Выбрать главу

Тамара ведала, што дома Ліза не дасць ёй камандаваць, хоць месца ў сямейным рангу яна трымала не па ўзросту, бадай трэцяе — пасля бацькі i Лізы. Ды на гэтым этапе вяселля роля сувязной — ці не галоўная. Дзяўчына ўгаварыла Глебавага сябра Платона Кулініча павезці яе на пяць мінут раней. Барыс памкнуўся з ёй, але тут дзяўчына зрзумела, што недарэчна ёй з’явіцца з братам жаніха, інтуітыўна адчувала, што такое парушэнне рытуалу асудзяць не толькі бабкі яе i цёткі, але i Ліза — галоўны рэжысёр.

Персанальная машына старшыні ўзначаліла картэж. Прывычка маладога шафёра: другім ці трэцім ён трымаўся, калі ехалі з высокім начальствам. Можа, так i рушылі б, але да машыны выскачыла ледзьве не спалоханая Вольга Андрэеўна, кінула мужу:

— Не ўздумай жа ехаць першы, а то за жаніха палічаць.

Зноў ім камандуюць. Як малым. Пры шаферу.

Але сапраўды мог ірвануць першы, бо было жаданне адарвацца ад вясельнага картэжа. Яшчэ ад аднаго глупства папярэдзіла жонка — ад недазволенай хуткасці, бо маладыя ад яго не адсталі б. Яшчэ не хапала ў аварыю ўляцець.

— Дрэнна ты пра мяне думаеш.

— Добра я пра цябе думаю.

За горадам Уладзімір Паўлавіч на нейкі час забыўся на вясельныя клопаты. Радавалі прасторы палёў. За гэтыя дні густа пайшла зеляніна, азіміна раскусцілася, загусцела, здаецца, відаць, як калышацца яна — не ад ветру, бязветрана, ад гонкага росту. Узышоў ячмень. Удалечыні працуюць бульбасаджалкі, ужо ўзнімаюць пыл. Не пашкодзіў бы i дожджык, незацяжны, кароткі i дружны, майскі. Але падумалася, што дождж можа сапсаваць урачыстасць. Аднак жа i на вяселлі дажджу радуюцца: на шчасце, на багацце. А багацце — гэта ўраджай. Аднак хто цяпер думае пра ўраджай? Але там, куды яны едуць, думаюць. Любіў ён людзей, якія працуюць на зямлі. Таго ж Пустахода, упартага чорта, якога, бывала, не ўламаць, калі што не так, як яму хочацца, хіба на бюро райкома пераконвалі. Цікава, як ён будзе паводзіць сябе, калі яны парадняцца? Нічога. З разумным чалавекам заўсёды можна знайсці агульную мову.

Пасля пералеска зноў пацягнуліся прасторы поля — як вокам кінуць. Асушаныя тарфянікі. Пад шматгадовымі травамі. «Мой малочны палігон» — называе яго тутэйшы старшыня Пятро Бацюта, выхаванец Пустахода. З гэтым вучнем цяжэй, чым з настаўнікам. Залішне шырока разумев перабудову i дэмакратыю. Гэтаму не загадаеш завесці на мясакамбінат лішнюю галаву, каб выцягнуць раённы план. Эканаміст i законнік. Грабе пад сябе. Але i Бацюту ён любіць: нямнога такіх гаспадароў, асабліва маладых. Гэта добра разумев Сінякоў, робіць стаўку на Бацюту, падтрымлівае нават экстрэмізм яго, але рашэнні праводзіць па-старому i лоўка ўзвальвае ix на яго, сівога каня. Хітруны маладыя! Дыпламаты!

Дзіўна, што жаніх не спяшаецца — павольна вядзе картэж першая машына, у якой Глеб, Барыс, дружкі. Не прывык старшыня так разважна ездзіць, заўсёды падганялі справы i час, якога не хапала. A між іншым добра, што можна палюбавацца полем i вясной. Ці любуюцца хоць маладыя? Няхай бы напоўніліся рамантыкай, паэзіяй. Сыны яго. Ці засталася яна, паэзія, у ix душах пасля таго, як адзін панюхаў пораху i пабачыў кроў, a другі без малага два гады сядзіць на атамным рэактары? Як здарылася, што ён ніколі не пагаварыў з імі на гэтую тэму? Ладна, Барыс… калі яго бачыць? А Глеб жа штотыдзень прыязджае дадому. Усё тыя ж праклятыя справы не пакідаюць часу ні на сардэчныя размовы з жонкай, ні на філасофскія размовы з сынамі.

«Робаты мы».

На краі сяла ix сустрэла Тамара. Спыніла картэж.

— Выкуп маеце?

— Каму плаціць? Табе? Ух ты, прыватніца! — смяяўся Барыс.

— Не мне. Там перагарадзілі вуліцу… хлопцы i дзяўчаты.

— Выкупімся.

— Чым? Грошамі? Грошы нікому не трэба.

— У вас што — камунізм?

— Віно трэба. I цукеркі. Не дадумалася я. I нашы не сказалі.

Тамара дастала з «жыгулёнка» з украінскім нумарам вялікую торбу з віном i гарэлкай.

— Во, майце. Што б вы рабілі без мяне!

— Без цябе мы нулі.

У завулку, дзе дом старшыні, тоўпіліся людзі, май жа, уся рабочая сіла сяла, бо стаялі хлопцы, дзяўчаты, маладзіцы i старыя жанчыны. Пасярод вуліцы — стол, засланы белым абрусам. Пыльчанка не мог падкаціць на машыне да гэтай жывой загарадзі. Загадаў шаферу спыніцца воддаль. «Жыгулі» прашмыгнулі за «Волгай», у якой жаніх пад’ехаў да людзей.

Зайгралі два ці тры баяны. Воклічы. Смех. Натоўп абкружыў машьшы. I Уладзімір Паўлавіч не бачыў, як ішла «купля — продаж» нявесты. Цікаўнасць яго не знікла, хацелася пабачыць, як гэта адбываецца. Але ж… пасада i мінулагодняя пастанова. Яны вымусілі адлучыцца ад урачыстасці, адысці ў бок ад народа. Разумеў, што раздражняцца не да месца. Можаш не ўдзельнічаць, але паводзь сябе па-бацькоўску. Аднак усё роўна настроіўся супраць свата: наладзіў спектакль у рабочы час, калі ідзе сяўба! Ведаў, што жанчынам няма яшчэ чаго ў гюлі рабіць, даволі трактарыстаў i анератараў сеялак. Але псіхалогія кіраўніка — заразная рэч, i на вяселлі сына на першьш плане думкі пра сяўбу. Не, хітраваў сам з сабой. Не ў сяўбе справа, не за сяўбу ім з Пустаходам могуць запісаць — за традыцыю. Ад гэтага было брыдка, мацнела раздражнёнасць.