— А як з выпадкам?
— Рызыка, вядома...
Ракетаносцы скрозь...
Ракетадромы...
На сушы зброя...
Зброя пад вадой...
Чорт ведае, што з неба можа ўпасці...
— I што тады ўратуе?
— Толькі шчасце..
Выпадак і ўратуе нас с табой.
— Ты дыялектык, дружа мой Тарасе.
Бывай
Па часе...
Коціцца па трасе
Жалезнаю ракой імклівы век.
Трашчыць лядок. Пазёмка нізам кружыць.
Я еду ў Слуцк. Вязу на свята ружы.
Там нарадзіўся новы чалавек.
Ён сын маіх сяброў.
Ён мой сучаснік:
Адно ў нас неба. I зямля адна,—
Сучаснік мой,
Бо ў часе нас, на шчасце,
Не раздзяліла
Ні адна вайна.
Яе віхуры нас не раскідалі...
Ён вочы ўзняў на свет у першы раз —
Што ўбачыць ён?..
Што будзе з ім, Тарас?..
Між ім і намі — пакалення далеч.
Яму — пытацца, нам — трымаць адказ.
МАЛАНКА
Аповесць пра каханне
Прайшла віхура. Грому ляскат
Аціх... I ў хату ад акна
Ружовы шар з блакітным бляскам
Паплыў...
«Яна! Няўжо яна?..»
Нібыта сэрца пульсавала
У тым клубку, у шары тым,
Як быццам болем шар сціскала,
Як быццам радасць распірала...
«Няўжо яна?..»
Ён быў пустым,
Той шар,
Клубок той... Ён свяціўся
Наскрозь — і ўсё-ткі ў глыбіні
Спрадвечны змрок у ім клубіўся...
«Я помню ўсё! На ўсё забыўся —
I памяць спалена ў агні,
Маланка!
Асцярожна, людзі!..»
I явай сон той быў ці не —
Яна ўвайшла ў мяне праз грудзі
I разарвалася ўва мне.
...Быў сон, які Маланкай звалі.
Ці гэта яву звалі так?..
Была яна.
Быў Ай-Кайлак,
Дзе несуцешна білі хвалі
У сцены гулкія пячор...
Мы выбралі адну —
Касцёр
Там распалілі, скарб свой склалі —
I жыць там пачалі...
Мы зналі,
Што гэта ўсё — забава, я?арт,
Гульня свавольная, блазнота,
Што не ўцячы ад адзіноты —
I не знайсці яе...
На жар
Мы клалі мяса, палівалі
Віном...
Там ліўся вадаспад
З пітвом вясёлым, рос там сад,
Дзе вольныя звяры гулялі,
I птушкі вольныя спявалі,
I віўся дзікі вінаград...
Там шмат гадоў таму назад —
Жыццё назад і смерць назад! —
Адно адное мы кахалі.
Кахалі мы... О немач слоў!
О гукі гэтыя пустыя!
Каханне, шчасце, страсць, любоў...—
Навала слоў!
І ўсе — не тыя,
Усе — як сатанінскі грыб,
Што мае толькі назву грыба...
Нямыя мы. Нямей ад рыб.
А можа, мы і праўда рыбы,
Якія мацерцы Вадзе
Сэнс вечнасці ахвяравалі...
Маланка берагам ідзе,
Сляды яе цалуюць хвалі,
З плячэй яе, з грудзей, з клубоў
Святло — тугое, залатое —
Сцякае...
Шчасце, страсць, любоў! —
Любое слова тут не тое,
Калі за ёй ляцяць стрыжы,
Плывуць, гукаючы, дэльфіны...
— Гамер! Што бачыш ты, скажы?..
«Па беразе ідзе жанчына».
Паэзія! Твой бог — сляпы!
Сляпыя служкі ўсе! Нямыя!..
Стаяць блакітныя слупы
Там, дзе Маланка косы мые.
Яна пакуль на той мяжы,
Дзе ўжо не суша, шчэ не мора...
— Гамер, што бачыш ты, скажы?
«Мяжу! — гукнулася прастора,—
Мяжу, якой не бачыш ты
Між выдыхам і рэхам слова...»
— Гамер!..
Дэльфіны на хвасты
Усталі ў варце ганаровай
Каля яе... Нібы ў мальбе,
Прыбой аб скалы б'ецца з гулам...
Што словы тут!.. Яна іх чула!..
«Іх рэха вернецца к табе».