Выбрать главу

Павольна паўз хаты i платы наблізіўся да натоўпу. Там усталяваліся ўжо адносны парадак i цішыня. Людзі адступілі ад стала, утварыўшы жураўліны клін. На стале стаяла батарэя пляшак, выходзіць, не толькі з тае торбы, якую перадала жаніху Тамара. Гэта яшчэ больш настроіла супраць Пустахода.

«Ох, нарываецца Іван на вымову».

Глеб з дружкамі па рэжысуры Тамары частавалі людзей віном i гарэлкай. Дасціпныя маладзіцы яўна рабілі «скаромныя» пажаданні, бо выбухнуў смех.

На шчасце, на Пыльчанку не звярнулі ўвагі, хоць ведалі многія, выкупу не патрабавалі — далікатныя людзі, i ён непрыкметна мінуў небяспечную зону. З Іванам сутыкнуўся тварам у твар. Нават не пазнаў свата. Новая генерацыя старшынь — багатыя людзі, інтэлігенты. На рабоце адзетыя па-рознаму, але на пленумы, сесіі, нарады прыязджаюць, што тыя дыпламаты — у дарагіх касцюмах, у модных сарочках, імпартных гальштуках. Адзін Пустаход нязменна іграў мужычка, нават тады, калі ехаў у Гомель ці Мінск. Клятчастая байкавая кашуля, пакамечаны пінжачок, зімою — у валёнках з галёшамі, вясной i ўвосень — у ботах. Былы першы неаднойчы прабіраў яго за гэта: «Кулак ты, Іван Іванавіч». — «Я ў балотах жыву». — «Якія балоты! У цябе асфальт праложаны, а ты ў дзедаўскіх галёшах у райком ездзіш. Пасаромейся людзей».

А тут паўстаў перад Пыльчанкам элегантны мужчына. Высокі, па-маладому стройны (хоць увогуле Пустаход сутуліўся), адзеты ў цёмна-шэры, вельмі ладна падагнаны касцюм, шэры з чырвонымі палоскамі — у тон касцюму — гальштук. Нават галава змянілася — добра прычэсаныя чорныя валасы з сівізной на скронях; мабыць, раней ён не стрыгся ў добрых цырульнях, а тут пастрыгся ў Гомелі ці ў Мазыры. А вусы нафарбаваў, ці што, — не такія пракураныя, як звычайна. Пустахода часта пыталі: «Іван, як табе ўдаецца не сівець? На такой рабоце! I пры тваім цыганскім абліччы».

Пастараўся Пустаход прыхарошыць сябе да вяселля дачкі! Адчувае ўрачыстасць! А ён, Пыльчанка, у штодзённым касцюме, няхай сабе i нядрэнным, але ж есць лепшы, аднак прынцыпова адмовіуся надзець яго, хоць Вольга i настойвала.

— А я падумаў, цябе Бацюта перахапіў, што не відаць нідзе.

— Баяўся выкуп плаціць. Аднак арганізаваў ты вадапой, я табе скажу. Вадзічку святую з Прыпяці браў? Сяло сабраў.

— А ты засеў, як камандуючы, у тылавым акопе i назіраеш ход аперацыі.

— Нагоніць нам Сіняк сінякоў.

Пустаход бліснуў цыганскімі вачамі.

— Уладзімір Паўлавіч! Каго ты баішся? Гаўно твой Сіняк перад такімі зубрамі, як мы з табой.

— Сівы ты зубр, a выстаўляешся, як п’яны заяц. Сёння ты смелы, а на бюро штаны будуць трэсціся.

Пустаход засмяяўся.

— Будуць. Але… не бойся!..

— Мае становішча зразумей. Мяне пацягнуць вышэй… на бюро абкома.

— Уладзімір Паўлавіч! Я ж цябе ведаю смелым чалавекам.

— Не забывайся пра кампанію. Я баюся кампаній. Па шапцы я атрымоўваў, як правіла, у час кампаній. Некалі, малады i гарачы, я выступіў супраць круглых кароўнікаў. Недурны быў чалавек першы, а картачку мне запэцкаў. «За што, Іван Мацвеевіч?» — «За непавагу начальства. Любі, Валодзя, начальства». Гумарыст быў твой цёзка.

— Цяпер наадварот: ідзе прыстрэлка па началь ству. I яно забіраецца ў бліндажы.

— Вось туды, у «бліндаж», i пойдзе сігнальчык пра твой вадапой. Не думай, сігнальшчыкі i ў цябе ёсць.

— Ды ёсць.

— Што там у цябе на чарзе па сцэнарыі?

— Не бойся. Царкоўнага абраду не будзе. Паабедаем — i ў дарогу. Маглі, між іншым, i ў сельсавеце загіісацца. Тут ты праўду кажаш: лішні шум нам з табой без патрэбы.

— Я згодзен быў на любы варыянт, ты знаеш. Але Ірына i яе саюзніца Вольга…

— СаюзЦц у яе многа. Любяць мае бабы пашумець. Лізу выдавалі — тыдзень гулялі. Ад таго, ка жуць, i сям’я добрая. A ўрэшце — чаму i не пагуляць?

Народ мудры: умеў працаваць, умеў i святкаваць. Якія вяселлі былі!

Моладзь яшчэ шумела каля стала. Заліваліся баяны. Нейкая маладуха сыпала жартаўлівыя час тушкі. Але сталыя людзі разыходзіліся: спектакль завяршаўся. Сваякі ці запрошаныя заходзілі ў Пустаходаў двор.