Выбрать главу
I голас голасу азваўся: — Чакай! Пакуль што не стае Адной умовы: ён не кляўся. Маланкі голас!.. Скуль?.. З нябёс? З адвечнасці?.. У цемру ўрос Я слыхам, зрокам і дыханнем: — Каму я клятву не прынёс?!. — Таму, што ты завеш каханнем.
— Апамятайся! Хто ж кідаў Да ног тваіх за клятвай клятву, Калі не я?.. — Вось шоўк і дратва У двух клубках. Іх лёс спрадаў.
Клубок шаўковы быў гарачы, А драцвяны — што ледзяны.
— Але навошта мне яны? — Што-небудзь бачыш ты? — Не бачу. — Тады адзін з клубкоў — на ўдачу — Кідай у морак — і клубок, Калі ўгадаеш, спаліць змрок. — А не ўгадаю?.. — З цемрай вобдым Ты ў нрорву паляціш без дна, Бо клятвы ўсе твае — мана!
I я шпурнуў клубкі абодва! I засвяцілася яна.
— Маланка!.. — Тайна шаравая... Праменіцца, усім відна, А хто яна ці што яна — Ніхто не ведае, не знае. Так і каханне... апякае, Катуе, хмеліць, як віно, А хто яно ці што яно — Ніхто не ведае, не знае. I толькі я — адна на ўсёй, На ўсёй зямлі,— хай пакарае Мяне за гэта лёс, — я знаю: Яно — маланка шаравая. Кляніся мне. Кляніся ёй. — Клянуся!
...I адкрыўся зорны Сусвет над намі: вечны змрок Круціў зярняты зор, бы ў жорнах...
— Чакайце...— дух шапнуў пячорны.—
Тут ёсць яшчэ адзін клубок.
...— Ты спіш?.. Як хораша на ранку! — Я бачыў страшны сон, Маланка: Я кінуў разам два клубкі! — Ой-ёй, жахлівы сон які! — Не смейся... Значыць, ты паганка З душой агню, жывеш вякі, I ты павінна ў навальніцу Вянчацца?.. — Так, каб зняць праклён: Я — варажбітка, чараўніца... — Які ўсё ж дзіўны быў той сон!..
— I мне быў сон!.. Ды на Купалу, Не сёння... Быццам я скакала Цераз агонь, а той агонь Нібыта не агонь, а конь — Падняў мяне, узвіў... Прапала! — Паспела я падумаць... Нёс Мяне той конь сярод нябёс, Між бліскавіц, грамоў, аблокаў, Між зорак, сонцаў і планет, I там, дзе скончыўся сусвет, Спыніўся на мяжы са змрокам, Адкуль — з Нічога, з Небыцця! — Пачуўся голас, як з-пад века: — Кім хоча быць маё дзіця — Маланкаю ці чалавекам? — Кім быць хачу?.. А хто я ёсць? Нашто мне — Роспач, Радасць, Злосць?.. Куды і скуль мой шлях?.. Каб ведаць! — Вось шлях табе,— азваўся змрок.— Вось след табе. Ідзі па следу, Не саступай ні кроку ўбок...
I ўпаў Пад ногі мне Клубок.
— Клубок?! — Клубок агню: сціскала Яго, як болем, пульсавала У ім жывая кроў жыцця, I я — на голас Небыцця — За ім ступіла — і прапала.
— Прапала? Як?.. — А так: не стала Мяне нідзе. Ні ў чым. Ні ў кім. Я стала небыццём самім, Але і ў небыцці — і ў ім Я не была. Не існавала.
— Не разумею. — Зразумець Такое нельга. Гата — смерць.
— Смерць бліскавіцьі? — Смерць людзей. — Выходзіць, і душа сканае?.. На што ж надзею мець? — З надзей Адна надзея ёсць... — Якая? — Любоў, маланка шаравая, Любоў: ад нашага ярма — Ад страху перад апраметнай Збавенне... Сэнс жыцця і мэта, I шлях, і след яго... Праз гэта Яна — маланка; I сама Маланкай стала я праз гэта, Там, за мяжой быцця Сусвету, Дзе пават небыцця няма. I нас праз гэта павянчаць Павінен лёс у навальніцу, Каб нам прад небам клятву даць: А паклянёмся мы кахаць Так, як кахаюць бліскавіцы! Кахаць адну і аднаго... I бацьку мы гукнём майго: Хай неба Грозна скаланецца, I зрушыцца зямля — і з трун Падыме ўсіх, каго Пярун Пракляў, Каму спаліў ён сэрцы Маланкамі, а тайну тых Схаваў у таямніцы смерці, У спратах, вечных для жывых.
Так! — за мільёнамі мільён — Устануць дзеці ўсіх плямён, Усе, хто гэты час здавён Чакаў, як час выратавання!.. I сцішыць грознае дыханне Пярун... Ён здыме свой праклён! I для людзей адкрые ён Маланак тайну — дар кахання.