Выбрать главу
Да іх прымераны Сякеры, Але ў прыродзе — Дабру, Даверу насцеж дзверы, Як на ўваходзінах!
Хатынь!.. Твае нябёсы выцвілі... Як рэха стрэлу — ветру пошчак. Я не затым прыйшоў, каб выціснуць Слязу На вогнішча.
Я ніцма ўпаў на поле мёртвае, На попел поля — Пад залатую, пад чацвёртую Бярозу болю.

РУЖА ВЯТРОЎ

Размова з аўтаінспектарам
Трава ў нізінах скошана марозам. Звініць на ўзлобках Слуцкая шаша. Кідаў дарэмна ў неба я пагрозы, Гайдаў зямлю, З крывёю змешваў слёзы: I кроў, і слёзы — як вада з каша... Нічога не спасціг пыхлівы розум, Апроч таго, што ведала душа, Што помніла — I помніць не хацела...
Такой бяды! Вайну душы і цела Пачаў не я — Не я і завяршу... Я толькі свістам губы прыкушу, Праскочыўшы пагорак зледзянелы, Дзе між таполяў, збегшых на шашу, Хіснецца далеч, бы ў акне прыцэла...
Шуміць шаша! Шыпяць шыпамі шыны... Мы ў хуткасць урастаем пакрысе, Мы гонім па сустрэчнай паласе, Мы самі — хуткасць, Самі ўжо — машыны!..
Які пастух жалезны нас пасе?..
Равуць маторы! Не спыніцца ў гонцы, Ні зблізку не разгледзець, ні здаля —
Хто спрынтэры і хто тут марафонцы... Хутчэй, хутчэй! — хоць паліва на донцы. Сама пад колы Коціцца Зямля.
Зямля, зямля, дзіцячых сноў калыска... Спакойна сплю начамі ўсё радзей. Былое — блізка. Будучае — блізка. Ярчэй гараць агні ля абеліскаў. Адна ў людзей надзея: на людзей.
Выпадак нас цікуе на дарозе. Націснуць на адлігу маразы, Неспадзявана здрадзяць тармазы — I ты Злачынец... Ці спачнеш у бозе На непатрэбнай хуткай дапамозе.
Замглёны шлях злачынцаў і ахвяр... Выпадак — і аслепне дзесь радар, I праз выпадак — атамнае пекла... Ёсць блакіроўка... Ёсць аўтаінспектар, Але і ён выпадку не ўладар.
Вось ён спыняе. Дастаю правы I крочу — хістка, як ступіў на кладку... Я з ім ніжэй вады цішэй травы, Плачу рубель даглядчыку парадку, Ды не ідзе ўсё думка з галавы: Што даць, чым адкупіцца ад выпадку?
Дзесь карабель... Ля кнопкі трое там... А раптам звар'яцеюць тыя трое, Націснуць кнопку... Не ўявіць такое?.. Слабыя людзі I сляпая зброя, Выпадак — і...
— Правы вяртаю вам.
— Інспектар, уявіце карабель. — Што? — Карабель. Там каля кнопкі трое... — Ніхто ў вас не пытаецца пра тое! Вазьміце лепш квіток на свой рубель — I раю шкло прачысціць ветравое. Найпершы знак — перасцярогі знак. Вы зразумелі? — Так, інспектар, так. Аднак былі выпадкі? — Там былі. — Інспектар, Скрозь выпадак на рабоце: Матросам ён плыве на караблі, Пілотам ён ляціць на самалёце.
Яму і назвы ёсць: «ФАНТОМ». «МІРАЖ». Не называлі зброю так спрадвеку... Інспектар, на планеце зараз аж Тры тоны смерці... Тры На Чалавека.
У бомбах — гэта сотні Хірасім I Нагасакі... Што там Хірасіма! — Тут лік ідзе на сотні Еўрасім! Вы чулі, што Еўропу Еўрасімай Назвалі сёння... — Мог назваць вар'ят. — Вар'яты разлічылі варыянт Маленькай бойні... свойскай, ціхай бойні: 500 000 000 чалавечых страт! — Уся Еўропа... — I налічаць болей, Ім не шкада... Але не ў гэтым страх, Не ў процьме процьмаў бомбаў вадародных, А ў тым, што ў спісе страт неверагодных Мы — толькі лічбы, Толькі знакі страт, Што недзе на дысплеях На касцёр Не людзі ахвяруюцца — працэнты...
— Хто ж там сядзіць На вылічальных цэнтрах? — Не ведаю... Але былы акцёр У фільмах жахаў — ролю прэзідэнта Цяпер іграе... Вызначае шлях, Якім ісці планеце, А іначай Пакажуць нам кіно, чарцям сабачым!.. Ды фільмы жахаў — выдуманы жах. Сапраўдных Жахаў там ніхто не бачыў.