Выбрать главу

Пад абед недзе, калі Барысу ўдалося нарэшце знайсці «грачу» ў паветры такое месца, каб у вопытных пілотаў не з’яўлялася адчуванне, што самалёт не далятае або пералятае паласу, у палатцы дзяжурнага зазумерыў палявы тзлефон. Салдат, не кладучы трубку, гукнуў:

— Камандзіра трэцяй — да камандзіра палка. Капітан Пыльчанка! I старшы лейтэнант Сушко!

— Чую, чую, брат.

Барысу не хацелася адрывацца ад мальберта. Нават калі выклік на атрыманне задания на вылет. Ці не пад уплывам земляка атамана Гаркушы яго адварочвае не толькі ад баявых дзеянняў, але i ад разведпалётаў?

Сушко папрасіў таго ж Гаркушу:

— Вася! Прыбяры нашы неўміручыя палотны. Ад сонца i ветру схавай, пакуль не высахнуць.

У прасторным абвешаным дыванамі кабінеце камандзіра назойліва гудзеў кандыцыянер. Палкоўнік Шувалаў, нізкі ростам, хударлявы — што хлапчук, — нячутна, як кот, хадзіў па мяккім дыване, кудлачыў пасівелыя валасы — знаёмая ўсяму палку поза: напружанне перад тым, як паставіць экіпажам баявую задачу.

Даклад Барысаў «Па вашаму загаду…» не стаў слухаць, хоць звычайна перад гасцямі любаваўся выпраўкай сваіх афіцэраў; у другіх часцях пілоты — вышэйшы клас! — трымаюцца перад старэйшымі ўразвалачку. У яго — дысцыпліна! Але тут было не да паказухі, хоць за сталом сядзеў госць — маёр афганскай арміі. У куце стаяў свой — лейтэнант Ніязі, перакладчык. На ўсю шырыню стала разгорнута карта. Падрабязнейшая карта гор, каляровая, але колеры прыглушаныя, з адценнямі — белыя снежныя вяршыні, карычневыя скалы, шэрыя цясніны, адметнага колеру, якому i назвы няма, вадаспады, блакітная пльшь рэчак у зялёных далінах… Россып надпісаў па-англійску — ажно ў вачах рабаціць. Карціна аэрафотаздымкі — самай новай, камп’ютэрнай.

Карты такія не любілі. Ix цяжка чыталі не толькі лётчыкі, але i сам камандзір палка, штабісты, штурманы самалётаў-разведчыкаў. Найлепш у ix разбіраўся Леанід Сушко. Вока мастака схоплівала пейзаж не ў дэталях — у цэласнасці, мысленне мастака ператварала здымкі ў натуру. Ён адразу пазнаваў гарy, даліну, цясніну.

Палкоўнік узмахам рукі — як хацеў абняць ix — запрасіў да стала. Афганец падняўся, паціснуў рукі. I адразу пачаў гаварыць, напеўна, але выразна вымаўляючы кожнае слова. Ніязі перакладаў:

— Маджахеды пралажылі новую дарогу. Во адгэтуль, — маёр начарціў ярка-чырвоным фламастэрам кароткую стрэлку праз пункцір дзяржаўнай граніцы. — Во сюды, — перакінуў фламастэр сантыметраў на дваццаць угару. — Тут не праходзілі вярблюды i коні. Толькі пешаходныя сцежкі. Яны выбілі дарогу вось так, — правёў звілістую дугу па схіле гары. — Як прамаргала наша разведка? Баялася блізкасці граніцы, ні што? Але яшчэ больш дзіўнае. Трэба аддаць даніну інжынернай смеласці ix шэфаў. За такі кароткі час яны збудавалі мост цераз цясніну. Падвясны. На канатах. Во тут! — умела нарысаваў тапаграфічны знак моста. — Караваны праходзяць мост, спускаюцца вось тут у цясніну, дзе ёсць старая дарога, i выходзяць на аператыўны прастор. Вязуць не толькі аўтаматы, кулямёты, але i ракеты, якімі абстрэльваюць Кабул, аэрадромы, збіваюць самалёты.

Маёр змоўк, паглядзеў на Шувалава. Але той маўчаў, бо Леанід Сушко, а за ім i Пыльчанка схіліліся над картай, уважліва вывучалі яе.

— Разабраліся? — спытаў палкоўнік.

— Знойдзем, — упэўнена сказаў Сушко. — Мост — не іголка.

Ніязі пераклаў маёру. Той уздыхнуў:

— Знайсці, можа, i няцяжка, ударыць па ім цяж ка. Во тут, на схіле, ракетныя ўстаноўкі,— паста віў тры знакі баявых кропак.

— Зойдзем адгэтуль, — Барыс зрабіў віраж пальцам.

— Не размахвайся! — папярэдзіў яго Шувалаў нібыта строга, але ca смяшынкай у вачах. — Зойдзеш у Пакістан — паляцяць пратэсты. I нам зноў будзе накачка.

— Ім можна, нам — нельга! — Барыс вылаяўся моцна, па-руску.

Маёр гэтыя словы ведаў — засмяяўся.

— Ты дрэнны палітык, капітан, — лагодна сказаў Шувалаў i павярнуў карту да сябе: — Лішніх слоў задача не патрабуе. Маёр яе выказаў: мост знішчыць! Ракетным ударам! Проста, але нялёгка. Разумныя сапёры яго будавалі: разлічылі, як цяжка да яго падысці. Па такой цясніне «гракі» не праляцяць. Не кідайцеся стрымгалоў. На першы раз хопіць i разведкі. Падумаем. У нашых сяброў зямная разведка дзейнічае. Выявім устаноўкі. Перакладзі, лейтэнант.

Маёр згадзіўся.

— О так, так.

— Сушко! Карту табе. Ты вядзеш.