мальберта. Задумаўся.

— А што! Гэта ідэя. Усё геніяльнае — простае. Не карціна геніяльная — назва. I гэта не плагіят, хлопцы. Не. Гэта ход па спіралі. З пад’ёмам. «Гракі прыляцелі». Гэта ж таксама радасць… вясна — што яны прыляцелі. Нашы гракі.

— Штось цябе на філасофію пацягнула.

— А мы тут усе становимся філосафамі,— сказаў сяржант Васіль Гаркуша. Тэхніка гэтага некаторыя пабойваліся: ён залішне смела для свайго звання выказваўся супраць нашага ўдзелу ў гэтай вайне, называў яе бруднай. Нехта «стукнуў» на яго, i з ім мелі размову i ў палітаддзеле, i ў асобым аддзеле. Ды Гаркуша пасля таго не змоўк. I баявыя лётчыкі, якія не баяліся ніякіх аддзелаў, да яго цягнуліся. У гарачых спрэчках пазнавалі ісціну. Зерне Гаркушавага адмаўлення вайны падала на ўгноеную зямлю, бо i на Радзіме ў прэсе пачалі прабівацца галасы супраць вайны; гэта прывяло ў збянтэжанасць «запятых патрыётаў», змяніўся тон палітгутарак, прыціхлі асабісты — перасталі вынюхваць ворагаў сярод сваіх.