Наканаванасць лёсу чалавецтва, на які ўплываюць нейкія, па сённяшні дзень невядомыя i незразумелыя нам звышсілы? Магчыма, i так, калі прыгадаць, што ў святых пісаннях згадваецца момант, калі над зямлёй узыдзе палыновая зорка. Аднак не будзем забываць i пра іншае. Не пра загадкава-міфічнае, на што не так i проста даць адказ, улічваючы цяперашні стан сусветнай навукі. А пра рэальна існуючае, якое можна звесці да некалькіх высноў. Простых, звычайных…
Чарнобыль — наша недаравальная безгаспадарчасць… Чарнобыль — наша некампетэнтнасць… Чарнобыль — дыктат над навукай, калі аўральнасць, выкананне сацыялістычных абавязацельстваў бралі верх над цвярозымі разлікамі… Чарнобыль — няздольнасць (у роўнай ступені i нежаданне) найбольш важныя, архіважныя рашэнні прымаць аператыўна i аргументавана… Тым самым Чарнобыль, як гэта ні страшна прызнаваць, але неабходна, заканамерны вынік, да якога павінна была (рана ці позна) прыйсці камандна-адміністрацыйная сістэма.
З такімі думкамі, відаць, i браўся I. Шамякін за напісанне свайго новага рамана. Прынамсі, гэта вынікае са зместу твора. Змест жа — найперш уражанні, пачэрпнутыя пісьменнікам пад час неаднаразовага наведвання раёнаў Беларусі, на жыцці якіх сказаўся (ды i сказваецца па-ранейшаму) уплыў чарнобыльскай катастрофы, у тым ліку населеных пунктаў, што знаходзяцца ў так званай трыццацікіламетровай зоне. Ездзіў туды i па грамадзянскаму абавязку, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР i Вярхоўнага Савета СССР. Наведваўся ў Хойніцкі раён разам з паэтам Міколам Мятліцкім i празаікам Барысам Сачанкам, ураджэндамі тых мясцін.
Балюча, невыносна пакутліва станавілася на сэрцы ў пісьменніка, калі хадзіў вуліцамі, на якіх ужо болей не збяруцца жыхары. Але хіба меней трывожна было, калі завітваў у родную Карму, што на Добрушчыне? Там, нягледзячы ні на што, людзі жывуць, працуюць, але, калі прыслухацца да аўтарытэтных меркаванняў спецыялістаў, лепей не жыць. I, вядома ж, меў шматлікія сустрэчы з кіраўніцтвам «чарнобыльскіх» раёнаў. Часта гутарыў з прадстаўнікамі абласнога i рэспубліканскага звяна, нямала кансультаваўся з вядучымі вучонымі-атамнікамі, медыкамі.
Магчыма, няма асаблівай патрэбы раскрываць асобныя сакрэты творчай лабараторыі I. Шамякіна. Але, паверце, раблю гэта не толькі дзеля таго, каб задаволіць звычайную чытацкую цікаўнасць, хоць, думаю, ёсць нямала ахвочых ведаць, як аўтар збірае фактычны матэрыял, апрацоўвае i асэнсоўвае яго. З іншай мэтай паглыбляюся ў «святая святых». Знаходзіцца нямала крытыкаў, гатовых ці не перакрэсліваць творы, напісаныя, як на ix думку, на «злобу дня», адмаўляючы тым самым ім права ў высокай мастацкасці, глыбокім псіхалагізме. Маўляў, усё гэта прахадное, выпадковае, ці не простае выкананне славутага «сацыяльнага заказу», які быццам давала раней літаратарам партыя ці ідэалагічныя сістэмы, створаныя ёю. Калі ж глядзець далей, аргументуюць яны свае довады, гэта шшто іншае, як творчасць у рэчышчы «сацыялістычнага рэалізму».
Хочацца адразу рашуча запярэчыць: а хто гэты самы сацыялістычны рэалізм выдумаў? Можна падумаць, што той жа I. Шамякін,!. Мележ, В. Быкаў, I. Пташнікаў, I. Чыгрынаў i іншыя нашы слынныя літаратары вельмі задумваліся альбо задумваюцца, уладкоўваючыся за пісьмовым сталом, кіравацца ці не кіравацца прынцыпамі народнасці, партыйнасці і, канечне ж, метадам сацыялістычнага рэалізму? Пісалі, як пішацца, як талент дазваляе, бо талент — не нацыянальны набытак, як бы прыгожа i арыгінальна гэта ні гучала, а дар божы.
Падобным дарам божым I. Шамякін валодае дасканала. Tоe, што ён, як правіла, быў i цяпер застаецца ў асноўным мастацкім летапісцам сучаснасці, i з’яўляецца адметнасцю яго таленту. Хоць зместам раман «Злая зорка» ў многім адрозніваецца ад папярэдніх твораў пісьменніка, узнік ён не на голым месцы. У адзін рад можна ставіць «Злую зорку», «У добры час», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Атланты i карыятыды», «Вазьму твой боль». Розніца хіба ў адным. Калі ва ўсіх гэтых раманах, за выключэннем «Злой зоркі», асноўную нагрузку нясуць персанажы, якія знаходзяцца на рознай ступені партыйнага кіраўніцтва, дык у новым творы Пыльчанка — старшыня райвыканкома. Але ж ён таксама камуніст.
Пішуцца гэтыя радкі ў дні, калі дзейнасць КПСС — КПБ прыпынена. Не будзем, аднак, займацца суцэльным ахайваннем. Гэтаксама не будзем задаваць i такое ходкае цяпер пытанне: а дзе ты быў 19 жніўня? Пры ўсім жаданні Пыльчанка не мог знаходзіцца ля сцен расійскага «Белага дома» — далека ад Беларусі да Масквы, хоць, як бачна з рамана, яго месца было б там. Гэтаксама i першы сакратар райкома партыі Пятро Мікалаевіч Сінякоу не мог ставіць подпіс пад загадамі путчыстаў. Жаданне ў яго магло б з’явіцца, але… амуніцыя не тая.