«Народ! Забылі, у які час жывём? З работы за хацелі вылецець? Ды вы… бог з вамі, каб аднаму вам знеслі галаву. Райком падведзяце… Лепшага старшыню калгаса выб’еце нам з сядла. А Глеб ваш не промах».
Пыльчанку перахапіла дыханне. Ад абурэння. Якое хамства! У чым Глеб не прамахнуўся? Вы ходзіць, падбіраў багатую нявесту? Такая сакратарова думка пра яго сына бадай абразіла.
I Пыльчанка секануў фамільярна:
«Лічы, Пятро Міхайлавіч, што Глебу нявесту я выбіраў. Мядок Пустаходаў мне падабаецца».
Сакратар засоп у трубку — навучыўся разумець падтэксты ў Пыльчанкавых словах, часта нібыта i далёкія ад тэмы дыялога. Збавіў ход: «Справа гаспа дарская. Мая задача — папярэдзіць».
«Добра. Будзем піць дома, за зачыненымі дзвяра мі», — зноў жа, як кажуць, па вачах: мог Сінякоў выпіць, грэшныя абодва, але ён, Пыльчанка, любіў пагуляць адкрыта, а Пятро Міхайлавіч i да антыалкагольнага закону рабіў гэта пад коўдрай. Але гэта, мабыць, не дайшло. Сінякоў добразычліва засмяяўся ў трубку.
«Раю яшчэ адно. Не рабі шуму на Першамай».
«Чаму?» — ужо зусім шчыра здзівіўся Уладзімір Паўлавіч.
«Моладзь не зачыніш. А дом ваш на бойкім месцы Людзі дэманстраваць будуць, а савецкая ўлада гарэлку п’е, гуляе».
«Не гулянка гэта, а вяселле. Народная традыцыя. Якой не адна тысяча гадоў. А што да людзей, то, калі мы сядзем за стол, яны таксама будуць за сталамі. I даю вам слова, што піць будуць не райспажыўсаюзаўскі квас, хоць мы i забаронім перадсвяточны продаж. Вось тут… у сувязі з нашай мудрай пастановай… вы маеце рацыю: мне i маім гасцям лепш выпіць да свята».
Вось так i пераносілі вяселле — усё бліжэй i бліжэй. На радасць маладым.
Магчыма, гэта i ўзбунтавала Уладзіміра Паўлавіча — што ён усім уступаў. Але калі яшчэ i з-за Барыса трэба ламаць парадак… Барыс ламаў хаду падзей усё жыццё. Любімчык яго, першынец, з малых гадоў «выкідваў конікі» i нямала папсаваў нерваў i маці i яму.
Два гады назад выкінуў «каронны нумар» — папрасіўся ў Афганістан. За год, пакуль ён лятаў на баявыя аперацыі, маці пастарэла на дваццаць гадоў — не спала, не ела.
Вярнуўся з ордэнам. Прыехаў на пабыўку — узбунтаваў усю моладзь райцэнтра, ён, бацька, радуючыся пабыўцы сына, жыў ca страхам, як бы старшы лейтэнант не ўліп у авантуру. Кажуць, дзіця такі зрабіў адной вароне. Але замнога матак стараліся, каб ажаніць яго са сваімі дочкамі, таму, мабыць, i не знайшлося той, разумнай, якая ўгаманіла б яго. Усе дурніцы — для Барыса. Яго легкадумнае, зняважлівае стаўленне да дзяўчат вельмі засмучала маці.
Зусім іншы характар у Глеба. Пяць гадоў назад, калі толькі ён прыехаў сюды, сын-студэнт напрасіўся паездзіць з ім па раёне, паглядзець, як жывуць палешукі. Абедалі ў старшыні калгаса Пустахода, на пасецы, на беразе Прыпяці. За гаспадыню была дачка Івана Іванавіча, студэнтка медінстытута. I вось: ён вучыўся ў Кіеве, яна — у Мінску, сустракаліся тут на канікулах, па святах. Шэсць гадоў вернасці. Не па-сучаснаму. Чаго добрага, такія ідэалісты сапраўды маглі чакаць шлюбнай ночы. Вольга ў захапленні ад такой вернасці. А ён, грэшны, каб даведаўся, што сын такі нявіннік, напэўна, перастаў бы паважаць яш. Яму больш імпануе гуляка Барыс, па вачах анёл, а па спрыту разбойнік.
Сам быў такім, Вольга i цяпер часам шпіляе за яго даўнія-даўнія грахі.
Уладзімір Паўлавіч усміхнуўся гэтым думкам i ўспамійам, яны развесялілі яго, такімі вось думкамі можна выраўняць свой настрой.
Уласна кажучы, чаму ён так заводзіцца? Утаймуйся, Валодзя! Але… нялёгка зразумець настрой іншых людзей, няпроста, выходзіць, растлумачыць прычыны i свайго ўласнага настрою. Раздражнёнасць, нават такую — беспрычынную, скіраваную на чужых i блізкіх, ён яшчэ можа зразумець, нешта падобнае здаралася i раней. А вось адкуль такая трывога? Здаецца, радавацца ды радавацца трэба. Дык не ж. Хіба не радасць жаніцьба Глеба, прылёт з Закаўказзя Барыса? Нават вясна павінна настройваць на радасць. Тыдзень стаіць не красавіцкая — чэрвеньская пагода. Спякота ўдзень, цяплынь уначы. Стань паглядзі — i ўбачыш, як расце трава, распускаюцца дрэвы. Учора яшчэ на каштанах былі набрынялыя карычневыя пупышкі, а сёння вунь проста на вачах выстрэльваюцца зялёна-ружовыя лісточкі — ажно вочы слепяць.
Уладзімір Паўлавіч стаяў перад адчыненым акном, глядзеў на каштаны, якія праз дзень-два кронамі заслоняць плошчу, зацямняць кабінет так, што ў хмарныя дні прыходзіцца ўключаць святло. Ix чысцілі, падразалі, але каштан — не таполя, грунтоўнай абрэзкі не любіць, старшыня забараніў абкарнаць ix так, як таполі на другім баку плошчы — адны ствалы тырчэлі, як пасля бамбёжкі. Безумоўна, хутка выганіць маладыя парасткі, разрастуцца зялёныя шары, але цяпер на такія дрэвы глядзець непрыемна, не памагаюць яны выраўнівацца настрою. Іншая справа каштаны, яшчэ большая любасць — чаромха. Глядзеў уніз з другога паверха і… пераконваў сябе, што бачыць, як растуць пяшчотныя лісткі. Такое ўгляданне ў дрэвы i кусты, разважаені пра адвечныя цуды прыроды на нейкі час адцягвалі думкі ад клопатаў сямейных, рабочых, нават пераставала брыдка смактаць сэрца незразумелая трывога. Красуй, прырода, красуй, радуй людзей! Радуйся i ты, Уладзімір Паўлавіч! Жэніцца сын! Сёння. Каб ён быў звычайны чалавек, дык варта было б памагчы жонцы. Але ён дзяляга, чыноўнік, бюракрат, а не чалавек. Вольга пакрыўдзілася за пазаўчарашнюю размову, таму i не папрасіла ніякай дапамогі ад яго. Хатняй. Можа, ад таго i на душы пагана. Праўда, ён патурбаваўся, каб памагчы ёй. Заказаў закусь ў рэстаране. Пазваніў Пустаходу, папрасіў прыслаць адну с нявесціных сясцёр памагчы Вользе Андрэеўне.