Выбрать главу

«У цябе там гаспадынь хоць адбаўляй, a ў жаніха — адна маці. Хацеў кухара паслаць — адмовілася».

Сват адгукнуўся на просьбу з разумением. Але, разважыўшы, Уладзімір Паўлавіч падумаў, што наўрад ці ўхваліць Вольга яго ініцыятыву, напэўна, не ў традыцыі гэта — прасіць такой дапамогі ў бацькоў нявесты, заклікаць на падрыхтоўку вяселля кагосьці з ix боку, тым больш сястру нявесты.

«Трэба пазваніць Вользе, каб не ўздумала адаслаць назад дзяўчыну. Жаночыя дзеянні немагчыма прадбачыць. Пакрыўдзяцца Пустаходы».

Трэба. Але чамусьці не хацелася званіць, i гэта таксама раздражняла i выбівала з душэўнай раўнавагі.

Увайшла сакратарка, паклала на стол пошту i гэтак жа нячутна выйшла — ні крокаў, ні скрыпу дзвярэй. Нават гэта раздражняла. Раней Ліда хадзіла ў чаравічках на высокіх абцасіках, i яму падабаўся стук яе абцасікаў, ні ў каго з супрацоўніц такіх не было — што музыка, ён пазнаваў яе крокі далека на лесвіцы, у калідоры. I раптам Ліда перайшла на нейкія вельмі ж мяккія басаножкі. Ён не адразу ўгадаў прычыну, пакуль не сказала яго намесніца Кацярына Панасаўна, што Ліда цяжарная.

Ён здзівіўся ca сваёй нездагадлівасці, пакпіў з гэтай нагоды ў прысутнасці Вольгі: «Моцна ж я пастарэў, калі не дапяў сваёй сівой галавой да такога адкрыцця». I на другі ж дзень сказаў дваццацігадовай сакратарцы — Лідзія Сяргееўна, збянтэжыўшы маладзічку.

А цяпер нядобразычліва падумаў:

«Бегае, што мыш».

I наконт дзвярэй — сам упікнуў гаспадарніка, што яны «спяваюць». Падначаленыя пастараліся, каб дзверы сталі абсалютна бясшумнымі. Зноў, выходзіць, блага: ніякага скрыпу. Добра, што з вуліцы — гама гукаў. Празвінеў у недалёкай школе званок, хлынуў лівень дзіцячых галасоў, смеху. I толькі гэта пацешыла. Падумаў: «У такія незвычайна цёплыя дні — у поле б ix, у лес, дзяцей». Прыгадаў, як прагульваў урокі сам i як часта гэта рабіў Барыс. Во сарвігалава! Здзівіўся, калі сын пайшоў у ваеннае вучылішча i прыжыўся там. Праўда, калі вярнуўся з Афганістана i прыехаў на тыдзень дадому, то насцярожыў i спалохаў нават бацьку, здалося, што ў ім як бы нешта зламалася. Весялосць яго стала нейкай нервовай і, можа, нават цынічнай. Хацеў пацешыць сына рыбалкай, але хутка ўбачыў, што былы зацяты рыбак сумуе. Расчараваў. Справы раёна лётчыка мала цікавілі. I ўвогуле палітыка. Адны жанчыны цікавілі. Гэта шакіравала маці. Як ёй хацелася, каб Барыс ажаніўся! Праціўніца зводніцтва, яна ператварылася ў сваху, сама знаёміла сына то з адной, то з другой дзяўчынай. Наіўная жанчына. За дзесяць дзён, якія былі адпушчаны Барысу на пабыўку, i ў наш час нялёгка ажаніцца. Ды i што б гэта быў за саюз? Мусіў нават «цыкнуць» на жонку:

«Ты знаёміш, а ён, зладзюга, ламае ім жыццё. Пасаромейся, праведніца!»

Радаваў Глеб — сваім пастаянствам. З урокаў не ўцякаў, дзяўчат не мяняў. I любоў яго да прыроды, як, напэўна, i да Ірыны, расла, мацнела. У маленстве, у юнацтве рыбачыў, як усе яны, Пыльчанкі, але без асаблівага імпэту, стрымана, а потым стаў паступова запятым рыбаком, прафесіяналам, прафесарам. Можа, таму пасля інстытута i папрасіўся сюды — у Прыпяць i на Прыпяць. Не, сюды дамогся накіравання з-за Ірыны i з-за маці — каб бьщь бліжэй да дому. Вось i напярэдадні вяселля недзе рыбачыць са сваімі сябрамі-атамшчыкамі. Хоць якая рыбалка па такой вадзе! Рака яшчэ не ўвайшла ў берагі. Рыба гуляе на лугах.

Думы мае, думы, ліха мне з вамі! Што гэта вы так апанавалі сёння? А трэба пазваніць Сабаленку: чаму ўчора, па зводцы, у яго знізіўся надой? Хоць — каму гэта трэба? Інерцыя. Гаворым столькі слоў аб гаспадарчай самастойнасці, аб разліку, а апякаем па дробязях. Сабаленку, як i іншым старшыням, дырэктарам, малако гэтае i мяса спаць не дае, а мы ix падганяем, тузаем. Недарэчна тое, што, першы, безумоўна, даўно пазваніў сам, а можа, i з’ездзіў ужо, бо любіць ранішнія вылазкі — каб ніхто не спаў i каб дакорам было ўсім іншым: я, маўляў, паўраёна аб’ездзіў, а вы седзіце. Аднак усё роўна спытае: а што там у Сабаленкі? I паспрабуй не адказаць — станеш нядбайным вучнем строгага настаўніка. Сказаць, можа, нічога i не скажа, але што падумае — вядома. I гэта абражала Уладзіміра Паўлавіча — што пра яго думае Сінякоў. Па логіцы, па розуму, усё павінна быць наадварот: Пятро павінен быць яго вучнем — i па ўзросту, i па вопыту. Добра, што ў яго хапае вытрымкі i ён даўно навучыўся гонар свой i ўсё іншыя пачуцці заціскаць у кулак. Кукіш у кішэні — непрыгожы жэст, але ён памагае абараніцца ад начальства вясёлай іроніяй.