Выбрать главу

— Барыс прыехаў,— i пажартаваў: — Прыйдзецца табе, Ліда, дазволіць мне зрабіць прагул. Гуляць дык гуляць!

— Вас не трэба было сюды пускаць сёння.

— Во гэта праўда.

Каля дома дагнаў яго Глебаў картэж, які не спадабаўся: замнога будзе шыку!

Вось адкуль пачынаецца паказуха — з вяселля. У радавога інжынера-энергетыка. Да таго ж адчуў рэўнасць да Глеба: ён пад’ехаў да дома першы i першы цалаваўся з братам. На вуліцы. I як бы сапсаваў бацьку сустрэчу з Барысам. Знаёміліся Глебавы сябры. А бацька стаяў збоку, як далёкі сваяк. У прысутнасці чужых людзей абняў сына скупа, па-мужчынску i слоў тых не скала у, якія намерваўся сказаць, спяшаючыся дадому.

Хлопцы мітусіліся. Выцягнулі з багажніка цэлы мяшок рыбы. Вольгу Андрэеўну рыба проста спалохала, яна шчыра прызналася:

— Не люблю я чысціць рыбу.

— Бацька ў нас майстра! Бацька! — весела крычаў Барыс.

Драбяза, а нядобра кранула Уладзіміра Паўлавіча, бадай, пакрыўдзіла. Сапраўды, на рыбалцы, на пікніках над Прыпяццю, якія да мінулага года нярэдка рабілі, ён быў душой кампаніі: i рыбак адменны, i кухар — лепшага майстра па юшцы не было, ды i гуляка вясёлы, кампанейскі. А тут яго раптам на ролю памагатага — рыбу чысціць. Дажыўся.

Але, урэшце, гэта сапраўды дробязь — рыба. Горш іншае. Уладзімір Паўлавіч быў не толькі тамадой у кампаніі, але арганізатарам i кіраўніком любога пачынання, любой справы. Інакш не мог. Прывучыла работа, абавязкі гаспадара. Ён не прэтэндаваў на першую ролю ў арганізацыі вяселля, у якім, безумоўна, пераблытаюцца i народныя традыцыі, добрыя i прымітыўныя, старасвецкія, i тое новае, у якім больш дурнога, нудоты, чым сапраўднай весялосці — для душы i маладых i гасцей. Тут Пустаходаў не пераплюнеш, асабліва Лізу, яна з «агледзін» — галоўны рэжысёр. I аднак… ва ўсякім разе, да аб’яднання з Пустаходамі, у сябе дома, па законах людскіх i боскіх, кіраваць вясельным цырыманіялам належала яму, бацьку. Так лічыў. Але i тут яго паслалі «рыбу чысціць». Усё разыгрывалася па іншым сцэнарыі, якога ён не зацвярджаў. I што дзіўна — рэжысёрам i тут, у яго доме, была юная Пустаходзіха — Тамара.

Уладзімір Паўлавіч любаваўся дзяўчынай — як яна камандуе не толькі жаніхом, але i яго сябрамі, з якімі толькі што пазнаёмілася, i… Барысам. I яны паслухмяна выконваюць усе яе загады. Барыс… яго свабодалюбівы, упарты, непакорлівы, непаслухмяны, свавольны, часам цынічны старэйшы сын ходзіць следам за дзяўчынай, як ягнё. Цуд i ганьба! Гэта не тое што не падабалася, а неяк ушчамляла самалюбства, кранала сямейны гонар, ці што.

Вось табе i Пыльчанкі. Задуглялі ix Пустаходы. Тамара нават адзявацца жаніху памагла — устаўляла ў сарочку запінкі, завязвала гальштук, ніхто з хлопцаў не ўмеў завязаць прыгожа гальштук.

— Нам трэба ехаць па нявесту? — запытаў Уладзімір Паўлавіч у жонкі.

— Не. Бацькам жаніха не трэба.

— Ты ўпэўнена? Спытай у Тамары.

— Тамара вышэйшы аўтарытэт? — іранічна, але, бадай, раўніва сказала Вольга Андрэеўна.

— Выходзіць, што так. А мы з табой — апошнія спіцы. Кожнае мерапрыемства павінна мець плансцэнарый…

— Зацверджаны табой?

— Не шпігнуць ты не можаш. У даным выпадку — табой. Калі табе i тваім дарагім Пустаходам захацелася спектакля, то я павінен ведаць сваю ролю ў ім: калі выйсці, дзе стаць i што сказаць…

— Будзь бацькам. Галоўная роля. Добры бацька ў любым спектаклі на месцы. Рэпеціраваць яму не трэба.

Гэта пачуў Барыс, які ўвайшоў на кухню, i засмяяўся.

— Мудрая ты ў нас, мама.

Тамара вырашыла па-свойму, што ехаць Уладзіміру Паўлавічу трэба. Глеб i Барыс падтрымалі яе.

Старэйшы сын нагадаў матчыны словы:

— Бацька ўсюды на месцы.

Урэшце i самому яму хацелася ўбачыць вясельны спектакль ад пачатку да канца i сыграць у ім калі не галоўную ролю, то не заставацца статыстам. Бо адыдзеш убок — i забудуцца на цябе, пасля не здолееш упісацца ў ансамбль акцёраў.

Тамара пазваніла сваім.

— Едзем!

Адно слова — ніякіх тлумачэнняў. Барыс зарагатаў.

— Во лаканічнасць! Табе трэба ў нас служыць. Нам патрэбны такія каманды. А то іншы цягне гуму. Пакуль выцадзіць, я паўсотні вёрст адмахаю.

Уладзімір Паўлавіч пазваніў у гараж.

— Падавай, Змітро, машыну.

Шафёр спытаў:

— Дзве?

— Хопіць адной, — быццам адна машына нешта значыла ў картэжы, у тым, што пойдзе з калгаса ў райцэнтр.

— Давай, бацька, дзве, — сказаў Глеб, які апынуўся побач. I ён паслухмяна згадзіўся:

— Добра. Давай дзве.

I ўзлаваўся — на сябе, на Змітра, які добра ведаў, колькі машын трэба, на Глеба. Усе сёння камандуюць ім, i ўсім ён саступае — не па характары сваім. Але раздражнёнасці баяўся, змрочнага настрою баяўся, бо ў апошні год часам упадаў у апатыю, абыякавасць; палохаўся гэтага — прыкмета старасці.