— Не, лепш дам гапака. А то яшчэ i мяне прымусіш піва варыць.
Ліза весела засмяялася.
— Во не дадумалася! Трэба было вас на востраў паслаць… А то мае тартыйцы пабаяліся. Сама грэлася каля цяпельца.
— Гнала?
— Дык спажыўсаюз ваш… колькі выдзеліў? Слёзы. Па кроплі на горла. A ў гэтыя жлукты трэба па вядру.
— Пасаджу я цябе сутак на пятнаццаць.
— Не пасадзіце. Надоі ўпадуць.
Застаўся ў двары з паважнымі старымі сваякамі, незнаёмымі, пэўна, з-за Прыпяці, з Украіны, калі меркаваць па ix вымаўленні.
Двор Пустаходаў здзівіў. Не бачыў раней, каб у звычайным сялянскім двары, дзе трымаюць каровы i свінні, молена было навесці такі парадак. Дарожкі пасыпаны жоўтым рачным пяском, вільготным. Палівалі, ці што? Сцяна хаты між акон, ганак упрыгожаны вярбой i бярозай з ружавата-зялёнымі лісточкамі. Як на сёмуху. I пахла незвычайна. Чым? Немагчыма вызначыць. Чысцінёй. Вясной. Святам. Юнацтвам. Але, далёкім, забытым юнацтвам. Пах такі ажно ўсхваляваў. Пажартаваў Пустаходу:
— Адэкалонам ты не пырскаў тут? Смачна пахне.
— Гэта з кухні.
Можа, i з кухні. Але ў яго двары так не пахне, хоць чысценькі дворык заўсёды, гарадскі, курачка хіба суседская заглядвае ды галубы. A ўрачыстасці Hiякай. Можа, цяпер толькі зразумеў жончыны перажыванні, турботы i сваю эгаістычнасць. Яна, нябога, тыдзень мыла i прыбірала. Адна. А ён кпіў. А дарэмна. Толькі тут сцяміў: свята — гэта яшчэ i парадак вось такі, i пахі — не смажаным, а нечым асаблівым, невызначальным, ад чаго п’янееш, як у вінным склепе.
Пустаход, між іншым, сказаў:
— Сёння паабедаем у маёй хаце. A заўтра гуляць будзем у Лізінай. Прасторы больш. A калі будзе такі дзень, то на беразе рэчкі сталы паставім. Гуляць дык гуляць.
— Купецкія ў цябе замашкі, Іван.
— А каго мне баяцца? Я з калгаса куранятка не ўзяў. Усё сваё, сваім трудом вырашчана.
— А цябе скупярдзяем лічаць.
— А гэта i добра, што так лічаць.
Адкрываўся Пустаход новымі гранямі. Не толькі ён адзін — уся сям’я, працоўная, дружная. Радавала сваяцтва з такой сям’ёй. Але разам з тым нешта i трывожыла. Мабыць, незадаволенасць сабою, сваім стаўленнем да вяселля, як бы не заўсёды сур’ёзным, начальніцкім, ці што. Паглядзеў на Пустаходаў, хоць i вяселле яшчэ, па-сутнасці, не пачалося, i захацелася шмат што паправіць дома. Як там спраўляецца нябога Вольга? Мудрая яна! Не так блізка, як ён, знаёмая з сям’ёй нявесты, але адразу адчула, як яны адносяцца да замуства дачкі i сястры i якое вяселле хочуць i здольны наладзіць.
Адшумела моладзь, адстукала абцасамі на асфальце. Сціхлі баяны. У двор выйшла Марыя Пятроўна ў святочным плацці, да гэтага многа разоў снавала паміж хатай i адрынай у рабочым фартуху. I зноў да мужа:
— Запрашай, Ваня, гасцей.
— А не Ірыне гэта трэба зрабіць?
— Не, не Ірыне. Табе, бацька, — высунулася з адчыненага акна ўсюдыісная таўстуха Ліза. — Ірыну мы схавалі.
Сапраўды, Ірыны нідзе не было відаць. I застолле праходзіла без нявесты.
Уладзімір Паўлавіч не ведаў гэтых традыцый. Мясцовыя, ці што? Палескія? Бачыў у дзяцінстве, у маладосці вясковыя вяселлі, але, здаецца, нявесту нідзе не хавалі. Хоць які этап вяселля ён бачыў? Пэўна, пасля загса. А тут жаніха i яго дружкоў, бацьку частуюць да «вянчання». Логіка тут ёсць: абедаюць госці нявесты. Набілася ix поўная хата, нямала прыезджых — Ірыніны сябры з Мінска, Тамарыны — з Гомеля, сваякі з навакольных вёсак, з блізкіх i далёкіх гарадоў. Клан Пустаходаў магутны.
Жаніха яўна збянтэжыла, што нявесты няма за сталом. Хоць яму, здаецца, растлумачыла Тамара — шаптала на вуха.
Уладзіміру Паўлавічу падабалася Ірына, яе самаўпэўненасць, незалежнасць, i не падабаўся ўласны сын. Разгублены нейкі. Праўда, Глеб ніколі не вызначаўся незалежнасцю — такой, як у яго, бацькі, як у Барыса. Глеб — у маці з яе заўсёднымі сумненнямі, аглядкамі на людзей — што тыя скажуць.
«Будзе ў жонкі пад пятой, — непрыязна падумаў Уладзімір Паўлавіч пра сына. — Ужо без яе не можа».
Але кранала іншае: адарваны ад нявесты, Глеб прыліп да брата, не адступаў ні на крок, глядзеў на Барыса ўлюбёна, як, напэўна, глядзеў бы на Ірыну.
Глеб не піў. Барыс прымушаў яго:
— Ды выпі ты чарку. Для смеласці. А то пабаішся нявесту пацалаваць.
Тамара, што сядзела за бакавым сталом, па-мацярынску пагразіла Глебу пальцам:
— Я яму вып’ю!
Насмяшыла гасцей.
— Во камусьці дастанецца піла. У такой не вып’еш.