Выбрать главу

— Дзе яна, тая гарa, пад якой вада? Пад якой павінна быць вада. Дзе б яна ні была, мне да яе не дайсці.

Хмары то закрываюць снежную шапку, то адкрываюць. Ненадзейны арыенцір! Трэба мець іншы, бліжэйшы. Выбраў граду скал, недалёкую. Але як дайсці да яе?

— Няўжо хмары не прыносяць сюды дажджу? Праклятыя богам мясціны. I за ix льецца кроў людская. Пашлі хоць кроплю, хмара! Я злаўлю яе языком. Жменяй. Для чаго ты нарадзілася? Каб несці дождж! Дзе ж твой дождж?

Так ён гаварыў. Сам з сабою. З кіем. З валунамі. З ягадамі, якія ашчадна кідаў у рот, i яны раставалі там смакатой, якой не ведаў ні ад якіх прысмакаў, ні ад якіх він. I яны сапраўды давалі сілу. Цудадзейныя ягады!

Замёр на месцы, бо ўбачыў перад сабою жывую істоту. Сусліка. Ен стаяў на задніх лапках i абгрызаў нейкі злак. Абпаліла галодная думка: здабыча! Барыс асцярожна дастаў з кішэні пісталет. Узняў яго, убачыў, што рука дрыжыць. Ды не гэта яго спыніла — думка, што калі i заб’е звярка, то мусіць есці яго сырым. Запалак не было. Ен яшчэ ўчора пасля прызямлення, правёўшы рэвізіяо кішэняў, здзівіўся i расстроіўся, што не аказалася запальнічкі. Калі i куды знікла? Дзіўна. Цыгарэты ёсць, a запальнічкі няма, ніколі такога не здаралася. Уяўленне, што суслік — той жа палявы пацук, грызун, пацягнула на рвоту, але ванітаваць не было чым, i балючы спазм скурчыў яго. Апусціў пісталет у кішэню. A суслік не баяўся чалавека, мабыць, рэдка бачыў яго. Падпусціў зусім блізка. Вочкі яго свяціліся што бруснічкі.

Барыс гаварыў з суслікам, амаль узрадаваны, што не забіў яго. Ды i звярок знік як прывід — уміг, i норкі яго не знайсці.

А калена балела ўсё мацней. Калена распухала, распірала штаніну.

Нарэшце пайшоў дождж. Дробны, імжысты — асенні. Выходзіць, i тут ён бывае. Але вада нідзе не збіралася. Шлем, які ён наставіў, убіраў кроплі дажджу i заставаўся сухім. Барыс прагна аблізваў рукі свае, рукавы курткі. Пасля дастаў пісталет, толькі на ім, у насечках ручкі, збіралася сапраўдная вада. Але хутка знайшоў камень, у якім было заглыбленне ў выглядзе чашы. Вакол каменя — птушыны памёт. Мабыць, з гэтай чашы пілі арлы. Ен цярпліва чакаў; пакуль збярэцца ў заглыбленні хоць лыжка вады, i вылізваў яе.

Але трэба ісці. Куды? Да каго ён прыйдзе? Наступала страшная абыякавасць — усё роўна куды, да каго. Да душманаў? Няхай да душманаў. Але тут жа гатовы быў разбіць галаву аб камень.

— Слабак! Ах, які я слабак! Герой вайны. Пасаромейся. Не прайшло i сутак, не пайшоў добры дождж — а ты ўжо размяк, як дзярмо…

Упарта ішоў далей, перамагаючы боль. Ягад засталася маленькая жменька, i ён не адважваўся ix есці; на гэтым вьгааленым сонцам плато наўрад ці знойдзе яшчэ штосьці, што можа падтрымаць сілы. Што грыз суслік? Нешта ж грыз. Але раслінкі той, як i норкі, не знайшоў. Калена не давала нізка нахіляцца. Шукаў камяні, на якіх магла б сабрацца вада. Але, як на бяду, усе камяні — што абточаныя. Ветрам. Ды i дождж хутка перастаў, але імжа згусцілася — быццам з камяністай зямлі ўзнімалася пара.

Наперадзе ў імжы вырысоўвалася постаць. Чалавек! Чалавек! Жаночая постаць. Не, гэта не афганка ў чорным адзенні. Жанчына ў белым. Як у вясельнай фаце… Гэта…

— Ма-ма!

Закрычаў i тады толькі сцяміў, што гэта галюцынацыя. Аднак — дзіўна! — не спалохаўся свайго хворага стану.

Праз нейкі час жанчына зноў прымроілася.

— Мама! Ты вядзеш мяне. Цяпер я нічога не баюся. Я знаю: ты выведзеш мяне. Помніш, як мы заблудзіліся ў лесе. Я плакаў. Слабак! Немалы ўжо ж быў. А ты была спакойная… Ты заўсёды спакойная, мама.

Не, гэта не маці. Маці не знае, дзе ён. Гэта Тамара. Тамара знае. Яна пісала:

«Барысок, саколе мой! Я знаю, дзе ты. Не называю гэтай зямлі, гэтага краю, бо ніхто з нашых не славіць яго. Я прымхлівая i баязлівая. Але я лятала на Каўказ. Ты здагадваешся, дзе я была. I я усё знаю. Тваім не скажу… Сабе не кажу — я прымхлівая, пачынаю верыць у зоркі, у лес i ў бога».

— Вядзі мяне, Тома! Вядзі! Але ты не ідзеш. Ты ляціш, як вецер. Глядзі, як развяваецца тваё плацце. Я не магу так хутка. У мяне баліць нага. Боль страляе ў сэрца, у мозг…

Урэшце, знясілены, Барыс упаў на мокры граніт i заснуў. Адпачывала натруджаная нага, арганізм выпрацоўваў выратавальны наркоз. I ён доўга праспаў.

Прачнуўся пад вечар. Рассеялася імжа. З за парваных хмар выглядвала сонца. Грэла ў спіну. £н ляжаў тварам на ўсход. Чаму не на поўнач, куды ішоў? Урэшце, у сне мог павярнуцца.