Выбрать главу

З-за каўпака бункера падняліся дзве постаці. Вайскоўцы. Пагранічнікі.

Барыс махнуў ім курткай — як вітаў. Спачатку яны глядзелі на яго моўчкі, безумоўна, здзіўленыя: адкуль узяўся? Потым адзін крыкнуў, здалося, паірозліва. Барыс дастаў з кішэні пісталет, паказаў ім i кінуў у бацвінне, ішоў па бураковым полі.

Крыкнулі зноў.

Ён кінуў i куртку. Сабе пакінуў кій, баяўся, што без яго не ступіць.

Пагранічнікі сціхлі. I раптам, што механічныя, праваліліся ў зямлю. У адзін міг. Як у прыгодніцкім кіно.

Барыс няўцямна спыніўся: чаму схаваліся? Ды тут нейкім унутраным чуццём пачуў, што на яго глядзяць ззаду. Рэзка павярнуўся.

Ix стаяла двое, воддаль адзін ад аднаго, усё роўна як узялі яго ў вілку. У цывільным. Барадатыя. У белых чалмах. З аўтаматамі на грудзях.

Барыс сумна ўсміхнуўся. Без страху. Сказаў сам сабе голасам палкоўніка Шувалава:

— Штурвал i зброю не кідай да апошняга дыхания.

Словы гэтыя прымусілі ступіць у той бок, куды кінуў пісталет.

Маджахеды ўзнялі аўтаматы.

IV

З Мінска выехалі рана. Стаяў густы асенні туман. Выйшаўшы на аднапалоску, шафёр вёў асцярожна, засяроджана. Маўчаў, бо адразу адчуў: гаспадарам не да размоў аб магазінах сталічных i аб цэнах на рынку.

Вольга Андрэеўна i Уладзімір Паўлавіч бадай жа не спалі ўсю ноч, хоць i былі смяртэльна стомленыя. Яна двойчы наведвалася да Глеба i з пасляабедзеннага «ціхага часу» сядзела там да вечара, пакуль яе далікатна не папрасілі. Ен абіваў парогі высокіх кантор, не было часу паабедаць. Вярнуўся ў гасцініцу перад праграмай «Час». Вольга не пайшла вячэраць: з’ела, маўляў, тое, што вярнуў Глеб. Уладзімір Паўлавіч спусціўся ў буфет, выпіў чаю. Вярнуўся ў нумар стомлены, злосны: мала што выбіў. У жонкі — апухлы ад слёз твар. Ен ласкава абняў яе.

— Не трэба, калі ласка. Прашу цябе. Што ты даводзіш сябе? Усё будзе добра. Нічога страшнага няма. Прафесары пацвердзілі.

Яна сцялася, сумна паківала галавой.

— Ты верыш прафесарам? Памрэ Глеб, — i зарыдала.

Уладзімір Паўлавіч, спалоханы, — упершыню яна вымавіла гэтыя страшныя словы, — доўга нязграбна, няўпэўнена, сам адчуваў гэта, супакойваў жонку. Але калі яна сказала пра смерць паўторна, сарваўся, кінуў узлавана:

— Што ты каркаеш, як старая варона!

Вольга не пакрыўдзілася, разумела, што i бацьку баліць, i ў яго трывожна на душы. А ён дакараў сябе, папрасіў прабачэння. I калі яна заплакала зноў, таксама праслязіўся i саромеўся сваёй слабасці.

Ен засынаў, але часта прачынаўся i чуў, што Вольга не спіць, хоць тая i стойвалася. Спачуваў ёй: во пакутніца!

У машыне пад мяккае гойданне, пад шум матора Уладзімір Паўлавіч заснуў. Заваліўся на клунак на заднім сядзенні, ажно пахрапваў; Вольга азірнулася на яго, як на малога — з усмешкай. Яна сядзела на пера дзе. Нярэдка ў дал ёкай дарозе яе закалыхвала. Муж i шафёр ведалі гэта i садзілі яе так, каб яна глядзела на дарогу.

Яна раней кпіла: як можна спаць у машыне? Ніколі не засынала. A ў тую туманную раніцу ў лесе пад Лапічамі, магчыма, на нейкі міг заснула. Ці проста заплюшчыла вочы i ў думках была далека. Ці глядзела ў туман i ўбачыла… Сама не помніла, у якім стане была. Але раптам страшна закрычала — так, што шафёр спалохана крутнуў баранку, ледзьве не апынуўся ў кювеце, падхапіўся Уладзімір Паўлавіч.

— Што такое?

— О божа! Забілі… Забілі… Барыса забілі! — крыкнула ў смяртэльнай роспачы і… самлела.

Спынілася машына. Змітро, менш разгублены, вынес Вольгу Андрэеўну з кабіны ў лес, палажыў на мокрае лісце. Адкаркаваў пляшку баржомі, асцярожна паіў.

Спалоханы, як ні пры якой іншай падзеі, Уладзімір Паўлавіч стаяў перад жонкай на каленях.

— Оля! Оля! Ну, што ты, дурненькая? Што наду мала?

Яна расплюшчыла вочы.

— Ну, во, ну, во… Ты сасніла… Што толькі не сніш! Прайшоў насустрач грузавік, грымнуў… Мяне разбудзіў… А табе прыснілася…

— Не, Валодзя, не. He сасніла. Бачыла я, бачыла, як яны стрэлілі ў Барыса. Двое, барадатыя…

— Хто стрэліў? Дзе? Што ты вярзеш, Оля! Барыс лётае на самалёце. На Каўказе..

— На Каўказе? — дзіўным голасам, з запытальным сумненнем, паўтарыла яна.

— Мы вам валакардзінчыку накапаем, Вольга Андрэеўна, — сказаў Змітро.

— Я табе седуксен дам. Суняць твае страхі.

— Суняла ix… Суняла… Усё пагашана, Валодзя…